Вы тут

Палацык для шпакоў


Надзея Парчук. Венерын чаравічак.  Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2015. 112 с.

Без имени-1

Пісаць вершы для дзяцей— складана ці проста? Як навучыцца размаўляць на мове, зразумелай маленькім чытачам, а пры гэтым яшчэ і рыфмаваць радкі? Як знайсці тэму і герояў, якія не надакучаць непаседлівым дзеткам ужо з першых строф? Ці трэба ў кожны з твораў, на кожную старонку кнігі ўводзіць «выхаваўчы момант» і чамусьці вучыць?

А можа, лепш не задавацца гэтымі пытаннямі, а ўсміхнуцца, паглядзець у акно, дзе свеціць цёплае сонейка, ды пачаць прыгадваць уласнае дзяцінства, успамінаць здарэнні, што адбыліся з вамі, сваякамі і знаёмымі? Думаецца, менавіта так і рабіла берасцейская паэтка Надзея Парчук, калі працавала над сваёй новай кнігай, што мае светлую назву «Венерын чаравічак». Цёплая ўсмешка аўтаркі бачыцца за кожным вершам, яе шчырым клопатам пранізаны кожны радок, а выдатныя ілюстрацыі Святланы Рыжыкавай дапамагаюць перанесціся ў свет дзяцінства. Разам з паэткай і яе героямі мы баімся злоснага пеўня, ходзім у лес у грыбы, радуемся надыходу вясны і чакаем прылёту птушак. Мы рыхтуемся да дня нараджэння, выбіраем падарункі і гатуем торт, катаемся зімою з горкі і засынаем пад ласкавую калыханку матулі.

Структурна кніга складзена так, што яе распачынаюць вершы пра вясну і прылёт птушак, затым у творах гучаць матывы чакання радаснага і вясёлага лета. Але надыходзіць жніво, прырода паступова рыхтуецца да зімовага сну, а потым— час зімовых забаў. Фактычна кульмінацыяй выдання становіцца менавіта «летняя» частка кнігі— столькі запамінальных падзей адбываецца з героямі ўлетку! Столькі выдатных прыгод яны перажываюць разам з бабулямі-дзядулямі, у гасцях у якіх бавяць час! Менавіта ў гэтую частку ўвайшла амаль вострасюжэтная вершаваная казка «Прыгоды дзеда Васіля ў лесе»— яркі і адметны твор. Гэтая казка распавядае гісторыю пра тое, як добразычлівы дзядуля выправіўся ў лес, але, апроч поўнага кошыка лісічак, рыжыкаў і груздоў, прынёс дадому мноства ўспамінаў пра сустрэчы з насельнікамі лесу, а таксама ў шапцы— на радасць сваякам— жывога зайца. Дзед Васіль пабачыў у лесе вожыка, які адразу ж перамог дзядулю, скруціўшыся ў калючы клубок; спаткаў вавёрку і нават падзяліўся з ёй грыбамі; выратаваў зайца ад сабакі, але самай вялікай нечаканасцю стала сустрэча з цэлай сям'ёй дзікоў. А вось тут можна заўважыць той самы «выхаваўчы момант»: праз учынкі дзеда Васіля аўтарка між радкоў падказвае, як трэба сябе паводзіць, сустрэўшыся з рознымі звярамі. Так, вожыка лепш не чапаць, вавёрку— не палохаць, а пабачыўшы дзікоў, трэба схавацца і не варушыцца, асабліва калі перад вамі дзічыха з парасятамі.

Думаецца, кніга «Венерын чаравічак» Надзеі Парчук мае ўсе шанцы стаць любімым выданнем выхавальнікаў дзіцячых садкоў і настаўнікаў пачатковых класаў. Хоць у анатацыі яно адрасуецца навучэнцам малодшай школы, зборнік смела можна чытаць і з дашкалятамі, а вершаў і казак хопіць на мноства святочных ранішнікаў. Тут ёсць вершы пра Новы год, дзень нараджэння, поры года, пра розных жывёл, птушак і пра расліны. Напрыклад, вершаваная казка «Венерын чаравічак» дапаможа патлумачыць, чаму дзьмухавец з залацістага ператвараецца ў белы, а потым зусім «лысее»; падкажа, як расказаць, што месяц можа плаваць па вадзе, а знічкі— ператварацца ў кветкі.

Упэўнена, што і маленькія чытачы пасябруюць з героямі вершаў Надзеі Парчук: Алінкай, якая збірае маліны ў кошык, Ромкам, які святкуе дзень нараджэння, добрым казачнікам дзедам Яраславам, які ведае так шмат гісторый, што пра іх не напісана ў кніжках. Запомняцца малым і многія жывёлы, пра якіх ідзе гаворка ў кнізе; яны даведаюцца таксама, што птушкі адлятаюць у вырай, а вясною зноў вяртаюцца, для шпакоў трэба майстраваць шпакоўні— гэта для іх як палац. Адметна, што паэтка не павучае, не маралізуе, але распавядае цікавыя гісторыі з цеплынёй і ўсмешкай. Так, чытанне становіцца не спосабам навучання, а вясёлай забавай для дзетак, шляхам знаёмства з вялікім светам, у якім мы жывём.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.