Вы тут

Збіранне кітайскага святла


Мінская кнігарня "Кніжны салон" прадставіла серыю кніг Выдавецкага дома "Звязда" — "Светлыя знакі: паэты Кітая".

На імпрэзе сышліся розныя плыні мастацтва кніжнай справы. Добрыя словы гучалі ў адрас ілюстратара Анатоля Званарова. Ён спрычыніўся і да агульнага афармлення праекта, і да кожнай кнігі серыі паасобку. А кніг ужо выйшла чатыры: зборнікі Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна. Шмат гаварылася пра ролю рэдактара — ім была Вольга Аляксеева (яна ж — і адзін з укладальнікаў серыі). Дарэчы, і кароткія, лаканічныя пасляслоўі ў зборніках належаць таксама пяру Вольгі Аляксеевай. Сваімі развагамі на вечарыне падзяліліся паэты Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец. Яны разам з Міколам Мятліцкім, Рагнедам Малахоўскім — перакладчыкі кітайскіх паэтаў.

IMG_7307

Невыпадковымі ў фарміраванні прасторы беларуска-кітайскага літаратурнага пабрацімства падаліся выступленні літаратуразнаўцаў — выкладчыка БДУ кандыдата філалагічных навук Міхася Кенькі і рэдактара аддзела паэзіі часопіса "Полымя" Юліі Алейчанкі. Відавочна, што прастора перакладаў кітайскай літаратуры на беларускую мову шматкроць пашырыцца і далей. Вось, напрыклад, Юлія Алейчанка ўдзельнічае ў калектыўнай рабоце над беларускім пераўвасабленнем унікальнага партрэта кітайскай нацыі "Кітайцы: мая краіна і мой народ". Мяркуецца, што кніга пабачыць свет сёлета ў Выдавецкім доме "Звязда".

IMG_7369

Цікавую тэму закрануў Міхась Кенька. Ён узгадаў вартасці ранейшай работы над перакладамі літаратуры Паднябеснай. А гэтым толькі ў паэзіі займаліся Уладзімір Дубоўка, Мікола Аўрамчык, Сяргей Дзяргай, Нэля Тулупава, Рыгор Барадулін... Магчыма, гэты напамін падштурхне да стварэння рэтраспектыўнай анталогіі кітайскай паэзіі на беларускай мове. У дадатак да ўжо існуючай аўтарскай — "Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая" (усе творы перакладзены Міколам Мятліцкім). А ў кнігах серыі "Светлыя знакі" прадстаўлены і пераклады народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна з яго кнігі "Гуканне паэзіі з Усходу".

IMG_7268

І хаця ад Беларусі да Кітая — тысячы кіламетраў, у "Кніжным салоне", лічыце, увачавідкі прысутнічала і сама кітайская прастора. Арганізатары, гаспадары імпрэзы разгарнулі выстаўку рэпрадукцый партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, зробленых легендарным сябрам славянскіх літаратур, паэтам і каліграфам Гао Манам. Праз выявы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Адамовіча, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, Івана Мележа ён перадаў у Беларусь сваё шчырае прывітанне.

IMG_7258

Збіранне кітайскай паэзіі ў Беларусі доўжыцца. "Расчыніце насцеж вокны, / Адчыніце вашы дзверы, — / Хай загляну, хай пранікну / Ў вашы цесныя пакоі... / Кветак ранішніх букеты прынясу вам, / Водар стоенага лесу прынясу вам, / Прынясу вам рос сцюдзёных — чуйце свежасць..." (Ай Цін, паэт, чый першы зборнік вершаў пабачыў свет у 1936 годзе, прайшоўшы праз многія выпрабаванні, пражыў доўгае жыццё. І зараз лёс яго працягваецца. Цяпер яшчэ — і ў беларускіх пераўвасабленнях).

IMG_7289

У многім серыя "Светлыя знакі" з'явілася і дзякуючы міжнароднаму рэдакцыйнаму савету серыі. Беларускі бок у ім прадстаўляюць Лілія Ананіч, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Вольга Аляксеева, Таццяна Сівец. З іншых мастацкіх і нацыянальных прастораў — Гао Ман (Кітай), Чынгіз Алі аглу (Азербайджан).

IMG_7282IMG_7240IMG_7374IMG_7427IMG_7239IMG_7221

Павел АЛЬСОВЫ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.