Вы тут

Новы нумар «Нёмана»: напамін пра класікаў і роздум аб «новым рэалізме»


Другі нумар часопіса адкрываюць радкі лірычных твораў Уладзіміра Мазго ў перакладзе на рускую мову паэта Анатоля Аўруціна «И снова родится день». Лейтматывам цыкла гучыць памяць, якая рэалізоўваецца на ўзроўні песні, музыкі, кірмашу, прыродных замалёвак (праталіна, белая бяроза), пахаў вясны. Ніткі памяці звязваюць сэрца лірычнага героя з родным краем.


Покуда озаряет солнце

Округу звонкую мою,

Пока оно моргает сонно,

Ему внимаю... И молю:

— Даруй нам, Господи, спасенье

От всех грехов, от новых бед!

Пусть будет вечно птичье пенье

И вечен утренний рассвет!

У «белай кашулі» свежы, як вецер, упершыню ўрываецца на старонкі часопіса лірычны цыкл Аляксея Баранава. Безумоўны паэтычны дар аўтара праяўляецца ў гармоніі формы і зместу, віртуозным валоданні словам, калі за немудрагелістымі метафарамі і параўнаннямі хаваецца глыбокі сэнс. Так, лірычны герой у белай кашулі смела ідзе па жыцці: ён прыгожы, паспяховы, ганарыцца тым, што можа вырашыць любыя праблемы. Ён прыстойны чалавек, і чытач настройваецца на лёгкія разважанні. Але нечаканая канцоўка парушае прадказальнасць — герой дабягае да Бога:

Сынок, где ты бегал? —

Он спросит любя. —

Запачкалась очень

Рубашка твоя...

Аляксей Баранаў умее быць сур’ёзным, узнімаючы тэмы адказнасці за слова («Я начинаю взвешивать слова»), справу («Есть такое слово надо») і, вясёлым, калі з гумарам разважае аб блізкасці Кітая кожнаму спажыўцу («китайская ваза, китайская кружка», «китайские гвозди держат планету»), пра «звольненую» за сапсаванае жыццё дыету («Жили-были, да без бед // Завтрак, ужин и обед»). Атрымаўся яркі дэбют, які запамінаецца адметным аўтарскім стылем.

Не менш удалым трэба прызнаць творчы дэбют паэтэсы Алены Бельскай з яе філасофскім цыклам «Уж сколько лет я рада февралям...». Ненавязліва аўтар прапануе чытачу задумацца аб межах паміж сапраўдным і фальшывым, каштоўным і бескарысным, вечна юным і састарэлым. Можна змірыцца з шэрасцю і нікчэмнасцю існавання, а можна жыць напоўніцу, дыхаць на поўныя грудзі, цалкам аддавацца любімай справе, каб напоўніць жыццё сэнсамі, адзначае лірычная гераіня.

Мне нравится, что до сих пор живу...

Что хочется любви и красоты...

И то, что сны рисуя наяву,

Я не жалею новые холсты.

У памяць пра вядомага беларускага паэта, перакладчыка і выкладчыка Міколу Шабовіча Аліна Легастаева прадстаўляе на старонках нумара яго праніклівую лірыку, якая кранула яе да глыбіні душы. Невыпадкова яна называе Мікалая Віктаравіча светлым рамантыкам нашага часу: у яго лірыцы адлюстраваны ідэальны ў сваёй складанасці свет душы лірычнага героя, які запалонены пачуццём кахання, захапленнем сваёй музай, жаданнем ніколі не расставацца з крыніцай высокіх эмоцый:

Оставайся земной такой,

Как в саду молодая вишня.

Растревожь мой ночной покой,

И — «люблю» — прошепчи чуть слышно.

Творчасць шматграннага паэта Міколы Шабовіча заслужана ўвайшла ў скарбніцу гісторыі беларускага пісьменства.

Напамінам пра класікаў беларускай літаратуры з’яўляецца рубрыка «Документы. Записки. Воспоминания». Так, Дзмітрый Давідоўскі знаёміць з дакументамі з фондаў Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва (Масква) — фонду Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В. Я. Брусава і фонду савецкага празаіка Сцяпана Злобіна, датычнымі біяграфіі Уладзіміра Дубоўкі, а менавіта перыяду яго вучобы ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Я. Брусава. Гісторыя знакамітага інстытута, заснаванага ў 1921 годзе, якім кіраваў апантаны і нястомны Валерый Брусаў. Прадстаўлены анкета беларускага паэта, атэстацыйная ведамасць, якія ўдакладняюць як біяграфічныя даныя класіка, так і ўзровень адукацыі, які атрымлівалі маладыя таленты ў першым інстытуце, дзе прафесійна рыхтаваліся паэты.

