Вы тут

Беларусы паказалі, на што здольныя


Героі тыдня. Беларускія паралімпійцы паспяхова выступаюць на міжнародных стартах. На чэмпіянаце свету па паўэрліфтынгу ў Дубаі Дзмітрый Ходас заваяваў бронзавы медаль. На чэмпіянаце Еўропы па фехтаванні на інвалідных калясках у Парыжы беларусы заваявалі тры ўзнагароды. Андрэй Праневіч стаў сярэбраным прызёрам у фехтаванні на шпагах. Аляксандра Ільмінская заваявала «бронзу» ў фехтаванні на рапірах. Анастасія Касцючкова стала бронзавым прызёрам турніру па фехтаванні на шпагах.


Фота: pixabay.com

Цытата тыдня. «Выдатна, што вярнулі серыю ў Мінск. Гэта добра для Беларусі. Цяжкая гульня. Выстаялі ў першым авертайме, мала валодалі шайбай, нас прыціснулі. Але фартуна ўсміхнулася нам. Калі ў мінулым матчы мы прайгралі трэці перыяд і авертайм, то цяпер усё наадварот. Гэта добра. Сёння былі неабавязковыя выдаленні за выкід шайбы і за шэсць гульцоў на лёдзе, трэба гэта кантраляваць. Мы гуляем з моцным сапернікам. У некаторых хлопцаў няма досведу гульні на такім узроўні, але ўсе імкнуцца працаваць на каманду. Усімі задаволены, выдзяляць нікога не буду», — адзначыў у пасляматчавым інтэрв’ю галоўны трэнер каманды «Дынама-Мінск» Дзмітрый Квартальнаў. «Зубры» працягваюць выступленне ў першым раўндзе плэй-оф КХЛ. Пяты паядынак супраць маскоўскага «Дынама» праходзіў у Маскве. У другім авертайме з лікам 2:1 перамаглі мінчане. Гэты паядынак стаў для мінскага «Дынама» самым працяглым за ўвесь час выступленняў у КХЛ. У серыі да чатырох перамог па-ранейшаму вядуць маскоўскія аднаклубнікі (3:2), шосты матч супрацьстаяння пройдзе ў аўторак на «Мінск-Арэне».

Перамога тыдня. Ягор Шарамкоў стаў пераможцам трэцяга этапу Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы, які праходзіць у Баку. Беларусу не было роўных у вольных практыкаваннях. За сваё выступленне ён атрымаў 14,933 бала.

Гульня тыдня. На мінулым тыдні надзвычай ярка праявілі сябе беларускія баскетбалісты. Беларуская каманда стала бронзавым прызёрам Лігі дружбы па баскетболе 3×3 сярод жанчын. У заключным раўндзе спаборніцтваў, якія праходзілі ў Смаленску, падапечныя Наталлі Ануфрыенкі перамаглі расійскія каманды «Чырвоная Пахра» — 14:7 і MSU — 14:12, а вось у паўфінале прайгралі баскетбалісткам ЦССТ-ІГЭУ1. У складзе беларускай дружыны выступалі Ганна Лапо, Ульяна Скіба з гродзенскай «Алімпіі» і Паліна Катлінская з «Гарызонта», якая ўвайшла ў сімвалічную зборную фінальнага этапу Лігі.

Таксама беларускія каманды заваявалі сярэбраныя медалі турніру па баскетболе 3×3 на Сусветным фестывалі моладзі, які прайшоў у Сочы. У мужчынскім турніры баскетбалісты каманды «BeST» ва ўпартай барацьбе ўступілі маскоўскаму клубу «Руна-МГАФК» з лікам 18:21. У складзе беларускай дружыны пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Калтунова выступалі Ян Марынін, Ілья Мілашэўскі, Аляксей Бачкар і Кірыл Васкаўцоў. У фінальным матчы жаночых спаборніцтваў беларуская каманда прайграла баскетбалісткам расійскага ГУТІД з вынікам 11:15. За жаночы «BeST» гулялі Паліна Катлінская, Яўгенія Бярнацкая, Аляксандра Палубок і Кацярына Шышлюк, якая стала пераможцай конкурсу трохачковых кідкоў.

Поспех тыдня. У сталіцы Балгарыі Сафіі завяршыўся еўрапейскі кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы, дзе разыгрывалася 16 ліцэнзій на Гульні — па восем у мужчын і жанчын. Для атрымання пуцёўкі на Алімпіяду спартсмену неабходна было дайсці да фіналу ў сваёй вагавой катэгорыі. З гэтай задачай справіўся беларускі таэквандыст Георгій Гурцыеў, які выступае ў вазе да 58 кг.

Лічба тыдня. Дзевяць медалёў заваявалі беларускія фігурысты на міжнародным турніры «Кубак дружбы», які прайшоў у Саранску. У мужчынскім адзіночным катанні перамог Аляксандр Лебедзеў, трэцяе месца заняў Яўген Пузанаў. У жаночым адзіночным катанні лепшай стала Вікторыя Сафонава. У танцах на лёдзе першае месца занялі Кацярына Андрэева і Дзмітрый Бліноў, у гэтым жа відзе «бронзу» заваявалі Наталля Пажывілка і Святаслаў Верстакоў. У парным катанні Багдана Лукашэвіч і Аляксандр Сцяпанаў размясціліся на другім радку. Сярэбраным прызёрам сярод юніёраў у адзіночным катанні стаў Васіль Барахоўскі. У юніёрскім парным катанні Ангеліна Бурая і Уладзіслаў Сапрыкін таксама падняліся на другую прыступку п’едэстала, таксама як і Вікторыя Пласконная разам з Уладзіславам Сыцікам у спартыўных танцах на лёдзе.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.