Вы тут

Аглядная вежа адкрылася пасля рэстаўрацыі ў Гомелі


Яна знаходзіцца ў паўднёвай частцы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, недалёка ад памяшкання Зімовага саду. Гэтыя два будынкі звязвае агульная гісторыя, якая бярэ пачатак яшчэ з сярэдзіны XІX стагоддзя.


З 1840 года будынак Зімовага саду служыў адным з наземных карпусоў цукровага завода ўладальніка гомельскага маёнтка Івана Фёдаравіча Паскевіча. У падземным памяшканні вытворчага корпуса знаходзілася кацельня, якая давала паравую энергію машынам. Для адводу прадуктаў гарэння і стварэння цягі для топкі на высокім беразе ракі Сож была ўзведзена высокая цагляная выцяжная труба.

Па жаданні новага ўладальніка гомельскага маёнтка Фёдара Іванавіча Паскевіча вытворчасць салодкага прадукту перайшла ў Добруш. А ў пачатку 1880-х гадоў пабудовы цукровага завода былі часткова пераабсталяваныя. Іх прыстасавалі для патрэб парка (гэтую ж функцыю яны выконваюць і сёння). У наземным вытворчым корпусе размясцілася аранжарэя — «Зімовы сад». Выцяжная труба пасля рэканструкцыі стала выкарыстоўвацца як вежа агляду.

Вежа выконвала ролю паркавага аб'екта і за савецкім часам. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак пацярпеў ад абстрэлаў. Сляды аскепкаў і куль відаць на ёй і сёння.

У паваенны час агляднай вежай карысталіся аж да пачатку 2000-х гадоў. Але з-за аварыйнасці лесвічных пралётаў у 2007 годзе яна была зачынена на рэстаўрацыю. Падчас рамонтных работ замянілі металічныя канструкцыі, часткова ўмацавалі і рэстаўравалі цагляны мур, правялі электрычнасць. Разам з назіральнай пляцоўкай і шпілем вышыня агляднай вежы дасягае 40 метраў.

Ахвотным палюбавацца на Гомель з вышыні птушынага палёту трэба заплаціць усяго 15 тысяч рублёў. Уваходны квіток з біноклем каштуе 50 тысяч рублёў.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: З відам на Гомель

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.