У лютаўскім нумары прадстаўлена і падборка лістоў перакладчыкаў, пісьменнікаў, рэдактараў і выдаўцоў да народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, якія захоўваюцца ў асабістым архіве сям’і. У іх раскрываюцца грані пісьменніка як вернага сябра і памочніка калегам, грамадскага дзеяча.

З раней неапублікаванага ва Уладзіміра Караткевіча другі нумар «Нёмана» знаёміць з быллю «Славянін» (1960), дзе гучаць тэмы гістарычнай памяці і асабістай адказнасці за радзіму, якія асабліва востра стаяць у пераломныя культурна-гістарычныя моманты. Твор распавядае пра хлопчыка, які стаў сведкам подзвігаў абаронцаў радзімы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Адказнасць, служэнне, боль — такімі канцэптамі можна пазначыць «Старонкі дзённіка» беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Башлакова.

Па-першае, сам факт публікацыі дзённікавых запісаў сведчыць пра велізарную ступень даверу аўтара да сваіх чытачоў, па-другое, пра яго неабыякавасць, якая мяжуе з адчайным болем ад таго, «што здзяйсняецца дома». Урэшце, такая форма зносін з аўдыторыяй з дапамогай немастацкай формы мае даўнюю традыцыю, што ўказвае на творчую сталасць аўтара, назапашаны досвед, які дазваляе падвесці яго думкі да філасофскіх разважанняў. 

Дастаткова згадаць «Дзённікі» Л. Талстога, «Дзённік пісьменніка» Ф. Дастаеўскага, «Нататкі пісьменніка» П. Струвэ, «Нататнік» І. Буніна, дзе аўтары дэкларавалі сваё стаўленне да розных падзей, гісторыі і яе творцаў, пісьменніцкай дзейнасці, культурных мерапрыемстваў (знешняя канва) і прыадкрывалі заслону таямніц уласнай творчасці і сваёй індывідуальнасці (унутраны змест). Апошняе асабліва важна, паколькі вучыць адразу некалькім рэчам: уменню слухаць паэта і здольнасці ўслухоўвацца ў сакральныя сэнсы яго быцця.

Пры чытанні першых старонак дзённіка Міхася Башлакова ўзнікае адчуванне нейкага дыскамфорту, нязручнасці ад залішняй шчырасці паэта, прамога папроку нядбайным сучаснікам, пад якімі разумеюцца неглыбокія чытачы, рамеснікі ад паэзіі, лянівыя крытыкі, абыякавыя чыноўнікі ад культуры. Але па меры ўдумлівага чытання, а некаторых фрагментаў — і паўторнага, за радкамі пачынаеш чуць плач незразумелага паэта, крык самотнага ў пустыні павярхоўных фраз і значэнняў грамадзяніна, лямант адзінокага ў безаблічным натоўпе чалавека.

«Как и в моих стихах, неравнодушных и откровенных, в этих дневниковых записях так же щемит и трепещет моя душа от горечи и боли из-за несправедливости, которая, к сожалению, встречается в нашей жизни достаточно часто... Но без надежды поэта не бывает».

Пра тое, што літаратурная крытыка яшчэ жывая, сведчыць у тым ліку з’яўленне маладых літаратуразнаўцаў. Як выкладчык-філолаг са шкадаваннем канстатую, што ахвотных займацца навуковым вывучэннем і глыбокім каменціраваннем літаратуры сярод студэнтаў усё менш. Такі час... Прыходжу да высновы, што сучасны чалавек паслаблены камфортам, а ад таго не жадае і не здольны ахвяраваць ні часам, ні сіламі. А навука патрабуе ахвяр. Літаратура — асабліва, таму што кожны аўтар «чакае» максімальнага саўдзелу крытыка ў існаванні свайго мастацкага свету. Таму літаратура — сфера для абраных, творы — адзінкавы тавар, і прыходзяць у літаратуразнаўства толькі апантаныя словам. 

Так і мая вучаніца і дыпломніца Анастасія Сізікава да гэтага часу вагаецца ў выбары свайго шляху: працягнуць вучобу ў магістратуры і займацца даследаваннем упадабанай ёй творчасці сучаснага пісьменніка Алега Ждана-Пушкіна або выбраць спакойны шлях карэктара выдавецтва. І, паверце, перад такім выбарам апынаюцца дзясяткі таленавітых выпускнікоў, выбіраючы часцяком дзейнасць радавога супрацоўніка.

Хочацца выказаць падзяку Алегу Аляксеевічу за цёплы прыём, адкрытую цікавую гутарку з Анастасіяй і, вядома, за яго творчасць, якая сугучная спадзяванням сучаснага чалавека.

