Вы тут

Чаму падаюць краны?


Аналіз аварый, няшчасных выпадкаў і інцыдэнтаў, звязаных з эксплуатацыяй грузапад'ёмных кранаў, выявіў вельмі цікавую заканамернасць. Большасць няштатных сітуацый звязана з арганізацыйнымі момантамі. Напрыклад, кранаўшчык ці стропальшчык па нейкіх прычынах не выйшаў на працу. Аднак замяніць яго кімсьці трэба.

І на замену адпраўляецца супрацоўнік, які не мае належнай кваліфікацыі, хоць пры гэтым ён мае поўнае права адмовіцца. А што ж далей? Прыгадваецца знакамітае выслоўе — «хацеў зрабіць як лепш, а атрымалася як заўсёды». У нашым выпадку — там не зрэагаваў, тут не націснуў патрэбную кнопку або не замацаваў груз належным чынам... А ўрэшце гісторыя заканчваецца ў лепшым выпадку істотнымі фінансавымі стратамі ад пашкоджанага грузу ці крана, у горшым — траўмамі ці нават смерцю.


Сезон падаючых кранаў

Летась гэты сумны рэестр адкрыў Мазыр. На будоўлі на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода цяжкія траўмы атрымаў мантажнік будаўнічых канструкцый філіяла БМУ «Белэнергамантаж» РУП «Белэнергабуд». З дапамогай самаходнага крана з паўпрычэпа аўтамабіля выгружалі стос металічных лістоў. Мантажнік прадпрыемства не меў кваліфікацыі стропальшчыка. Разам з тым ён усё ж узяўся за маніпуляцыі з грузам.

А пасля таго, як яго ўсё ж замацаваў стропамі, застаўся ў кузаве аўтамабіля. Кран пачаў узнімаць груз, і чалавека пачало прыціскаць да борта машыны. Інстынктыўна ён зрабіў спробу адвесці ад сябе смертаносны цяжар. Выцягнуў правую руку наперад і... атрымаў траўму.

Самае рэзананснае здарэнне з пад'ёмнай тэхнікай адбылося летась у Мінску ў канцы верасня. У мікрараёне Грушаўка, дзе старэнькія хаткі актыўна ідуць пад знос, кран абрынуўся на будоўлі чарговай шматпавярхоўкі. Упаў ён вельмі няўдала: цяжкія траўмы атрымаў машыніст, а страла крана моцна пашкодзіла прыватны жылы дом. І здарылася гэта якраз напярэдадні надыходу халадоў. Дом аператыўна адрамантавалі, а падзенне крана пачалі расследаваць.

10 ліпеня трагедыя здарылася на Бабруйскім машынабудаўнічым заводзе. Абарваўся грузавы канат механізма дадатковага пад'ёму маставога крана. Крукавая падвеска не вытрымала цяжару і разам з грузам шухнула ўніз. У выніку траўму атрымаў абрубшчык прадпрыемства.

Падчас праверкі абставін здарэння выявіўся цэлы букет грубых парушэнняў пры эксплуатацыі грузапад'ёмнага крана. Па-першае, работы праводзіліся, калі ў небяспечнай зоне знаходзіліся людзі. Па-другое, калі кран абслугоўвае нейкія зоны, якія не відаць з кабіны машыніста, то паміж ім і стропальшчыкам мусіць быць наладжана тэлефонная або радыёсувязь. Калі і гэта арганізаваць з нейкіх прычын не ўдаецца, то павінен быць прызначаны спецыяльны сігнальшчык, які і будзе каардынаваць работу стропальшчыка і кранаўшчыка. Аднак і гэта не было зроблена. Не былі распрацаваны і схемы бяспечнай страпоўкі грузаў. Пры гэтым яны перамяшчаліся без дазволу і тым больш без прысутнасці асобы, адказнай за бяспечнае правядзенне работ кранам. Спецыялісты Дзяржпрамнагляду выявілі таксама, што на прадпрыемстве падчас працы маставых кранаў наогул не ўжываецца марачная сістэма.

Што гэта такое? Каб не атрымалася так, што механізм запусціў супрацоўнік, які не дапушчаны па тэхніцы бяспекі да кіравання альбо абслугоўвання пэўных кранаў, на кожны такі агрэгат на прадпрыемстве мусіць быць выраблены ключ-марка. Звычайна гэта невялічкая металічная пласціна, якая падвешваецца да ключа ад механічнай блакіроўкі рубільніка крана і на якой пазначаны назва прадпрыемства, рэквізіты цэха і крана, а таксама яго грузапад'ёмнасць.

