Вы тут

Чым нам запомніцца Канстанцін Кальцоў


Хакейная супольнасць панесла вялікую страту. Пайшоў з жыцця знакаміты хакеіст, паспяховы трэнер Канстанцін Кальцоў. Спецыялісту было ўсяго 42 гады. Матчы Betera-Экстралігі і вышэйшай лігі 19 і 20 сакавіка пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб Канстанціне Кальцове. Таксама з хвіліны маўчання пачнуцца матчы КХЛ 19 сакавіка.


«Канстанцін быў адным з безумоўных лідараў нашай зборнай, таленавітым прагрэсіўным трэнерам, яркім іграком каманды Прэзідэнта, яго заўсёды шанавалі і паважалі трэнеры і партнёры па камандзе. Ён быў прыкладам няўступлівасці, працавітасці, самааддачы і кумірам для многіх беларускіх хлапчукоў і сваіх калег. Цяжка і несправядліва, калі такія людзі ідуць так рана. Выказваю шчырыя спачуванні родным Канстанціна і ўсёй беларускай хакейнай супольнасці. Для нас гэта незаменная страта, — падзяліўся сенатар і галоўны трэнер хакейнай каманды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Баскаў.

«Патрабавальны, валявы, неардынарны — можна доўга пералічваць якасці Канстанціна Кальцова як прафесіянала і як чалавека, але гэта не зможа папоўніць страту, якую панёс беларускі хакей з яго такім раннім сыходам з жыцця. Я выказваю глыбокія спачуванні родным і блізкім. Мы гатовы аказаць усю неабходную дапамогу сям’і Канстанціна», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч. 

Спачуванні родным і блізкім, цёплыя ўспаміны аб Канстанціне Кальцова ў сацыяльных сетках, сродках масавай інфармацыі не спыняюцца. Аматары нясуць кветкі і свечы да ўваходу «Уфа-арэны», дзе размяшчаецца клуб «Салават Юлаеў», які стаў апошнім месца працы Канстанціна Кальцова. 

«Канстанцін — заўсёды вясёлы, добры, адкрыты чалавек. Прафесіянал сваёй справы. І будучы гульцом, і будучы трэнерам, ён заўсёды прысвячаў сябе хакею, камандзе. Канстанцін шмат гуляў у НХЛ, выйграў Кубак Гагарына ў КХЛ. У яго заўсёды на першым месцы былі працавітасць, упартасць, працаздольнасць. Стаўшы трэнерам, ён заўсёды ў калектыве ствараў выдатную атмасферу, укараняў крэатыўныя напрацоўкі, ставіў сваім камандам атакуючы і сучасны хакей», — узгадвае капітан мінскага «Дынама» Андрэй Стась.

Хакейная кар’ера Канстанціна Кальцова атрымалася вельмі насычанай. Ён пачаў яе ў мінскім «Юнацтве». У дарослым хакеі ён дэбютаваў у 16 гадоў у складзе «Поўначсталі». У 1999-м годзе ён быў абраны «Піцбург Пінгвінз» у першым раундзе драфта НХЛ пад 18-м нумарам. Усяго ў НХЛ правёў 144 гульні, набраў 38 ачкоў. Спецыялісты адзначалі хуткае і рэзкае катанне беларускага хакеіста, што вылучала яго сярод іншых гульцоў.

У 1999 годзе Канстанцін Кальцоў увайшоў у склад нацыянальнай зборнай Беларусі. Разам з галоўнай камандай краіны ён правёў 123 матчы. Канстанцін Кальцоў у складзе беларускай зборнай выступаў на Алімпійскіх гульнях 2002 года, калі наша зборная дайшла да паўфінала. 

У 2016-м годзе 35-гадовы хакеіст аб’явіў аб завяршэнні кар’еры. Але з клюшкай не развітаўся. Пачалася трэнерская кар’ера Канстанціна Кальцова. І пачаў ён яе там, дзе скончыў спартыўную — ва ўфімскім «Салаваце Юлаеве». Каольцоў стаў асістэнтам галоўнага трэнера. Затым працаваў асістэнтам у «Дынама». А першы самастойны трэнерскі вопыт Канстанцін Кальцоў пачаў у «Брэсце». А ў чэрвені 2020-га года Канстанцін Кальцоў узначаліў «Дынама-Маладзечна». Разам з камандай ён заняў чацвёртае месца ў рэгулярным чэмпіянаеце Беларусі. Пасля такога ўдалага сезона спецыяліста заўважылі ў маскоўскім «Спартаку», куды ён перайшоў. Але ў міжсезонне 2022 Канстанцін Кальцоў вярнуўся ў «Салават Юлаеў». 

Дарэчы, свой крайні матч нацыянальная зборная Беларусі правяла менавіта пад кіраўніцтвам Канстанціна Кальцова. У снежні 2023 года ён павёз каманду на зборную на «Кубак Першага канала» замест Дзмітрыя Квартальнага. Галоўны трэнер зборнай падчас перапынку ў чэмпіянаце КХЛ засяродзіўся на справах мінскага «Дынама». Канстанцін Кальцоў неаднаразова падстаўляў плячо зборнай. У 2021 годзе ён замяніў хворага Крэйга Вудкрафта і пад яго кіраўніцтвам зборная заняла першае месца на турніры ў Славеніі. 

Гэта магло б стаць толькі пачаткам прыгожых перамог. Але ў лёса свае планы... І няхай зараз у матэрыялах, прысвечаных Канстанціну Кальцову, фотаздымкі будуць чорна-белыя, у беларускім хакеі ён пакінуў яркі след. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота ФХБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.