Вы тут

Што новага з'явілася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча


Фонды — гэтае самае каштоўнае, што ёсць у любым музеі свету, і, зразумела, усе музейныя супрацоўнікі актыўна і плённа працуюць дзеля іх папаўнення. Літаратурны музей Максіма Багдановіча не выключэнне, штогод у нашы фонды паступаюць рэдкія ці ўнікальныя прадметы, звязаныя з асобай пісьменніка, яго роднымі і блізкімі, сябрамі, калегамі, папярэднікамі і паслядоўнікамі. Наша задача таксама — выяўленне артэфактаў, звязаных з ушанаваннем памяці пра М. Багдановіча. Некаторыя прадметы, напрыклад, мастацкія творы, набываюцца для фондаў за кошт сродкаў, якія выдаткоўвае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, іншыя беларускія дзяржаўныя ці прыватныя ўстановы. 


Вялікую дапамогу ў зборы каштоўнасцей аказваюць сябры музея М. Багдановіча. Так, у 2023 годзе шыкоўны падарунак для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча зрабіў яраслаўскі гісторык Дзмітрый Фёдаравіч Полазнеў. Ён для беларусаў і ў прамым, і ў пераносным сэнсе не чужы чалавек, па-першае, напалову беларус, па-другое, у 1990-я гг., будучы на пасадзе дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея-запаведніка «Карабіха», узяў пад сваё крыло нованароджаны музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі. Летам мінулага года падчас камандзіроўкі супрацоўнікаў мінскага музея пісьменніка ў горад на Волзе Д. Полазнеў перадаў у фонды ўнікальнае выданне «Фатографы і фатаграфічныя атэлье Яраслаўскага краю (другая палова XIX — першая палова XX стст.)». Укладальнікі — Канстанцін Касцючэнка і Сяргей Ніканаў — добра вядомыя ў рэгіёне спецыялісты ў галіне гісторыі фатаграфіі. Двухтомны даведнік выдадзены ў Яраслаўлі ў 2019 годзе выдавецкім бюро «ВНД», невялікім накладам, пры фінансавай падтрымцы Ільі Смоліна. 

Выданне «Фатографы і фатаграфічныя атэлье Яраслаўскага краю» можна назваць сапраўдным летапісам яраслаўскай фатаграфіі. У рабоце над выданнем прымалі ўдзел шматлікія ўстановы, якія займаюцца захаваннем гістарычнай памяці, — музеі і архівы, а таксама прыватныя асобы — калекцыянеры, прафесійныя фатографы і аматары. Сярод дзяржаўных устаноў культуры — гісторыка-архітэктурныя і мастацкія музеі-запаведнікі Яраслаўля, Рыбінска, Растова, Пераслаўля-Залескага, Яраслаўскі мастацкі музей, Любімскі гісторыка-краязнаўчы музей, гісторыка-культурны комплекс «Вятское». З замежных устаноў удзел прыняў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, Беларусь), але пра гэта крыху ніжэй.

Першы том даведніка прысвечаны фотамайстэрням, якія дзейнічалі непасрэдна ў Яраслаўлі і Яраслаўскім павеце. Другі, адпаведна, распавядае пра фотасправу ў іншых паветах Яраслаўскай губерні, а таксама Пераслаўскім павеце Уладзімірскай губерні. Ва ўступным слове ўкладальнікі выдання звярнуліся да гісторыі фатаграфічнай справы ў свеце, падрабязна спыніліся на дзейнасці мясцовых майстраў святлапісу. Шмат інфармацыі выяўлена імі ў Дзяржаўным архіве Яраслаўскай вобласці, дзе захоўваюцца дакументальныя сведчанні дзейнасці фатографаў. Другім кірункам працы стаў пошук звестак у гістарычных і літаратурных крыніцах, перыядычным друку другой паловы ХІХ стагоддзя, сучасных навуковых публікацыях. Падчас работы над выданнем удалося вярнуць у Яраслаўль рэдкія здымкі, што, як пішуць укладальнікі, «пераўтварыла працаёмкае даследаванне ў хвалюючы пошукавы працэс, які ўвянчаўся адкрыццём малавядомых фактаў яраслаўскай гісторыі і публікацыяй унікальных выяў».

Прозвішчы фатографаў падаюцца па алфавіце, што значна спрашчае працэс пошуку інфармацыі пра кожнага з іх. Даецца кароткая біяграфія майстра, а таксама звесткі пра фотаатэлье, якім ён кіраваў ці дзе працаваў, у якасці ілюстрацый — адна ці некалькі найбольш адметных фатаграфій. Указваецца прозвішча фатографа ці назва атэлье, пры магчымасці даты, імёны асоб на здымках, дадаецца іх кароткая біяграфія. Падрыхтоўка яраслаўскага даведніка шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках, што прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў музея Максіма Багдановіча. У нашых музейных фондах захоўваецца шмат яраслаўскіх фотаздымкаў, сабраных на пачатку 1990-х падчас краязнаўчых экспедыцый па Яраслаўскім краі, а таксама перададзеных нашчадкамі родных паэта. Мы звязаліся з укладальнікамі выдання і прапанавалі ўключыць у яго фотаздымкі з фондаў беларускага музея. Наша ініцыятыва была падтрымана. Для яраслаўцаў было надзвычай важным, што мясцовыя фатографы зафіксавалі, так бы мовіць, знакамітых асоб. Хаця, зразумела, на момант здымак гімназіста Максіма Багдановіча ў 1909 ці ў 1911 годзе мала хто мог бы ацаніць маштаб асобы пісьменніка ці ўявіць яго ролю ў гісторыі беларускай літаратуры.