Прычына — у халатнасці...

Нядбайна адносяцца да сваёй працы і некаторыя спецыялісты, якія адказваюць за падтрыманне грузапад'ёмных кранаў у працоўным стане і бяспечныя ўмовы іх эксплуатацыі. Здараецца так, што яны прызначаюць для работ на гэтых механізмах супрацоўнікаў, якія неабходную кваліфікацыю як бы маюць, але... Чамусьці не заўжды ўвага звяртаецца на тое, што варта не толькі добра кіраваць кранам, але і грунтоўна разбірацца ў пытаннях прамысловай бяспекі. Гэта значыць, перыядычна праходзіць інструктажы.

Адказныя асобы не заўжды пільна сочаць за тым, каб нават кваліфікаваныя машыністы і стропальшчыкі строга прытрымліваліся тэхналагічнага рэгламенту працы. Яны спадзяюцца на шматгадовы вопыт супрацоўнікаў, які не дазволіць дапусціць няшчаснага выпадку. А гэтае ўяўленне падманлівае. Тыя ж машыністы могуць заплюшчваць вочы на некаторыя парушэнні рэгламенту працы, якія ім здаюцца нязначнымі, а вытворчы працэс паскараюць. З кабіны крана ўсё не разгледзіш, ды і тэхніку вокамгненна спыніць таксама немагчыма.

Аднак няўдалая арганізацыя працы не з'яўляецца догмай, праз якую на прадпрыемствах людзі атрымліваюць траўмы ці нават гінуць. Спецыялісты Дзяржпрам-
нагляду прыгадваюць выпадкі, калі прычынай надзвычайных здарэнняў станавілася наўмыснае вывядзенне з эксплуатацыі ўстройстваў бяспекі грузапад'ёмных кранаў і вельмі дрэнны тэхнічны стан агрэгатаў.

За адзін крок ад трагедыі спыніліся падзеі ў мінулым сакавіку на вытворчым аб'екце Ельскага леспрамгаса. Піламатэрыялы грузілі ў чыгуначны паўвагон вежавым кранам, які быў зроблены яшчэ... у 1986 годзе. Натуральна, што нарматыўны тэрмін службы гэты агрэгат адпрацаваў даўным-даўно. У металічных канструкцыях, механізмах і зварных злучэннях крана з'явіліся трэшчыны, ад электрычнага сілкавання былі адключаны некаторыя тармазы. Разам з тым галоўны інжынер прадпрыемства частковы тэхнічны агляд крана правёў фармальна. І выдаў дазвол на яго далейшую эксплуатацыю. А скончылася гэта падзеннем стралы крана акурат на паўвагон.

Што рабіць?

Летась на беларускіх прадпрыемствах пры эксплуатацыі кранаў адбылося 5 надзвычайных здарэнняў, падчас якіх людзі атрымалі цяжкія траўмы. За гэтай лічбай хаваюцца доўгае знаходжанне ў бальніцы, працяглы перыяд рэабілітацыі, у горшым раскладзе — паламаныя лёсы работнікаў...

— Мы прапануем абавязаць кіраўнікоў падведамасных прадпрыемстваў расказваць у працоўных калектывах аб абставінах і прычынах здарэнняў, да якіх мелі дачыненні грузапад'ёмныя краны, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляду Марына Фядотава. — Амаль усе надзвычайныя здарэнні, якія адбываюцца з гэтымі агрэгатамі, адбыліся з прычыны памылковых дзеянняў машыністаў і стропальшчыкаў. Таму мы прапануем правесці пазапланавыя інструктажы з гэтымі супрацоўнікамі. Падчас іх неабходна сканцэнтраваць увагу на забаронах, якія змешчаны ў інструкцыі. Будзем дабівацца таго, каб праекты правядзення работ і іншыя тэхналагічныя рэгламенты, якія ўстанаўліваюць патрабаванні бяспекі, няўхільна выконваліся адпаведнымі супрацоўнікамі. Акрамя таго, мы настойваем на тым, каб з боку кіраўнікоў кантроль за тэхнічным станам грузапад'ёмных кранаў узмацніўся.

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не стой пад стралой

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.