Вы тут

Баланс эмоцый


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11.04.14 г.

___________________________________________________________________________

Ёсць нешта чароўнае ў французскіх камедыях. Менавіта ў французскіх! Амерыканскія —занадта кідкія, абавязкова з банальным хэпі-эндам. Англійскія — са спецыфічным гумарам. У рускіх — шмат сацыяльных пытанняў. А вось французскія — лёгкія для ўспрымання, часам з ноткай трагізму…

Кантракт

 

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прэм’ера — камедыя Франсіса Вебера “Кантракт”. Знакаміты французскі сцэнарыст і рэжысёр стварыў процьму фільмаў, падчас прагляду якіях можна шчыра смяяцца: “Няўдачлівыя”, “Бацькі”, “Беглякі”, “Цацка”… У гэтым спісе і “Зануда”, што быў пастаўлены па п’есе “Кантракт”. На сцэне РТБД — “знаёмыя ўсё твары”. Няўдачлівы неўрастэнік Франсуа і прафесійны кілер Ральф. Тыповае сутыкненне двух антыподаў у прасторы аднаго нумара атэля спараджае традыцыйную камедыю палажэнняў з лёгкім адценнем меладрамы.

Як рэжысёр можа паставіць такі папулярны сцэнарый? Ёсць два варыянты. Можна эксперыментаваць з формай, перайначыць увесь сюжэт. А можна захаваць класіку да якой усе прызвычаіліся. Аляксандр Гарцуеў зрабіў апошняе: ніякіх мудрагельстваў,  вытанчаныя дэкарацыі Парыжа, мінімум светлавых эксперыментаў, глянец і выразныя дэталі ў стыльных касцюмах персанажаў. І — удала падабраная французская музыка.

Але ж гэта тэатр! Хацелася нейкіх рэжысёрскіх “гульняў”. Да прыкладу, дэкарацыі, хоць і прыгожыя, але паўколам абрамлялі сцэну. І гэта звужала сцэнічную прастору – не хапала паветра, лёгкасці, а недзе — і сімвалічнасці, дадатковых сэнсавых адценняў. Гамерычны смех выклікалі “свавольствы” портак, што “лёталі” па сцэне і ніяк не слухаліся раззлаванага Ральфа.

Зразумець задуму рэжысёра няцяжка: максімальна спрошчваючы сцэнаграфію, ён вырашыў зрабіць акцэнт на гульні акцёраў. Успомнім, што і фільмы Франсіса Вебера ззяюць так яскрава менавіта з-за таленавітых П’ера Рышара, Жэрара Дэпардзье, Патрыка Тымсіта і Рышара Беры. Як вынік —не адно пакаленне адпачывае і разважае разам з персанажамі французскіх камедый. Што атрымалася ў беларускіх акцёраў? Без перабольшання, усё на “выдатна” ў Сяргея Шымко — выканаўцы ролі Франсуа. Нізенькі, са смешнай залысінай і вялікімі вачыма… Але ж не толькі каларытны від чапляе — міміка, пластыка, голас… Ці то хочацца самому выхапіць вінтоўку ў Ральфа і стрэліць у гэтага балбатуна, ці то абняць яго моцна-моцна і плакаць разам: настолькі па-майстэрску перададзены супярэчлівы вобраз Франсуа Піньёна!

Максім Брагінец у ролі Ральфа таксама пераконвае, але ж цікава, што малады і таленавіты акцёр найбольш удала выглядае ў камедыйных, а не ў сур’ёзных момантах. Мноства адметных камічных сітуацый падараваў спектаклю Гарсон — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў, добра ўвасоблены Фелікс (Андрэй Дабравольскі) і Вольф (Дзяніс Паршын). Мабыць, толькі апошні з-за свайго юнацкага запалу часам перабольшвае.

Але… Сума акцёрскіх эмоцый дае неверагодны вынік. Ён нагадвае велізарны эмацыянальны ком, што коціцца і часам нават не разумее куды, знішчаючы асобныя цікавыя жарты і дыялогі. Мараль гэтай байкі простая: калі адзін акцёр надта каларытны, іншаму лепей быць больш стрыманым — баланс эмоцый. Інакш дзеянне на сцэне рызыкуе ператварыцца ў аглушальны лямант.

Паліна ПЛАТАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.