Вы тут

РТБД паказаў свой новы спектакль праз трансляцыю


Мне яшчэ нiколi не даводзiлася пiсаць водгукi на тэатральныя прэм'еры, якiя адбылiся анлайн, i, па-добраму, не павiнна было давесцiся. Але рэальнасць уносiць свае карэктывы таксама ў культуру i культурную журналiстыку: Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii ў часы абмежаванняў праз каранавiрус вырашыў зладзiць прэм'еру свайго новага спектакля «Профiт» нягледзячы нi на што.


Гэта значыць, акцёры паўнавартасна адрэпецiравалi i адыгралi пастаноўку на сцэне тэатра, а сэрвiс VOKA ў прызначаны час, а сёмай гадзiне 12 мая, паказаў жывую трансляцыю. Некаторыя гледачы, што не вярнулi набытыя ў «здаровы» перыяд бiлеты, прыйшлi на прэм'еру непасрэдна — ну, да гэтага можна па-рознаму ставiцца. Сапраўды, спектаклi, на якiя мы цяпер «ходзiм», звычайна паказваюцца ў некалi зробленых запiсах, а новы кантэнт ствараецца вэб-камерамi з кватэр выканальнiкаў. Так цi iнакш, на гонар РТБД трэба сказаць, што, мяркуючы па трансляцыi, пастаноўку «Профiт» варта чакаць у афлайн-фармаце.

Мы ўжо даўно глядзiм тэатральныя пастаноўкi на экранах камп'ютараў i жартуем, што прыйшоў час з'явiцца крытыкам трансляцый, якiя б ацэньвалi ракурсы здымкi, склейкi i кашаль аператара. У выпадку з «Профiтам» можна адзначыць адну, свядомую цi падсвядомую, сапраўдную цi надуманую, якасць мiзансцэнiравання — вялiкiя дыстанцыi, што звычайна застаюцца памiж акцёрамi. Мне падабаецца бачыць у гэтым уплыў кавiда, з-за якога ў звычайным жыццi мы стараемся трымацца ад людзей за паўтара метра, што выпрацоўваецца ў асобную звычку.

З iншага боку, пустоты памiж персанажамi лагiчныя ў прапанаваным сюжэце, дзе героi па пэўнай прыкмеце дакладна раздзяляюцца на добрых i дрэнных i сiмвалiчна гэтымi пустотамi размяжоўваюцца. «Профiт» — гэта асучасненае «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага. Мастацкi кiраўнiк РТБД Аляксандр Гарцуеў перанёс дзеянне п'есы з XIX у XXI стагоддзе, падладзiў пад сучаснасць мову персанажаў, узяў самакат i бомбер (гэта такi тып моднай курткi) у якасцi рэквiзiту, прымусiў аднаго з персанажаў танцаваць стрыптыз, а другога здымаць гэта на тэлефон, уплёў у сюжэт настаўнiка, што працуе за трыста рублёў, — i атрымаў актуальную для сённяшняй Беларусi гiсторыю.

Калi нехта памятае Астроўскага, мы маем справу з прынцыповым маладым чалавекам Васiлём Жадавым, якi можа папрасiць у высокапастаўленага дзядзькi «даходную» пасаду, а замест гэтага iдзе за сваiм сумленнем, шмат працуе i зацiрае пра «духоўнае адраджэнiе». У «Профiце» ён ездзiць на самакаце, што, пэўна, паказвае, маўляў, зор з неба герой не хапае, i свецiць белай кашуляй i белымi кедамi (дзядзька Жадава свецiць масiўным ланцужком з масiўным крыжом на шыi — уявiце Андрэя Дабравольскага).

Амаль усе iншыя персанажы, галоўным чынам спрытны Белагубаў з гадзiннiкамi на абедзвюх руках, выступаюць Жадаву антаганiстамi, бо маюць супрацьлеглыя погляды на жыццё i намагаюцца хлопца iм навучыць. Тут i дурненькая жонка Васiля Палiна, якая мужа любiць, але бомбераў таксама жадае. На прэм'еры сужэнцаў сыгралi Арцём Курань i Ганна Семяняка, пара ў рэальным жыццi таксама.

Значыць, дабро змагаецца ў спектаклi са злом, дзе апошняе ўвасабляецца ў празе нажывы, выслужваннi, страху перад вышэйстаячымi органамi, практыцы адкатаў i падстаўленым пад хабар партфелі, што паводле «Профiта» запаланiла ледзь не ўвесь свет. «Лепш быць сытым, чым галодным», — дэкларуе прынцып жыцця адзiн з персанажаў. «Браць адкат больш выгадна, чым не браць», — iранiзуе ў адказ Жадаў.

I пакуль галоўны герой выбiрае высакародную беднасць, а на яго фоне багацеюць i тусуюцца калегi, супрацьлеглыя бакi трапнымi, вартымi цытавання фразачкамi адстойваюць свае iдэi, што прыводзiць да кульмiнацыi, у якой нехта мусiць здацца i памяняць сваё меркаванне.

Атрымаўся такi сабе па-добраму дыдактычны спектакль (назва «Профiт» адсылае да папулярнага ў Белагубава слоўца, што значыць «выгада») плюс драма супрацьстаяння большасцi. Усё ў прыцемках, з файнымi танцамi i парадай жыць, як жывуць усе «нармальныя» людзi. Але наколькi пастаноўка перабольшвае цi прымяншае сапраўдны стан грамадства, у кожнага, напэўна, будзе сваё меркаванне. Значыць, чакаем паляпшэння эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi, каб паглядзець спектакль у афлайне.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Загаловак у газеце: Прынцыповы значыць нядобранадзейны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.