Вы тут

Кастрычніцкая місія літаратурных часопісаў


Прапануем правесці восеньскі вечар у кампаніі Жоржа Сіменона ці Алега Ждана, Людмілы Рублеўскай ці Яўгеніі Янішчыц.

У кастрычніку робіцца актуальным змаганне з асенняй хандрой. Дзейсны сродак у гэтай барацьбе — натхняльная, жыццесцвярджальная і настраёвая літаратура! Таму на часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман» і «Бярозка» ўскладаецца асаблівая місія: ратаваць вас, шаноўныя чытачы, ад шэрасці, панурасці і насмарку. Паглядзім, ці справяцца яны.

28-12

Што ж прапануе кастрычніцкае «Полымя»? Па-першае, заканчэнне «Авантураў Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» Людмілы Рублеўскай. Такім чынам, свет пабачыла яшчэ адна гісторыя пра неверагодныя прыгоды спадара Вырвіча. Атрымлівайце задавальненне!

У змаганні з восеньскай хандрой, безумоўна, дапаможа падборка вершаў Анатоля Зэкава «Відушчая душа», а вершы Яўгена Гарадніцкага ахінуць душу светлай настальгіяй.

Знойдзецца што пачытаць і аматарам прозы. Апавяданне Васіля Макарэвіча «Бяроза» — рэч, безумоўна, вартая вашай увагі, як і эсэ Міколы Чарняўскага «На скрыжаваннях памяці, альбо Прыгоды, але не цымбал, а паэмы».

У рубрыцы «Галасы свету» — вершы татарскага паэта-франтавіка Закі Нуры. Цікава, што Вялікую Айчынную вайну ён сустрэў у Беларусі і вёў тут актыўную партызанскую дзейнасць. Таму Беларусь назаўжды засталася ў сэрцы Закі Шарафутдзінавіча. Можа, менавіта таму яго вершы так хораша гучаць па-беларуску... Дарэчы, ніжэй вы знойдзеце інтэрв'ю з перакладчыкам твораў Закі Нуры Міколам Мятліцкім.

Сур'ёзным літаратуразнаўцам «Полымя» прапануе шэраг навуковых публікацый: Валерый Максімовіч разважае пра нацыянальную мастацкую традыцыю як дзейсны сродак забеспячэння гуманітарнай бяспекі грамадства, а Лада Алейнік піша пра ролю сям'і ў сацыялізацыі дзіцяці на прыкладзе аповесці А. Федарэнкі «Ціша».

Аматарам выяўленчага мастацтва будзе цікава прачытаць інтэрв'ю з мастаком, аўтарам «сонечных, святланосных» карцін Леанідам Шчамялёвым.

Алесь Марціновіч прапануе змястоўны артыкул «Цмок, русалка і шмат што іншае», дзе распавядаецца пра азёрную Лепельшчыну. Спадабаецца аматарам фальклору, краязнаўства і таямніц, якія хаваюць азёрныя глыбіні нашай Бацькаўшчыны...

28-11

На вокладцы 10-га нумара «Маладосці» — усмешлівая і пяшчотная Яўгенія Янішчыц, ураджэнка Піншчыны. Чаму менавіта яна? Таму што па традыцыі 10-ты нумар «Маладосць» часткова прысвячае Брэстчыне, а Яўгенія Іосіфаўна — яе галоўны літаратурны сімвал.

Увогуле, гэты нумар «Маладосці», на наш погляд, атрымаўся проста шыкоўны. І найперш дзякуючы змешчанай у ім прозе. Першае, што вы прачытаеце, — апавяданні Вадзіма Крука. «Адэлька і сонца» — дазволіць зірнуць на свет вачыма маленькага дзіцяці, а «Разварот» нагадае пра крохкасць чалавечага жыцця.

