Вы тут

Нематэрыяльныя каштоўнасці Глыбоччыны


На гістарычным факультэце БДУ вядзецца праца па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў двух нематэрыяльных элементаў нацыянальнай культуры. Як патлумачылі ў прэс-службе ўніверсітэта, гаворка ідзе пра страву «Капыткі» і народны абрад «Варваркі», якія захаваліся ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Вывучэннем нацыянальных традыцый і арганізацыяй экспертных ацэнак займаецца аспірант кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва Дзяніс Філіпчык.


«Капыткі» даволі рэдкая страва ў меню беларуса ў параўнанні з традыцыйнымі «бабкай», «клёцкамі», «дранікамі». З'явіўся гэты від бульбяной стравы ў другой палове XІX стагоддзя і сёння аднесены да лакальных страў.

У наш час прыгатаванне капыткоў зафіксавана не ў кожным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне Беларусі. Да таго ж існуюць рэгіянальныя асаблівасці рэцэптурнага складу, падачы і ўжывання гэтай стравы. Так, у Глыбоцкім раёне яе аснову складае маса, прыгатаваная з адваранай і астуджанай бульбы. У гісторыка-этнаграфічным рэгіёне Заходняе Палессе (Кобрынскі раён) таксама існуе такая страва, але тут яе гатуюць з сырой надзёртай бульбы.

— Нягледзячы на аднолькавую назву «капыткі», кожны рэгіён мае свой унікальны спосаб іх прыгатавання. У Глыбоцкім раёне страва «капыткі» захавалася, і рэцэпт яе прыгатавання перадаецца з пакалення ў пакаленне, — канстатуе Дзяніс Філіпчык.

Абрад «Варваркі» таксама можна лічыць унікальным, паколькі ён захаваўся толькі ў Віцебскай вобласці. У прыватнасці, гэты абрад «жывы» ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна, а раней ён быў характэрны для ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі. Праводзіцца абрад для прадухілення якой-небудзь бяды, якая пагражае ўсёй вёсцы. Людзі з яго дапамогай змагаліся з эпідэміяй, пажарамі, неўраджаем, градам, засухай...

Галоўная сіла абраду заключалася ў аб'яднанні людзей. Вяскоўцы, якія жадалі перамагчы бяду, збіраліся ў самым вялікім доме, прыносілі з сабой усё неабходнае для ткацтва і пачыналі працу па вырабе намёткі — вялікага адрэзу тканіны. Галоўнае было — вырабіць палатно за пэўны перыяд (за дзень, ноч або суткі). Затым палатно абносілі вакол вёскі, пад ім праходзілі людзі, праганялі жывёлу, і пасля гэтага яго прыносілі ў ахвяру вышэйшым сілам (праз спальванне, завязванне на дрэве), а ў больш позні час — адносілі ў царкву або касцёл.

— Навукоўцы да нядаўняга часу лічылі, што апошні раз абрад актыўна практыкаваўся падчас Вялікай Айчыннай вайны, а сёння ён ужо цалкам знік. Аднак высветлілася, што абрад захаваўся і актыўна практыкуецца ў Глыбоцкім раёне, — тлумачыць Дзяніс Філіпчык.

Зараз праца па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс двух нематэрыяльных элементаў нацыянальнай культуры знаходзіцца на стадыі навуковага даследавання. У бліжэйшы час плануецца арганізаваць экспедыцыю ў рэгіён з удзелам спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута культуры Беларусі.

Глыбоччына — унікальны рэгіён, дзе пад аховай дзяржавы сёння знаходзяцца чатыры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.