Вы тут

У Гомелі прайшоў Адзіны дзень дэпутата


Па ініцыятыве старшыні Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Алены Алексінай цяпер штомесяц гамяльчане змогуць абраць для сябе зручную форму камунікацыі з народнымі выбраннікамі. Пачынаючы з красавіка, кожную трэцюю сераду месяца без папярэдняга запісу жыхары Гомеля змогуць асабіста сустрэцца са сваім дэпутатам альбо задаць яму хвалюючыя пытанні падчас прамой тэлефоннай лініі. Новы фармат зносін з выбаршчыкамі ў акругах — Адзіны дзень дэпутата — упершыню быў праведзены 40 выбранымі дэпутатамі гарсавета. Яны правялі сустрэчы ў працоўных калектывах, асабістыя прыёмы грамадзян, «гарачыя лініі».


У Чыгуначным раёне Гомеля ў ЖЭУ-6 сустрэчу з выбаршчыкамі правяла старшыня Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў Алена Алексіна. Да лідара дэпутацкага корпуса Гомеля звярнуліся з хвалюючымі пытаннямі сферы ЖКГ, цікавіліся сацыяльна значнымі праектамі. Падчас прыёму старшыні гарсавета таксама былі ўзняты пытанні зносу безгаспадарчых аб’ектаў, будаўніцтва «Усходняга абходу», сезонная паводкавая сітуацыя і іншыя. На ўсе звароты дадзены адказы, некаторыя з іх узяты на кантроль да вырашэння.

— Мы выбралі ЖЭУ як месца для правядзення сустрэчы з гараджанамі, таму што, як правіла, гэтыя арганізацыі знаходзяцца ў жылых дамах, і кожны можа або прыйсці сам агучыць праблемнае пытанне, або перадаць праз супрацоўніка ЖЭУ. Сёння гэта нашы самыя сапраўдныя праваднікі грамадскай думкі, — зазначыла Алена Алексіна.

У Навабеліцкім раёне асабісты прыём грамадзян правёў дэпутат Гомельскага гарсавета Аляксей Траццякоў. Першы зварот, прыняты дэпутатам, датычыўся неабходнасці рамонту цэнтральнага ганку ўстановы адукацыі. На асабістым прыёме іншая жыхарка раёна папрасіла ўзмацніць кантроль за дарожным рухам на ўчастку дарогі побач з яе домам. Як расказала заяўніца, на вуліцы — гаражы, вялікі паток машын: хацелася б, каб былі прадугледжаны «ляжачыя паліцэйскія». Гэта пытанне таксама будзе перададзена для рэагавання адпаведным службам, запэўніў дэпутат. Паступіў у тым ліку калектыўны зварот ад жыхароў раёна наконт пакінутага будынка былога інтэрната.

У Савецкім раёне Гомеля свой першы прыём у новай якасці правёў самы малады дэпутат Гомельскага гарсавета ўрач-анколаг-хірург Уладзіслаў Воўчак. Прыём прайшоў у РЭУ-23 дзяржпрадпрыемства «Савецкае».

— Раён у нас малады, дамы будаваліся ў 1992–1993 гадах. Людзі актыўныя, неабыякавыя да месца, дзе жывуць, — паведаміла начальнік адзначанага рамонтна-эксплуатацыйнага ўпраўлення Жанна Сазонава.

Менавіта пры РЭУ-23 Савецкага раёна яшчэ ў 2015 годзе быў створаны паказальны сваёй дзейнасцю камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны». Да грамадскай работы ў ім прыцягнуты цэлыя сем’і. Намаганнямі членаў камітэта была добраўпарадкавана не адна дваровая тэрыторыя ў раёне, паглядзець на вынікі гэтай работы як на экскурсію прыязджалі актыўныя гамяльчане з іншых раёнаў.

Уладзіслаў Воўчак падзяліўся, што ў яго планах прапанаваць жыхарам сваёй выбарчай акругі інфармацыйную дапамогу ў плане прафілактыкі захворванняў, у тым ліку злаякасных новаўтварэнняў. Магчыма, на думку дэпутата, арганізаваць выязныя прыёмы валанцёраў, вузкіх спецыялістаў.

У свой першы выязны прыём дэпутат гарсавета, рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога Артур Пуцята сустрэўся з калектывам Гомельскай гімназіі № 51. Як было адзначана, паміж ВНУ і ўстановай адукацыі дасягнута дамоўленасць аб стварэнні на базе 10-га класа групы з інжынерным профілем навучання. З новага навучальнага года ў яе плануюць набраць дзесяць навучэнцаў. Навучальную праграму курса распрацавала вядучая ВНУ краіны — БНТУ, але на месцах гэтую працу будуць курыраваць тэхнічныя ВНУ.

— Ва ўніверсітэце ведаюць, што дзверы прыёмнай рэктара адчыненыя заўсёды. Гэты прынцып будзе выкананы і для жыхароў акругі, — звярнуў увагу Артур Пуцята. — Лічу, што дзейнасць у гарсавеце дэпутатаў не перашкодзіць кіраўніцтву ВНУ. У нас цудоўная каманда, але і без капітана карабель не застанецца. Сумяшчэнне абавязкаў пойдзе толькі на карысць, бо інтарэсы студэнцтва будуць прадстаўлены напрамую ў важным органе кіравання горадам.

Падчас наведвання гімназіі дэпутат, у тым ліку, азнаёміўся са станам стадыёна і міні-футбольнага поля, адкрытага тут ў 2013 годзе. Гэты аб’ект сёння не ў лепшым стане: тэрміновай замены патрабуюць штучнае пакрыццё поля і агароджа.

— Праблему зразумеў, абавязкова пастаўлю гэтае пытанне перад гарсаветам, — запэўніў дэпутат. Па яго словах, Адзіны дзень дэпутата — цікавы і карысны досвед: «Зразумела, што не ўсе пытанні вырашаюцца адразу: дэпутат — далёка не чараўнік. Але тут важная яго пазіцыя — як мінімум прыкласці ўсе намаганні, каб людзей пачулі».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і newsgomel.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.