Вы тут

Гісторыя з выкраданнем


Кіраўніка буйнога прадзюсарскага цэнтра трымаюць у трохузроўневым падземным бункеры. Багаты бізнесмен фінансуе стварэнне праграмы, якая можа знішчыць свет. Знікае чамадан з пяццю мільёнамі еўра. Стварэнне кліпа пераўтвараецца ў небяспечную авантуру, здольную знішчыць жыццё некалькіх чалавек... Чытач можа здзівіцца: 

то ж сапраўдны блокбастэр! Якое дачыненне маюць гэтыя факты да беларускай літаратуры? Ды самае непасрэднае! Гэта толькі асобныя моманты сюжэта аповесці магілёўскай пісьменніцы Алёны Беланожкі «Чамадан з кракадзілавай скуры».

5-24

Як вы ўжо здагадаліся, першым пунктам у пераліку станоўчых якасцей твора я назаву незвычайнасць яго сюжэта і нетыповасць дзеючых асоб. Аліна, галоўная гераіня аповесці, — кіраўнік прадзюсарскага цэнтра. Мілая жанчына з мужчынскім характарам. Усё ў яе жыцці мусіць падпарадкоўвацца цвярозаму разліку, дзелавой выгадзе і адбывацца строга па плане. Адносіны — толькі з прыгожым маладзёнам, з якім не сорамна паказацца на публіцы. Машына — толькі самая дарагая і хуткая. Праца — толькі прыбытковая, якасная і незвычайная. Падначаленыя Аліну паважаюць, цэняць, а больш за ўсё — баяцца. Зразумела, што перад намі — з аднаго боку тыповая «жалезная лэдзі-дырэктар», пра якіх часта здымаюць галівудскія фільмы і якія трапляюць на старонкі жаночых раманаў. Але з іншага боку, Аліна — зусім не тыповая гераіня. Такой яе робіць менавіта кантэкст беларускай аповесці. Вы шмат прыгадаеце твораў нашай літаратуры пра прадзюсараў, кліпмейкераў, ці герояў, хоць нейкім чынам звязаных з шоу-бізнесам? Я — не.

Яшчэ адна нетыповая рыса герояў «Чамадана з кракадзілавай скуры» (таксама запазычаная з галівудскіх фільмаў) — іх надзвычайны прафесіяналізм. Рэжысёр Мікіта здольны зняць самы складаны кліп. Праграмісты — скласці комплексную праграму знішчэння свету, укамплектаваць магутны камп'ютар і сервер для захоўвання вялікіх аб'ёмаў інфармацыі. І нават спявачка Таня, якую нібыта і не ўспрымаюць сур'ёзна цягам аповесці, у выніку таленавіта выконвае зусім новую песню і фактычна выратоўвае ўсю каманду. Аўтарка смела кажа «не!» закамплексаваным мастакам і прапануе ім узяць жыццё за лейцы. Пагадзіцеся, прыемна чытаць пра таленавітых суайчыннікаў, якія дзякуючы прафесіяналізму не губляюцца ў любых абставінах, хутка дзейнічаюць і змагаюцца супраць злых людзей.

Здаецца, што ў аповесці Алёны Беланожкі ўсё і ўсе знаходзяцца ў дзеянні. Гэта таксама неверагодна вялікі плюс кнігі. Нават ахвяры, якія мусяць спакойна чакаць дапамогі ці наадварот катаванняў, знаходзяць выйсце з імправізаванай вязніцы і выратоўваюць свет. Прыемна, што сюжэт аповесці выходзіць за межы Мінска. Героі вяртаюцца аўтаспынам з‑пад Брэста, заязджаюць у Пінск, Гомель, заводзяць знаёмствы ў Кіеве… Таму і не дзіўна, што кнігу добра чытаць менавіта ў дарозе. Лёгкі стыль, запамінальны сюжэт, шмат актыўных дзеянняў і сімпатычных герояў не дазволяць вам засумаваць у цягніку ці электрычцы. Аднак варта ўлічваць, што на шлях да Брэста ці Гомеля аднаго «Чамадана з кракадзілавай скуры» вам будзе недастаткова. Вы і не заўважыце, як перагорнеце апошнюю старонку на пад'ездзе да Баранавіч ці Бабруйска.

Не ведаю, ці плануе маладая пісьменніца пісаць працяг гэтай аповесці, але ўсе фактары, што гэтаму спрыяюць, у кнізе прысутнічаюць. Цікавая гераіня, пра лёс якой хочацца даведацца больш. Авантурны стыль жыцця персанажаў і адметнасці іх прафесіі. Сюжэт кнігі нібыта «разганяецца»: павольна стартуе ў пачатку, паскараецца ў сярэдзіне і проста з неверагоднай хуткасцю фінішыруе. Чытач не бачыць «тармазнога шляху» на фінішы, наадварот — гісторыя павольна прыпыняецца, каб развярнуцца ці абраць іншы кірунак. Загадкавая канцоўка проста патрабуе ад аўтара распавесці новую гісторыю і раскрыць яшчэ адну таямніцу. На гэты раз — з'яўлення ружовых дыяментаў. Думаю, варта пачакаць.

Марына Весялуха

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.