Вы тут

Антон Смольскі — уладальнік Кубка Садружнасці


Героі Тыдня. Беларускія біятланісты выдатна выступілі на чацвёртым і заключным этапе розыгрышу Кубка Садружнасці па біятлоне сезона-2023/24 у Мурманску. Ганна Сола перамагла ў спрынце. Антон Смольскі заваяваў «бронзу» ў мужчынскім масавым старце. Але гэта не галоўнае. Антон Смольскі стаў уладальнікам галоўнага трафея розыгрышу Кубка Садружнасці сезона-2023/24. Ён на 11 ачкоў апярэдзіў расіяніна Эдуарда Латыпава. Такім чынам, Смольскі ўпершыню ў кар’еры стаў уладальнікам Кубка Садружнасці, таксама Антон стаў пераможцам агульнага заліку гонак з масавым стартам.


Ліцэнзіі тыдня. У тайландскім Пхукеце завяршыўся Кубак свету па цяжкай атлетыцы з удзелам беларускіх штангістаў. Апошні кваліфікацыйны турнір на летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы. Беларус Эдуард Зязюлін, які выступае ў вагавой катэгорыі звыш 102 кг, заваяваў ліцэнзію на Алімпіяду. Гэта ўдалося таксама і Яўгену Ціханцову (да 102 кг). У рыўку ён падняў 183 кг, а ў штуршку зафіксаваў вагу 217 кг. Выніковая сума Яўгена склала роўна 400 кг, што прынесла яму бронзавы медаль у дваяборстве і ліцэнзію на Алімпійскія гульні.

Тым часам у бразільскім Рыа-дэ-Жанейра прайшоў кваліфікацыйны турнір па кулявой стральбе. Уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі стаў беларус Уладзіслаў Дэмеш, які ў фінале стральбы з пнеўматычнага пісталета на 10 метраў набраў 235,9 бала і заняў другое месца.

Лічба тыдня. Пяць беларусаў сталі ўладальнікамі бронзавых узнагарод чэмпіянату Маладзёжнай хакейнай лігі сезона-2023/24. Максім Глінскі, Данііл Амялюсік і Раман Кузняцоў, што выступаюць за ніжагародскую «Чайку», уступілі яраслаўскаму «Лока». Дамінік Мікановіч і Ягор Карбалевіч абараняюць колеры чалябінскіх «Белых мядзведзяў», якія ўступілі «СКА-1946» з Санкт-Пецярбурга. Данііл Амялюсік набраў 5 (1+4) ачкоў у дзесяці матчах плэй-оф. У Максіма Глінскага тры галявыя перадачы ў 14 паядынках. Дамінік Мікановіч у 11 матчах накаўт-раунда зарабіў чатыры ачкі, Ягор Карбалевіч выходзіў на лёд у чатырох паядынках. Барацьбу за галоўны трафей МХЛ разам з пецярбургскім СКА-1946 працягвае беларускі галкіпер Павел Майсевіч.

Супрацьстаянне тыдня. Адбыўся трэці паядынак фінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж «Брэстам» і жлобінскім «Металургам». Два папярэднія паядынкі серыі да чатырох перамог былі згуляныя 10 і 12 красавіка ў Жлобіне, абодва разы поспех святкавалі «сталёвыя ваўкі» (6:1 і 3:1). У нядзелю матч фіналу Кубка Прэзідэнта ўпершыню ў гісторыі прыняў Брэсцкі лядовы палац. Але родныя сцены брэсцкім хакеістам не дапамаглі. З вынікам 3:2 перамаглі хакеісты са Жлобіна. «Сталёвыя ваўкі» вядуць у супрацьстаянні ўжо з лікам 3:0, чацвёрты паядынак пройдзе 16 красавіка таксама ў Брэсце. У выпадку перамогі ў аўторак падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі трэці раз запар стануць уладальнікамі галоўнага трафея ў беларускім хакеі. Калі мацнейшымі гэтым разам апынуцца «зубры», то каманды вернуцца ў Жлобін для пятай гульні 18 красавіка.

Поспех Тыдня. Беларускія каратысты сталі ўладальнікамі дзевяці ўзнагарод на старце міжнароднага турніру «Кубак Ак Барс» у Казані. Залаты медаль у раздзеле кумітэ заваяваў Глеб Сачкоўскі (вагавая катэгорыя 84 кг). Сярэбранымі прызёрамі сталі Вераніка Баравік (індывідуальнае ката), Максім Барэйка (індывідуальнае ката), Мікіта Сахвон (кумітэ, 84 кг), Іван Кудзінаў (кумітэ, 84 кг), Дэвід Нгуен (кумітэ, 75 кг). На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся Марыя Азарава (кумітэ, 61 кг), Варвара Чысцякова (кумітэ, 61 кг), Аляксей Водчыц (кумітэ, 84 кг).

Няўдача Тыдня. Баскетбалісты «МІНСКА» завяршылі сезон Адзінай лігі ЗГБ з адной перамогай. У заключным матчы другога этапу рэгулярнага чэмпіянату мінчане прайгралі ў гасцях МБА з вынікам 70:81. Такім чынам, у 40 праведзеных сустрэчах БК «МІНСК» перамагаў толькі адзін раз — у сакавіку абыграў баскетбалістаў «Астаны» з вынікам 60:58.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.