Вы тут

У сакавіку часопіс «Алеся» распачынае новы праект «Іх імёнамі названыя»


Трэніроўкі касмічных экіпажаў, у складзе якіх і нашы суайчынніцы — Марына Васілеўская і Настасся Лянкова, новы праект «Алесі», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі, светлая місія мастацтва і сакрэты выхавання ад загадчыка дзіцячага сада — у сакавіцкім нумары часопіса.


Урокі памяці

У сакавіку «Алеся» распачынае новы праект «Іх імёнамі названыя», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З серыі публікацый чытачы даведаюцца пра мужных і адважных жанчын, якія ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам. Іх імёнамі названы вуліцы Мінска. У сакавіцкім нумары журналіст «Алесі» расказвае пра Героя Савецкага Саюза Марыю Іозаўну Мельнікайтэ і пра вуліцу яе імя.

Сапраўдным урокам памяці для маладога пакалення з’яўляецца гісторыя Эміліі Аляксандраўны Капыток з Барысава. На старонках часопіса былая зняволеная шасці фашысцкіх канцлагераў расказвае пра жахлівыя выпрабаванні, праз якія ёй давялося прайсці, неверагодную мужнасць і вялікую любоў да жыцця. А таксама пра сямейнае шчасце з мужам Анатолем Сцяпанавічам, якое доўжыцца ўжо сем дзесяцігоддзяў.

«Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі»

У прымеркаванай да юбілею часопіса рубрыцы «Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі" чытачы зноў сустрэнуцца з нашай сучасніцай у вобразе гераіні савецкай эпохі. Гэтым разам пра сваю працу і захапленні расказвае балерына Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Марыя Разанава, якая сфатаграфавана ў вобразе гераіні вокладкі № 1 «Работніцы і сялянкі» за 1967 год. 

— Любімай ролі ў мяне няма, да ўсіх стаўлюся з адказнасцю, не магу сабе дазволіць недапрацаваць. Нават калі станцавала тую ці іншую партыю 30 разоў, усё роўна пражыву яе на сцэне наноў, — расказвае артыстка балету. 

«У мастацтва — светлая місія»

Мастачка Ксенія Місан-Быстрова параўноўвае жанчыну з вадой, якая незаўважна цячэ пад зямлёй, поіць дрэвы, кветкі і травы. Выходзіць на паверхню чыстай крыніцай. Можа быць ракой, а можа — снегам. 

— Так і жанчына: вечна мяняецца, застаючыся пры гэтым сабой, — дзеліцца мастачка.

Ксенія Місан-Быстрова працуе ў тэхніцы бацік, стварае акварэлі, дэкаратыўныя пано, барэльефы і аўтарскую кераміку. Рэгулярна ўдзельнічае ў выстаўках. Незабыўнай атрымалася выстаўка яе работ у ГЦ «Сталіца» ў межах праекта Беларускага саюза жанчын «Яе рук справа» ў першым месяцы вясны мінулага года. 

Ксенія Місан-Быстрова лічыць, што ў мастацтва светлая місія, бо яно можа зрабіць наш свет лепшым.

«Дзеці — выдатныя суразмоўцы»

Пасля Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Андрэй Дзмітрук скончыў гістарычны факультэт БДПУ ім. М. Танка і мог бы выкладаць гісторыю ў школе, але аддаў перавагу працы выхавацеля дзіцячага сада. Сёння ён загадвае дзіцячым садам N 252 сталіцы. У мінулым годзе стаў пераможцам Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» у намінацыі «Малады загадчык установы дашкольнай адукацыі».

У размове з журналістам «Алесі» 30-гадовы кіраўнік дзеліцца сваім поглядам на пакліканне, дзяцей і сям’ю.

— Дзеці — выдатныя суразмоўцы: шчырыя, даверлівыя, дапытлівыя, непасрэдныя. Вельмі важна захаваць у іх усё лепшае, раскрыць закладзены патэнцыял, падрыхтаваць да школы, сацыялізаваць, — кажа Андрэй Дзмітрук.

«Я патрапіла ў дзясятачку!»

Індыйская культура вабіла спявачку Святлану Агарвал з дзяцінства. Сёння яе імя ўнесена ў Сусветную кнігу рэкордаў Лондана ў намінацыі «Сусветныя выканаўцы» за ўклад у развіццё культурных адносін Беларусі і Індыі. Артыстка папулярызуе індыйскую культуру ў нашай краіне, а ў Індыю прывозіць з сабой часцінку культуры беларускай. За гэтым стаіць штодзённая карпатлівая праца.

Не так даўно спявачка прэзентавала песню «Парфумер» і зняла кліп на яе, у якім галоўную мужчынскую ролю выканаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха.

— Па завяршэнні кліпа я зразумела, што патрапіла ў дзясятачку! Атрымалася прыгожае міні-кіно пра каханне, — расказвае спявачка.

Здароўе, святочнае адзенне і модныя трэнды ў абутку

Загадчык нефралагічнага аддзялення ГКБ N 4 Мінска Ігар Анішчанка тлумачыць, як не прапусціць сур’ёзныя захворванні нырак. Дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда раіць, як апранацца па ўрачыстых выпадках. Акрамя гэтага, з сакавіцкага нумара «Алесі» вы даведаецеся аб вартасцях і недахопах расліннага малака, сакрэтах іспанскай кухні, модных трэндах у абутку на вясну гэтага года. Прачытаеце апавяданне Ірыны Салаты «Талісман кахання». А таксама даведаецеся, якія кніжныя навінкі ўбачылі свет у лютым у Выдавецкім доме «Звязда».

Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава! 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.