Вы тут

Наперад, па натхненне!


Фальклорныя экспедыцыі здымачнай групы праграмы «Наперад у мінулае» працягваюцца. У першай палове кастрычніка гледачы тэлеканала «Беларусь 3» змогуць пазнаёміцца з фальклорным аўтэнтычным гуртом «Крынічка», пабываўшы ў вёсцы Пагародна Воранаўскага раёна, і завітаць у вёску Лобча Лунінецкага раёна на сустрэчу з фальклорным гуртом «Лабчанка».

Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці вызначаецца сваёй культурай і песеннымі адметнасцямі. Гэта вельмі блізкая тэрыторыя да Літвы. Адзін час навукоўцы вызначалі гэты рэгіён як «Чорная Русь» — такі кавалачак славянскай зямлі на балцкіх тэрыторыях. Блізкасць да Літвы і літоўскай культуры (а ў нацыянальным складзе там усё ж больш польскага насельніцтва) у выніку стварае сімбіёз трох культур на славянскай аснове: польскай, літоўскай і беларускай.

— Агульныя рысы гэтых трох культур праяўляюцца тым, што была адна агульная дзяржава. Але ж у кожнага народа ёсць свае асаблівасці. Асаблівасці ў песенным выкананні, з-за гучання рытму мовы, таму ў песеннай культуры з'яўляюцца асаблівыя пункты, — расказвае этнограф Сяргей Выскварка. — Іх няўзброеным вокам не заўважыць, але спецыялісты ўсё роўна будуць адзначаць розныя словы, якія, можа, у іншых рэгіёнах не прысутнічаюць, а толькі ў гэтым. На песенную культуру ўплывае змена светапогляду народа. З кожным новым пакаленнем з'яўляюцца новыя рысы, але знікаюць нейкія са старых. Для рэгіёна Воранаўскага раёна характэрна шматгалоссе кантавага тыпу. Вельмі складанымі рысамі адзначаюцца нават калыханкі. Не проста ўнісонным гучаннем, а некалькімі дэтанічнымі рытмічнымі формамі гучання гэтых спеваў. Каляндарна-абрадавыя цыклы песеннай творчасці самыя старажытныя, архаічныя ва ўсёй славянскай культуры. Таму важна захаваць рэгіянальныя асаблівасці песеннай культуры гэтага рэгіёна, як і іншых у Беларусі. Бо спяваць так, як спяваюць старыя, сёння ўжо могуць не ўсе.

Калі жадаеце даведацца больш і пачуць непаўторны песенны матэрыял, то не прапусціце выпуск праграмы «Наперад у мінулае» 5 кастрычніка ў 11.10 (9 кастрычніка паўтор у 15.30) на тэлеканале «Беларусь 3». І зможаце не толькі даведацца пра гісторыю, легенды, традыцыі гэтага рэгіёна, але і пачуеце, якую песню ў новым гучанні для свайго рэпертуару абярэ госця праекта Ганна Благава.

Не менш захапляльная вандроўка адбудзецца і ў вёску Лобча Лунінецкага раёна. Калі 12 кастрычніка вы не прапусціце новы выпуск праграмы, то даведаецеся пра рэдкія паданні, абрады, а яшчэ пачуеце песні ў выкананні фальклорнага гурта «Лабчанка» і ў сучаснай апрацоўцы гасцей праграмы, удзельнікаў групы «Аўра».

 

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.