Вы тут

Бяссілле зла


У гэтыя перадвелікодныя дні, а каталіцкія вернікі адзначаць свята Уваскрасення Хрыста ўжо ў нядзелю, хацелася б згадваць гісторыі са шчаслівым фіналам. Дарэчы, іудзеі цяпер адзначаюць свята Пурым, якое сімвалізуе цудоўнае выратаванне яўрэяў, што пражывалі ў старажытнай Персіі і якіх збіраліся забіць. Падобных з’яў сусветная гісторыя ведае нямала. Яшчэ больш, пэўна, не ведае, бо не знайшлося таго, хто б іх увекавечыў, то-бок запісаў. Але гэта не значыць, што іх не было.


Фота: pixabay.com

Мінулай вясной айцец Генадзь, праваслаўны святар з Бездзежа, што ў Драгічынскім раёне, расказваў мне пра цуд выратавання жыхароў вёскі ў вайну. Ім Евангелле дапамагло — кніга ў залатым акладзе. Было гэта ў 1942 годзе. Людзей сагналі на невялікую плошчу перад царквой. Многія вёскі тады ў ваколіцы пацярпелі, акупанты жорстка распраўляліся нават за намёк на сувязь з партызанамі. Так і ў Бездзежы было. Сагналі ўсіх, каго засталі, — старых і малых, акружылі, паставілі кулямётчыкаў насупраць. Людзі плакалі, маліліся, думалі, што апошнія мінуты жыцця застаюцца... Тады ў царкве служыў айцец Віктар, чалавек надзвычай адукаваны, свабодна валодаў некалькімі замежнымі мовамі. Ён загаварыў з нямецкім афіцэрам па-нямецку і запрасіў яго ў храм.

Ніхто не ведаў, пра што гаварылі яны ў храме, заставаліся там даволі доўга, але неўзабаве выйшлі, і афіцэр аддаў каманду зняць ачапленне. Пад пахай у вайскоўца быў скрутак, тады нават ніхто ўвагі не звярнуў на тую акалічнасць. Потым у вёсцы сталі гаварыць, што святар ва ўдзячнасць за выратаванне жыхароў вёскі сам падарыў афіцэру гэтае Евангелле. 

І ўсе засталіся жыць.

Як жа хочацца, каб кожны раз, калі насоўваецца нейкая навала, здараўся цуд. Ну, напрыклад, зніклі б злыдні, якія накіроўваліся ў «Крокус Сіці хол», не даехалі, акамянелі…

Чытаючы шматлікія паведамленні, гісторыі асобных трагедый таго тэракта, прыходзіш да высновы нібы да тупіка, у якім насамрэч чалавек безабаронны перад сіламі зла. Адзін ліхадзей з аўтаматам, не кажучы ўжо пра больш магутную зброю накшталт артылерыі, ракет, бамбардзіроўшчыкаў, можа спыніць жыццё альбо адабраць яго сэнс, асудзіць на фізічныя пакуты да скону. Вось так адбываецца: жыве чалавек, будуе нейкія планы — далёкія і блізкія, марыць пра будучыню сваіх дзяцей, пра хуткую паездку да бацькоў. 

А тут — раз, і няма нічога — для яго, а для яго блізкіх — вечны боль. І галоўнае, што там мог аказацца любы чалавек. Здавалася б, дзе тая Масква? Больш за тысячу кіламетраў ад Брэста, адгукаюцца ж тыя падзеі не толькі ў словах, паведамленнях аб нашым спачуваннні. На жаль.

Як стала вядома, загінуў мой зямляк, жыхар Баранавічаў, які працаваў ахоўнікам у тым злашчасным цэнтры. Пра яго напісала баранавіцкая раённая газета са спасылкай на брата. Як выглядае, Вадзім паводзіў сябе як герой, ён да апошняга выносіў людзей з вогненнага пекла, пакуль літаральна не згарэў сам. 

У сацсетках пішуць таксама пра жанчыну, ураджэнку Брэста, якая даўно жыла і працавала ў расійскай сталіцы. Яна загінула разам з мужам, у 45-гадовай жанчыны засталося двое дзяцей. За жыццё яшчэ аднаго беларуса-ахоўніка змагаюцца медыкі. Пакуль жа ўстанавілі імёны далёка не ўсіх. Можна ўявіць сабе, колькі людзей не знаходзяць сабе месца, абрываюць тэлефоны, спадзяюцца да апошняга, што іх родны чалавек згубіў тэлефон, з’ехаў куды-небудзь, сышоў, пакрыўдзіўся, але галоўнае, каб яго там не было! І такое здараецца.

Асэнсоўваючы паведамленне пра трагедыю, набрала ў выхадныя сваю аднавяскоўку. Яе дачка жыве з сям’ёй у Маскве ўжо некалькі гадоў. Яны не падобныя на тых, хто ходзіць на канцэрты, бо мэтанакіравана зарабляюць грошы. І ўсё ж... «Вой, што я перажыла, — амаль што стогне Галіна. — У суботу рана муж разбудзіў, паказвае ў тэлефоне паведамленне. Мы пачынаем набіраць, а тэлефоны недаступныя. І званіць больш няма куды: нікога ж не ведаем, ні суседзяў, ні калег па рабоце. Потым унучка адазвалася і расказала, што яны з бацькамі паехалі да іх сяброў на дачу на шашлыкі. Дача тая кіламетраў за дзвесце ад горада, для Масквы гэта не адлегласць. Пляц у нейкай нізіне, там мабільная сувязь не цягне. А ёй захацелася зайсці на сваю старонку ў сеціве, фоткамі падзяліцца, з сяброўкамі перамовіцца, яна адышлася крыху і залезла на нейкі валун, злавіла сувязь. Ты не ўяўляеш, што мы перажылі за некалькі гадзін! 

А каб яна не залезла туды і мы да вечара нічога не ведалі, ці жывыя мы тут былі б — невядома. У мяне сівых валасоў дакладна прыбавілася. 

Муж таблеткі глытае жменямі».

І я ёй ахвотна веру. Згадваю, як у 2011 годзе пасля тэракта ў метро абзвоньвалі ўсіх мінскіх сваякоў, знаёмых. І знаёмы голас у адказ станавіўся самім адказам, ад душы адлягала. 

Бо кожны мог аказацца ў тым вагоне. Бо перад сапраўдным злом мы ўсе безабаронныя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.