Вы тут

Новы трэнажорны комплекс з варкаўт-пляцоўкай з’явіўся ў аграгарадку Пружанскага раёна


Літаральна месяц таму ў Лінове адбылася знамянальная падзея. У мясцовым парку ўрачыста адкрылі новы трэнажорны комплекс з варкаўт-пляцоўкай. Цяпер кожны жыхар аграгарадка, а таксама яго госць, можа зусім бясплатна пазаймацца на трэнажорах, патрэніравацца, каб палепшыць сваю фізічную форму. Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе на конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіла Брэсцкая абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў.


Старшыня Ліноўскага сельскага Савета Таццяна Мардань расказвае, што ў сельсавеце першапачаткова была створана ініцыятыўная група па распрацоўцы праекта ініцыятывы. Вырашылі назваць свой праект «Разам за здароўе ў аграгарадку». Мелі на ўвазе, што падобны аб’ект зможа аб’яднаць усе пакаленні жыхароў — дзяцей, падлеткаў, дарослых людзей, пенсіянераў — у імкненні да ўмацавання здароўя, паляпшэння фізічнай формы. «А для дзяцей гэта яшчэ адна нагода адарвацца ад любімых гаджэтаў, пазаймацца фізкультурай на свежым паветры, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Усё пералічанае абгрунтавалі, падрабязна выклалі ў сваёй заяўцы. І наш праект атрымаў грант. Аб тым, што пад яго выдзелілі 60 тысяч рублёў, мы даведаліся ў пачатку мінулага года». А калі грошы паступілі на рахунак, быў аб’яўлены тэндар, вызначана прадпрыемства-пастаўшчык. Ім стала спецыялізаваная мінская фірма, якая прывезла і зманціравала трэнажоры, пакрыццё і абсталяванне для варкаўт-пляцоўкі.

Цяпер гэты спартыўны аб’ект складаецца з міні-варкаўт-комплексу і крытага навеса з дзевяццю антывандальнымі трэнажорамі. Апошнія разлічаны на ўсе групы мышцаў. 

Дарэчы, у выбары спартыўнага інвентару грамадскім экспертам быў жыхар аграгарадка Васіль Зуй. Васіль Сяргеевіч доўгі час працаваў дырэктарам спартыўнай школы, мае вялікі вопыт у спартыўнай галіне. Таксама на стадыі распрацоўкі праекта ў абмеркаванні яго актыўна ўдзельнічалі маладзёжная, ветэранская арганізацыі. А калі работы ўжо вяліся, тэхнікай для ўкладвання пляцовак дапамагалі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, якіх на тэрыторыі сельсавета два. Такім чынам, гэта пляцоўка стала агульнай справай вёскі. І цяпер жыхары з задавальненнем ёю карыстаюцца.

Усяго ў аграгарадку Лінова стала пражываюць 1565 чалавек. Тут даволі развітая інфраструктура. Асабліва важным выглядае размяшчэнне на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Аранцыцы. Ёсць школа, садок, Дом культуры з бібліятэкай, пошта, гандлёвыя пункты. Людзі актыўна будуюць жыллё. А калі дадаць, што летам насельніцтва фактычна падвойваецца, то можна прагназаваць, што спартыўная пляцоўка будзе надзвычай запатрабаваная.

Не прастойвае яна і цяпер. Нават зранку, калі мы са старшынёй сельскага Савета сюды зазірнулі, сустрэлі ахвотных пазаймацца. Віталь Бусько, інвалід па зроку, зайшоў падкачаць мышцы. Яшчэ адзін наведвальнік распрацоўвае нагу пасля траўмы. А пасля работы на асобныя трэнажоры нават невялікая чарга выстройваецца. Аб гэтым расказалі жыхары суседніх з пляцоўкай дамоў. «Часам выглядваем з акна, пакуль цікавы нам трэнажор вызваліцца, а там усё ёсць і ёсць людзі», — сказала адна жанчына. Кіраўніка мясцовай улады радуе, што нямала пенсіянераў ацанілі новы спосаб умацавання здароўя і з задавальненнем наведваюць трэнажоры. «І хоць у нашай школе даволі сучасны стадыён, вучні таксама не мінаюць пляцоўку, — з задавальненнем адзначае старшыня. — Нават па дарозе ў музычную школу, заўважаю, забягаюць на пляцоўку і некалькі хвілін займаюцца».

Спартыўны комплекс сапраўды выглядае сучасна, стыльна і сведчыць аб тым, што ў вёсцы дбаюць пра якасць жыцця. Вось толькі парк, у якім ён размешчаны, патрабуе пэўных укладанняў. Парк плошчай тры гектары быў закладзены ў 1988 годзе, калі вялося будаўніцтва Дома культуры. Потым, у 90-я гады, аб’ект застаўся без гаспадара. Як гэта часам здаралася ў тую пару, недзе нешта не дагледзелі ў дакументах, у выніку парк нібы зусім знік, яго сталі называць землямі агульнага карыстання. Але ж гэта парк з дрэвамі, кустарнікамі. Ёсць нават рэліктавыя насаджэнні, якія патрабуюць амаладжэння і адмысловага догляду. Яго дарожкі таксама зачакаліся абнаўлення, просяцца ліхтары для асвятлення. А для гэтага парк павінен займець гаспадара, на чыім балансе ён будзе значыцца як спажывец асобнага радка фінансавання. Пакуль жа сельвыканкам падкошвае тэрыторыю, падтрымлівае чысціню. А парк у такім населеным пункце, вядома, патрэбная частка інфраструктуры.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.