А. Сізікава разглядае творчасць А. Ждана ў рэчышчы сучаснага кірунку ў лі-таратуры — «новага рэалізму». «Новы рэалізм» — кірунак (праект, метад) у літаратуры XX — першай трэці XXI стагоддзя, які ўзнік як рэакцыя на постмадэрнізм. «Новыя рэалісты» ўвайшлі ў літаратуру ў 1990-я гады, калі яна літаральна задыхалася ад татальнага засілля «мёртванароджаных постмадэрнісцкіх тэкстаў» з характэрнай для іх адсутнасцю персанажаў-асоб і адкрыта здзеклівым стаўленнем да чалавека. Да прадстаўнікоў «новага рэалізму» адносяць С. Шаргунова, А. Карасёва, М. Папова, Г. Садулаева, З. Прылепіна, М. Елізарава, Р. Сенчына і іншых пісьменнікаў.

У творчасці А. Ждана малады крытык на матэрыяле зборніка аповесцей «Геній» выяўляе наступныя эстэтычныя прынцыпы «новага рэалізму»: нарысавае апісанне рэалій сучаснасці, аўтабіяграфізм (аўтар закліканы апісваць выключна тое, праз што прайшоў сам, свой уласны досвед, няхай гэта будзе сямейны, прафесійны, палітычны, вайсковы), адсутнасць дыдактызму, навязанага настаўніцтва, незалежнасць працэсу і выніку мастацкай творчасці, прыніжаны ўзровень звароту да духоўнасці, практычная адсутнасць рэлігійна-маральнай этычнай устаноўкі. Адсюль — адсутнасць ідэалаў, узораў для пераймання; жыццё як паўтарэнне звыклага сцэнарыя з пакалення ў пакаленне; трагедыйнае, тупіковае ўспрыманне свету, акцэнт на будзённасць, руціннасць жыцця; адсутнасць высокіх мэт як у асабістым, так і ў грамадскім жыцці; застаюцца рысы мадэрнісцкай літаратуры (інтэртэкстуальнасць, цытацыя, акцэнт на гульнявое адлюстраванне свету, абсурднасць, імпрэсіянізм, бессаромны натуралізм, трагізм быцця). Галоўнае месца ў мастацкіх творах «новага рэалізму» займае вобраз канкрэтнага, рэальнага чалавека. 

Анастасія Сізікава сцвярждае, што адным з прадстаўнікоў «новага рэалізму» ў рускамоўнай літаратуры Беларусі з’яўляецца Алег Ждан-Пушкін, які сваёй творчасцю адстойвае інтарэсы і маральныя каштоўнасці класічнай рускай літаратуры з уласцівым ёй псіхалагічным антрапацэнтрызмам. 

Пекла — гэта тое, што чалавек носіць у сабе, пекла — гэта іншыя. Праз гэтыя экзістэнцыяльныя тэзісы раскрываюцца лёсы герояў цыкла апавяданняў Сяргея Клімковіча «Тры гісторыі кахання», дзе за пошласцю і мяшчанствам паўсядзённай гонкі за матэрыяльнымі дабротамі, «вечнай маладосцю», хваравітым запалам героі дарэмна спрабуюць знайсці сябе ў рэчышчы ўсеагульнага вар’яцтва.

Для героя апавядання Ларысы Калужэнінай «Жабрак» у шалёным свеце знаходзяцца якаркі выратавання — гэта выпадковая сустрэча з роднымі на каляднай імшы ў касцёле, зносіны з «жабраком», хлопцам з раёна, які без грошай зрываецца ў горад, каб знайсці сваю каханую. Мімаволі задумваешся, што, мабыць, сапраўды, час герояў у літаратуры мінуў, а ад таго ў сучасных пісьменнікаў больш атрымліваюцца сюжэты пра мінулае, дзе ёсць месца і гераізму, і падзвіжніцтву.

Не важна, якую форму-адзенне носіць чалавек у пераломны гістарычны момант — важна, якое сэрца б’ецца пад «шынялём», — пра гэта аповесць Вячаслава Раменчыка «Савоська». Вобраз Савоські — анёла, святога, дзіцяці, духу сям’і, апекуна роду становіцца канцэптаўтваральным у аповесці, напісанай у традыцыях гуманістычнага пафасу літаратуры пра вайну.

«И сейчас, через много лет, бережно храня в душе те майские посиделки, я люблю после весеннего дождика остановиться, замереть у придорожного куста с распустившейся сиренью и утонуть лицом во влажном пышном цветении, ощущать кожей мягкие нежные бутончики с теплыми капельками дождя, осторожно впитывать любимый запах — с наслаждением, неспешно, почти бесшумно, одним мягким глубоким вдохом».

Значыць, будзем жыць.

Таццяна СІДАРАВА

Загаловак у газеце: Напамін пра класікаў і роздум аб «новым рэалізме»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.