Для выдання «Фатографы і фатаграфічныя атэлье Яраслаўскага краю» з фондаў былі адабраны пяць музейных прадметаў, у тым ліку дзве візітныя фатаграфіі з атэлье П. І. Іваніцкага. На фота — гімназіст Максім Адамавіч Багдановіч і яго малодшы брат, таксама гімназіст, Леў Адамавіч Багдановіч. Здымкі датуюцца 1909 годам, паказаны іх адваротныя бакі. На адвароце фота Льва — запісы, зробленыя, верагодна, Нінай Барысаўнай Ватацы. Даследчыца атрымала каштоўныя падарункі ад нашчадкаў і падрыхтавала нататку «З сямейнага альбома Багдановічаў», якая была апублікавана ў часопісе «Беларусь», № 8, 1965 год. У якасці адной з ілюстрацый — фотаздымак Льва Багдановіча, абрэзаны, як і напісана на адвароце чырвоным алоўкам — «Оставить 3/5». Надзвычай каштоўным з’яўляецца фатаграфія Максіма Багдановіча, бо на яе адвароце аўтограф паэта — верш «Я нядужны, бязскрыдлы паэт…» і дата — 3 лютага 1910 года. У фатаграфічным даведніку пададзены адваротны бок здымка — партрэта М. Багдановіча, асобна прыведзены верш на беларускай мове і яго пераклад на рускую мову П. А. Сямыніна. 

Таксама ў выданне ўключаны два фотаздымкі з архіва зводнага брата паэта Мікалая Адамавіча Багдановіча. На адным з іх бацькі яго жонкі Веры Іванаўны Бялянінай, здымак зроблены ў атэлье «Французская фатаграфія», датуецца канцом ХІХ стагоддзя, на другім — маці Веры Бялянінай, фатаграфія зроблена ў атэлье Мікалая Фёдаравіча Ісерсона, 1890-я гг. Не менш цікавая апошняя фатаграфія з фондаў музея М. Багдановіча, уключаная ў яраслаўскі даведнік, — на ім Юрый Мікалаевіч Флаксерман. Здымак паступіў у фонды музея ў 1989 годзе, асабіста ад Флаксермана. У дакументах занатавана, што ён часам замяняў яраслаўскага фатографа Пракопія Іваніцкага. Дарэчы, па фондавых звестках і сястра Флаксермана працавала лабаранткай у атэлье Іваніцкага, а сам ён меў надзвычай багатую і цікавую біяграфію. Сапраўднае імя — Веніямін Абрамавіч, нарадзіўся ў 1895 годзе ў сяле Вялікім Яраслаўскай губерні. На пачатку ХХ стагоддзя працаваў памочнікам фатографа, потым займаўся рэвалюцыйнай і палітычнай дзейнасцю. Кандыдат тэхнічных навук, асуджаны на вялікія тэрміны. Пакаранне адбываў на Калыме і ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955 годзе, памёр у Маскве ў 1995 годзе.

У выданні, што ўбачыла свет у Яраслаўлі, былі сюрпрызы для супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На адным са здымкаў заўважылі мы стрыечную сястру паэта па лініі маці — Ганну Кіпрыянаўну Валасовіч. У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, разам з сям’ёй яна эвакуіравалася з Мінска ў Яраслаўль, вучылася ў мясцовай жаночай гімназіі, на здымку — у гімназічнай форме. Прыемна здзівіў яшчэ адзін здымак, на якім у групе людзей сядзіць бацька паэта — Адам Ягоравіч Багдановіч. Фатаграфія мае штэмпель атэлье «Мініяцюр» Якава Сурыца, датуецца 1923 годам. На фота, акрамя А. Багдановіча, — яраслаўскія дактары Лазар Самуілавіч Ландау, Іосіф Лазаравіч Страшун і жонка апошняга Ева Маркаўна Страшун. Вельмі цешыць тое, што здымак цяпер прэзентуецца ў экспазіцыі Дома-музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі.

Амерыканскі фатограф Салі Ман неяк заўважыла, што «фатаграфіі — гэта адчыненыя дзверы ў мінулае, але яны дазваляюць зазірнуць у будучыню». Прапануем разам з намі яшчэ раз перагарнуць старонкі даведніка «Фатографы і фатаграфічныя атэлье Яраслаўскага краю», каб паглядзець на вядомыя і невядомыя здымкі Багдановічаў, вялікая частка жыцця якіх прайшла ў старажытным прыгожым горадзе на Волзе. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім датычным да выдання, а асабліва — Дзмітрыю Фёдаравічу Полазневу за падарунак для музея.

Ірына МЫШКАВЕЦ

Загаловак у газеце: Фатаграфія — паміж мінулым і будучым

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.