Асобнае слова хочацца сказаць пра аповесць Кацярыны Мядзведзевай «Чараўнік для Дэйсі Мэй». Гэты твор адразу зацягвае чытача ў казачны свет, з якога не хочацца выходзіць. Дзякуючы майстэрству пісьменніцы дакладна ўяўляеш апісаныя ў творы рэаліі, адчуваеш прадметы на дотык, пах... Твор напісаны з мяккім гумарам, чытаецца на адным дыханні. Асабліва рэкамендуецца дзяўчатам, не ўпэўненым у сабе і сваёй прыгажосці.

Для тых, хто стаміўся ад абсурду рэчаіснасці, Алена Беланожка прапануе з яе ад душы пасмяяцца. У нумары шукайце яе апавяданні «Сцяг перамогі» і «Кветкі для зоркі». Гарантуем вельмі якасную смехатэрапію!

Са сталых майстроў слова ў нумары прадстаўлены Валерый Гапееў. Яго гісторыя-прыпавесць «Пра мару, хлопчыка і стрэмку» прымусіць задумацца, ці варта імкнуцца да чагосьці вялікага і быць верным сваёй мары.

Паэты 10-га нумара — цудоўныя Аляксандра Фагот, Настасся Нарэйка, Наталля Кандрашук. Асенні настрой падтрымае паэтычная падборка вершаў розных аўтараў пад назвай «Прычынай, мусіць, гэта восень».

Рабіць кастрычніцкі нумар трошкі міжнародным ужо стала традыцыяй. У гасцях выдання зноў польскія майстры мастацкага слова. Пераклады іх твораў — на старонках нумара. Прывядзём тут невялічкі прыклад — верш Вольгі Лаліч-Кравіцкай з цікавай назвай «Мужыкі не ўмеюць грукаць у дзверы»:

а калі грукаеш то грукай як мужык

не ўваходзь як пясчанка

я павінна мець час каб настроіцца

на глынанне цярпення замест малака

на з'ядзенне самой сябе

замест паўнавартаснага сняданку

(пераклад Арцёма Кавалеўскага).

Польскі бок падзяліўся з «Маладосцю» таксама некаторымі публіцыстычнымі матэрыяламі. Сярод іх — інтэрв'ю з галоўным рэдактарам часопіса Podlaskі Kwartalnіk Кulturalny, артыкул супрацоўніцы Брэсцкай абласной бібліятэкі Валянціны Гарбачэўскай пра пінскага майстра-каменшчыка Рыгора Ясінскага.

У працяг польскай тэмы Арцём Кавалеўскі паразважае пра творчасць рэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага.

Паліна Лісоўская раскажа пра «нетэатральны тэатр», а менавіта пра спробу беларускіх тэатралаў вынесці спектакль за межы сцэны, у іншую прастору: у Музей МУС, ва ўнутраны дворык Цэнтра сучасных мастацтваў, у інтэрнэт-клуб... Цікава, што з гэтага атрымалася, ці не так?

Шэраг матэрыялаў прадставілі таксама бібліятэкі Берасцейшчыны. З іх вы даведаецеся, напрыклад, якія наміткі носяць кабеты ў Маларыце, якія перспектывы працы бачаць перад сабой супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі...

Цікавыя рэчы распавядаюць і брэсцкія гісторыкі. Студэнт Юры Уласюк падзеліцца ведамі пра берасцейскі замак, а сталы даследчык Анатоль Гладышчук, якому праца на кафедры фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта не замінае сур'ёзна цікавіцца гісторыяй, распавядзе пра «рэдкія і дзівосныя знаходкі», здабытыя падчас раскопак у Берасці.

28-10

«Нёман» пачынаецца з тэатра. Аповесць «Нарачанская чайка» прысвечана Марыі Захарэвіч. Стаць бліжэй да народнай артысткі, увайсці ў яе сям'ю, пражыць жыццё яе і блізкіх людзей дапаможа Уладзімір Ліпскі. Твор цалкам можна назваць і дакументальным, нібы само шчодрае на падзеі мінулае стагоддзе праз сведак раскрывае сябе. Не забываецца на сябе і сам Уладзімір Ліпскі: хто ж, як не ён, мае права распавядаць гэтую гісторыю?

