Вы тут

Базавыя рэчы


«Вось пяць (дзесяць, пятнаццаць) універсальных рэчаў, якія павінны быць у гардэробе сапраўднай жанчыны, каб ствараць яе непаўторны імідж!» Радкі пра славуты жаночы «базавы гардэроб» зноў і зноў гучаць — так, быццам прамаўляюцца ўпершыню ў гісторыі гэтага старога, як усе прывіды разам, свету. А між тым, літара ў літару я чула іх у свае васямнаццаць. І дзе была мая прага да індывідуальнасці тады? І што яна робіць цяпер?

Денисова-216x160

«Стварыць непадуладны часу гардэроб вельмі проста, калі вам вядома некалькі прадметаў, якія павінна мець кожная жанчына». Гэта, дарэчы, не абы-хто заяўляе, а шэф-рэдактарка Harpers Bazaar — шырока вядомага ў вузкіх колах модніц часопіса. Гэты Harpers Bazaar як пачаў аднойчы — амаль паўтары сотні гадоў таму — пісаць пра стылі і вопратку, так і піша — ужо ледзь не трыста сезонаў! — пра стылі і вопратку. Выключная крэатыўнасць і зайздросная працаёмкасць! Праўда, першыя гадоў трыццаць яны былі штотыднёвікам, апошнія ж сто трынаццаць выходзяць усяго толькі раз на месяц. Спісваюцца пакрысе? Ці прымушаюць сябе чакаць, нецярпліва і ўтрапёна?

Значыць, наяўнасць у маім гардэробе так званых базавых рэчаў гарантуе мне ўсё тое, чаго бракуе жанчыне, якая... якая як мінімум не чытае нанач выданні кшталту вышэйзгаданага. Ну, і што я маю? Зазіраючы па чарзе то ў часопіс, то ў шафу, канстатую наступнае. Блузы белага колеру — і каб спалучалася з чорнай дзелавой спадніцай, «бо гэта заўсёды выглядае шыкоўна», — няма. І чорнай спадніцы — ну што ты будзеш рабіць? — таксама няма. Два пінжакі, адзін светлы лёгкі, другі цямнейшы і цяплейшы, абодва створаны «для дадатковых магчымасцяў» — адсутнічаюць! Маленькая чорная сукенка, якая «ніколі не падвядзе»... Стоп! Мне тут раптам падумалася: а слабо не гардэроб падвесці пад базавы стандарт, хай сабе і парадамі прафесіяналаў выбудаваны, а павесці сябе цалкам наадварот (як я, дарэчы, люблю)?

Вось вісіць у маёй шафе маленькая, як яны там у сваіх часопісах пішуць, сукенка. Яна не чорная — чырвоная. Ад вядомага брэнда, хоць і айчыннага. У ёй я адкрывала першы ў Беларусі дабрачынны паказ Red Dress Collectіon. Ніякія псіхолагі не прымусяць мяне пазбавіцца гэтай рэчы, хоць яна «супраць правілаў» — не была выкарыстана ніводнага разу «за апошні як мінімум год».

Побач вісіць «варыянт для кактэйлю». Гэта мне «свеціць» апрануць хіба што на дамашні закрыты паказ з канапай у якасці подыума. Але ж гэтую сукенку падарыла мне стрыечная сястра, калі я, прымаючы ўдзел у фестывалі «Лунінская восень», заначавала ў сваёй берасцейскай цётачкі. З якім цудоўным настроем я ўспамінаю, як мы ўтрох літаральна апоўночы ладзілі самы сапраўдны «паказ». Бо які там сон пасля «Лунінскай восені»?..

Вось сукенка з фірменнага дэніму, прывезена з-за мора-акіяна не менш чым паўстагоддзя таму. У ёй любіла фарсануць мая бабуля Ева, карабельны кок. Я люблю апранаць яе ў дні, калі патрабуецца асаблівая рашучасць, бо выглядаю тады як не тое што рэдактарка якогасці мадняцкага выдання, а нават як сапраўдная медыямагнатка.

Пад які заўгодна гардэроб можна з паветранай лёгкасцю падвесці не адну, а дзве, тры, пяць «баз», якія будуць зразумелымі выключна табе. І, хто ведае, ці не па гэтай прычыне яны стануць залогам тваёй непаўторнасці? Шэрасць і невыразнасць — паняцці, якія fashіon-журналістыка пагардліва супрацьпастаўляе індывідуальнасці. Ці не так? А мне вось падумалася: яно ж і добра — калі табе хаця б час ад часу ўласцівыя гэтыя, на маю думку, даволі дэфіцытныя якасці — шэрасць і невыразнасць. Бо хочацца, бывае, не вылучыцца, а схавацца. Апошняе калі-нікалі нясе нашмат больш розных выгод, чым першае. Асабліва калі ты сучасная па-сапраўднаму. Уласцівасць сапраўднасці — ніколі не перабольшваць. Ці не так? Ёй няма ў тым патрэбы. Бо навошта шугаць полымю там, дзе дастаткова проста праменьчыка?..

Святлана Дзянісава,
галоўны рэдактар часопіса
«Маладосць»

 

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.