Вы тут

На Віцебшчыне ўзнагародзілі нераўнадушных грамадзян


Добрай традыцыяй ва Упраўленні ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама стала ўзнагароджанне нераўнадушных грамадзян, якія дапамагаюць праваахоўнікам раскрываць злачынствы і папярэджваць здарэнні. Такіх смелых і неабыякавых людзей у паўночным рэгіёне хапае, паказальна, што сярод узнагароджаных ёсць і дзеці.


У выніку актыўнай дапамогі і спагадлівасці насельніцтва УУС Віцебскага аблвыканкама з 2009 года праводзіць патрыятычную акцыю «Грамадзянская мужнасць». Сёлета яе героямі сталі шэсць чалавек. У намінацыі «Самы юны ахоўнік правапарадку» адзначаны тры... дзяўчынкі. 13-гадовая жыхарка вобласці Дар’я Мароз, вучаніца Крынкаўскай школы Лёзненскага раёна, знайшла кашалёк, у якім знаходзілася 1500 долараў і больш за 200 беларускіх рублёў, а яшчэ членскі білет БРСМ з прозвішчам. Дзяўчынка паведаміла аб знаходцы сваёй маці, а тая перадала інфармацыю ў Лёзненскі РАУС.

12-гадовыя віцябчанкі Анастасія Трус і Дана Пчалаводава знайшлі ў лесапаркавай зоне «Юр’ева гара» мабільны тэлефон. Дзяўчынкі аднеслі яго маці Анастасіі, а тая паведаміла аб гэтым праваахоўнікам Чыгуначнага РАУС г. Віцебска. У ходзе правядзення агляду інфармацыі, якая змяшчалася ў гаджэце, былі атрыманы сведчанні аб супрацьпраўнай дзейнасці двух мужчын — распаўсюджванне асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва «альфа-РVР» шляхам размяшчэння закладак на тэрыторыі Віцебска.

Педагог-псіхолаг адной са школ горада Наваполацка па выніках дыагностыкі выявіла факт сексуальнага гвалту ў адносінах непаўналетняй вучаніцы. Настаўнік перадала інфармацыю дырэктару ўстановы адукацыі, пасля чаго ў сітуацыі сталі разбірацца праваахоўнікі. Аператыўнікі ўстанавілі, што 34-гадовы жыхар Наваполацка на працягу некалькіх гадоў здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару ў адносінах сваёй дачкі, якая нічога не расказвала маці. Злачынец затрыманы.

У намінацыі «Народны дэтэктыў» адзначаны Аляксандр Данілаў, які ў сакавіку мінулага года заўважыў у лесапаласе двух невядомых мужчын, якія ў ходзе размовы прызналіся, што шукаюць закладкі. Аляксандр Іванавіч паведаміў аб гэтым старшыні сельвыканкама, а той патэлефанаваў у Віцебскі РАУС. У ходзе затрымання аўтамабіля, які належаў аднаму з падазраваных, аператыўнікі знайшлі асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — парамецілэфедрон. Па дадзеным факце была ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў.

Самым смелым і рашучым стаў студэнт 4 курса МІТСО Арцём Байрамаў, які аказаў дапамогу супрацоўнікам Верхнядзвінскага РАУС у затрыманні злачынца. У студзені бягучага года маладому чалавеку патэлефанавала знаёмая Ганна, якая прасіла прыехаць па дапамогу. Калі юнак аказаўся ў пад’ездзе дома, каля якога яго чакала знаёмая, то ўбачыў кроў, бацькоў Ганны і невядомага мужчыну ў стане алкагольнага ап’янення з нажом у руцэ. Паранены бацька дзяўчыны трымаў руку злачынца з нажом, тады Арцём не разгубіўся і выбіў халодную зброю. Маладому чалавеку ўдалося скруціць незнаёмца, вывесці на вуліцу і ўтрымліваць да прыезду праваахоўнікаў.

Усіх гэтых сумленных і рашучых герояў віншавалі ў Віцебскім УУС. «Акцыя „Грамадзянская мужнасць“ — гэта мерапрыемства, на якім мы ўшаноўваем тых, хто не прайшоў міма злачынства. Гэта людзі, якія не разгубіліся ў экстрэмальных сітуацыях, праявілі мужнасць, стойкасць, грамадзянскую адказнасць і дапамаглі затрымаць парушальнікаў закона. Сапраўды героі нашага часу, якія ў крытычны момант не думаюць пра тое, дапамагаць міліцыі ці не, а проста дзейнічаюць. Упэўнены, што па-іншаму яны б і не паступілі. Сёння наша работа — па першым званку прымаць меры для затрымання злачынцаў. Але ёсць людзі, якія бачаць тое, што адбываецца, першымі. Іх рэакцыя высакародная і ўсім зразумелая: зло павінна быць пакаранае», — адзначыў першы намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксей Шаховіч, уручаючы заслужаныя ўзнагароды.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота УУС Віцебскага аблвыканкама

Загаловак у газеце: Надзейная апора міліцыі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.