Сталасцю і пераасэнсаваннем жыцця дыхаюць вершы Міхася Пазнякова. Там і ўспаміны з дзяцінства і маладосці, і жыццёвыя парады, і дыдактычныя моманты — усё, чаго не хапае для дажджлівага восеньскага вечара. Працягвае тэму старасці ў сваіх апавяданнях і Алег Ждан. Яго творы — вось што патрэбна, каб настроіць сябе на лад філасофскіх разважанняў пра хуткаплыннасць жыцця і непазбежнасць смерці. А пра што ж яшчэ думаць такім надвор'ем? Але найвышэйшы пункт настрою «memento morі» — у паэзіі Андрэя Скарынкіна. З гэтага шэрагу твораў безумоўна вылучаецца апавяданне-дэбют «Аптыміст» Сяргея Крукава. Выключна жыццесцвярджальны твор пра тое, што нават калі ўсё здаецца безнадзейным, але «бачу сваю цень, а значыць, на мяне яшчэ свеціць сонца, і гэта ўжо добра». Аўтара раздзела «Сусветная літаратура» ў «Нёмане» няма неабходнасці рэкламаваць. Гэта Жорж Сіменон, стваральнік славутага вобраза камісара Мегрэ. Але не ён будзе героем рамана «Чалавек з мянушкай Мыш», а яго памочнік, старшы інспектар Люка. І справа, зразумела, складаная і заблытаная. Падрабязней — у «Нёмане».

Містыкай касмічнага свету прасякнуты артыкул Таццяны Шамякінай «Зямля ў арэале таямніц». Зямля — разумная істота, якая ўсведамляе існаванне на ёй жыцця і змагаецца з ім. Жывыя камяні, паходжанне чалавека, гіганты, карлікі і духі... Як тут не паверыць у нешта вялікае, значнае, сілу, у параўнанні з якой чалавек — дробязь.

«Культурны свет» у «Нёмане» прадстаўляе Аксана Волкава, оперная спявачка, заслужаная артыстка Беларусі, прызнаная ў многіх краінах свету. Пра агульнае і асабістае, пра сцэну і рэальнасць распавяла яна ў вялікім інтэрв'ю Зіновію Прыгодзічу.

28-13

А вось часопіс «Бярозка» абраў гераіняй кастрычніцкага нумара Вікторыю Мянанаву, старшыню Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Знешне сур'ёзная і мэтанакіраваная, яна падзялілася сваімі марамі, сакрэтамі і страхамі, распавяла пра сям'ю, задавальненні і... коней. Зацікавіліся? Шукайце «Гісторыю поспеху».

Рубрыка «Табе навука» распавядзе цікавыя факты з гісторыі праграмавання: як на памер кампакт-дыска паўплывала 9-я сімфонія Бетховена, якую сусветнавядомую гульню стварыў савецкі інжынер, якое дачыненне мае велікоднае яйка да камп'ютарных гульняў і яшчэ шмат незвычайнага і невядомага. Для тых, каго творчасць цікавіць больш, чым навука, чарговы занятак у сваёй КінаШколе правядзе Андрэй Палупанаў, а аматараў гісторыі ў рубрыцы «Незапыленае» чакае Музей гісторыі беларускага кіно.

Цікавую размову карэспандэнтам «Бярозкі» на гэты раз удалося падслухаць у настаўніцкай мінскай школы № 210. Настаўнікі абмяркоўвалі... свае дзіцячыя свавольствы! Як яны збягалі з урокаў, аб'яўлялі байкоты, класічна падкладалі кнопкі аднакласнікам, чытайце ў «Настаўніцкай на праслушцы». Ну і, вядома, проза, паэзія аматараў літаратуры з усіх школ Беларусі — у «Верасках» і «Заяўцы на Парнас».

Тамара Мінютка

maladost@zvіazda.by

Кацярына Захарэвіч

bjarozka@zvіazda.b

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.