Вы тут

РТБД прапанаваў дэкаду сустрэч з Аляксандрам Гарцуевым


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі на адкрыццё сезона прапанаваў дэкаду сустрэч з адным рэжысёрам: дзевяць спектакляў і творчы вечар. Так мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў адсвяткуе свой 60-гадовы юбілей. Усё, што ідзе на сцэне, гледачы ўбачаць у сканцэнтраваным варыянце, каб ад спектаклю да спектаклю пранесці думкі, з якімі жыве чалавек і пра якія гаворыць рэжысёр. Пра незразумелае, тое, што па-за межамі твораў, прамаўляецца для сябе і часам саспявае да размоў, ёсць магчымасць пачуць наўпрост падчас жывой сустрэчы, што адбудзецца ў фінале дэкады 15 верасня. Усё па-чалавечы — і гэта пачатак для Сезона сяброў у тэатры.


Тон размовам па-сяброўску і глебу для пытанняў, што значаць сябры, задае «Сірожа» — прэм'ерны спектакль паводле Юліі Чарняўскай, які рэжысёр Аляксандр Гарцуеў прадставіў у канцы мінулага сезона і з якога вырашыў пачаць новы. Магчыма, таму, што гэта пра яго пакаленне, пра той час, калі вызначаныя для існавання рамкі вымушалі людзей альбо прыстасоўвацца, альбо здзяйсняць учынкі, каб рэалізавацца як асобам. Ды яшчэ пра тое, што час адзін, а ўмовы для выспявання асобы кожны выкарыстоўвае ў залежнасці ад мэтанакіраванасці, сумлення і ўнутранага стрыжню.

Што да мэтанакіраванасці Аляксандра Гарцуева, то з яе дапамогай ён ператварыў сябе-акцёра ў рэжысёра. Сумленне і ўнутраны стрыжань — гэта тое, пра што ён гаворыць у сваіх спектаклях. У межах дэкады таксама драма «Пелікан», «А калі заўтра няма?..», «Мудрамер», «Кар'ера доктара Рауса», «Гендарныя выкрунтасы», «Любоў людзей», «Тры Жызэлі», «Білет на брэсцкі цягнік». Пра што размаўляць пасля такіх праглядаў? Пра любоў у жыцці чалавека і рэжысёра. Пра тэатр, вядома. Спазнаць яго цалкам дакладна немагчыма, седзячы ў глядзельнай зале. Тыя, хто ў тэатры жыве, выходзіць на сцэну, рыхтуецца да яе ў грымёрках, набліжаюцца да спасціжэння сутнасці тэатра (і тэатра жыцця) на працягу ўсяго прафесійнага шляху. Вось чаму цікавыя сустрэчы з асобамі тэатра. Аляксандр Гарцуеў наважыўся на адкрыты дыялог з гледачамі, у якім можна знайсці адказы на нейкія свае пытанні, не толькі творча-мастацкія, але і чалавечыя: тэатр — гэта мадэль свету, дзе прайграюцца і апрабоўваюцца варыянты сітуацый, што можа падкідваць жыццё: можна не быць філосафам, але рабіць высновы з убачанага, абіраючы для сябе прымальныя рашэнні.

Сяброўскую дапамогу прапануе ў гэтым Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, дзе ідуць пастаноўкі пра нас — родам з мінулага, але сучасных. І не толькі праз п'есы беларускіх аўтараў, бо адгукацца могуць творы аўтараў іншых краін, а класіка — не губляе актуальнасці. Тут усё залежыць ад рэжысёра.

Адметнае — прыцягвае ўвагу, і не толькі сваёй публікі. Напачатку восені тэатр будзе шукаць сяброў. У Афрыцы, на міжнародным тэатральным фестывалі «FІTAS» (Марока) пакажуць спектакль Монікі Дабраўлянскай «Гэта ўсё яна» (паводле А. Іванова). У Грузіі на фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Ахалцыхе чакаюць п'есу «Пелікан» (паводле А. Стрындберга). У Беластоку на Міжнародным фестывалі «Напрамак — Усход ІІІ» пабачаць «Бетон» у пастаноўцы Я. Карняга.

У Сезоне сяброў тэатр абяцае адметныя сустрэчы дома. Ужо ў канцы верасня — прэм'ера «Вар'яткі» (паводле Надзеі Птушкінай у пастаноўцы Таццяны Траяновіч), трагіфарса для дарослых гледачоў пра ўзаемаадносіны паміж жанчынай і мужчынам. Новы спектакль у гэтым тэатры рыхтуе Яўген Карняг у сутворчасці з Кацярынай Аверкавай. А з пачатку 2020 года мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў пачне работу над пастаноўкай «Даходнага месца» Аляксандра Астроўскага ў сучасным прачытанні.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Практыка жыццёвага мадэлявання, альбо Кар'ера рэжысёра Аляксандра Гарцуева

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.