Вы тут

Скараціўся аб’ём спажывання прыроднага газу


«Зніжэнне аб’ёму спажывання прыроднага газу за мінулы год у параўнанні з узроўнем 2022-га склала амаль 10 %, або каля 1,7 мільярда кубічных метраў», — паведаміў Віктар Каранкевіч на выніковай калегіі міністэрства. Па яго словах, у першую чаргу гэта звязана з работай Беларускай атамнай станцыі. Другі фактар — комплекс энергазберагальных мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца ў краіне і таксама даюць свой эфект. У прыватнасці, у энергасістэме за кошт рэалізацыі такіх мерапрыемстваў сэканомлена больш за 110 тысяч тон умоўнага паліва. Трэці — гэта ўцягванне ў энергабаланс краіны мясцовых відаў паліва, якое таксама дазваляе замяшчаць выкарыстанне імпартаванага прыроднага газу.


БелАЭС выпрацавала звыш 25 млрд кілават

Кіраўнік Мінэнерга праінфармаваў, што ў мінулым годзе арганізацыі галіны выканалі даведзеныя ўрадам заданні і ключавыя паказчыкі, забяспечылі надзейнае забеспячэнне энергарэсурсамі спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. Працягвалася сістэмная работа па абнаўленні асноўных вытворчых фондаў арганізацый энергетычнага комплексу, павышэнні надзейнасці работы энергасістэмы. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы рэалізаваныя важныя для галіны інвестыцыйныя праекты.

Самай маштабнай падзеяй стаў увод у прамысловую эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі. З моманту ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму першага энергаблока станцыя выпрацавала 25,4 мільярда кВт.г электрычнай энергіі. Гэта дазволіла замясціць звыш 6,7 мільярда кубічных метраў прыроднага газу. Праект стаў добрым стымулам для росту электрычнага спажывання ў краіне — па выніках 2023 года гэты паказчык вырас на 2,5 мільярда кВт.г, або на 6,6 % у параўнанні з 2022 годам і склаў 41,1 мільярда кВт.г. Пры гэтым 28,5 % ад агульнага аб’ёму забяспечана за кошт выпрацоўкі электраэнергіі Беларускай атамнай станцыяй.

Рост электраспажывання забяспечаны як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам. Гэта развіццё энергаёмістых вытворчасцяў, электратранспарту, выкарыстанне электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Будуць пашыраны работы па мадэрнізацыі электрасетак

«Для задавальнення ўзрослых патрэбнасцяў у электраэнергіі рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва ў краіне шырока праводзяцца работы па рэканструкцыі электрасеткавай інфраструктуры. У 2022 годзе энергазабеспячальнымі арганізацыямі пабудавана і мадэрнізавана 1,7 тысячы кіламетраў электрасетак, а летась — ужо каля 2,7 тысячы кіламетраў. Сёлета стаіць задача павялічыць гэты аб’ём да трох тысяч кіламетраў», — сказаў Віктар Каранкевіч.

Разам з мадэрнізацыяй электрасетак працягваюцца работы па рэканструкцыі падстанцый розных класаў напружання. Большасць з гэтых праектаў рэалізаваныя з ужываннем найноўшых тэхналогій аўтаматызацыі і лічбавізацыі, што істотна павышае надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў.

На чатырох буйных электрастанцыях — Бярозаўскай і Лукомльскай ГРЭС, Наваполацкай ЦЭЦ і Мінскай ЦЭЦ-5 — завяршыліся асноўныя работы па будаўніцтве пікава-рэзервовых энергетычных крыніц з устаноўкай высокаманеўранага генеравальнага абсталявання сумарнай магутнасцю 800 МВт. 

Газіфікавана каля 13 тысяч кватэр і дамоў

Газазабеспячальнымі арганізацыямі ў 2023 годзе ўведзена ў эксплуатацыю каля адной тысячы кіламетраў газаправодаў розных катэгорый, газіфікавана прыродным газам каля 13 тысяч кватэр і домаўладанняў. Блакітнае паліва падведзена да 56 сельскіх населеных пунктаў, з іх 17 — аграгарадкі. Агульная працягласць газавых сетак перавышае 67 тысяч кіламетраў.

Праведзена комплекснае прыборнае абследаванне 8,5 тысячы кіламетраў падземных газаправодаў. У мэтах павышэння бяспекі абанентаў — карыстальнікаў прыроднага газу на газавых стаяках і ўводах заменена 13,8 тысячы адзінак нацяжных кранаў на шаравыя. Заменена 154 тысячы адзінак маральна састарэлага бытавога газавага абсталявання.

Торфу хопіць усім, яшчэ і на экспарт застаецца

Арганізацыямі тарфяной галіны летась здабыта 2,2 мільёна тон торфу. За справаздачны перыяд выраблена больш за 1,2 мільёна тон тарфяной прадукцыі паліўнага і каля 136 тысяч тон непаліўнага прызначэння. Патрэбы ўнутранага рынку задаволены ў поўным аб’ёме. Вялася сістэмная работа і па развіцці экспарту. Летась на знешнія рынкі адгружана 150 тысяч тон тарфяной прадукцыі на суму звыш 12 мільёнаў долараў. Пастаўкі ажыццяўляліся больш чым у 20 краін.

Пляцоўка для сховішча радыеактыўных адходаў пакуль не вызначана

Як адзначыў кіраўнік Мінэнерга, пляцоўка для размяшчэння рэспубліканскага сховішча радыеактыўных адходаў пакуль не вызначана. Ідзе аналіз раёнаў і тэрыторый, дзе яно патэнцыйна магло б размясціцца. Пры гэтым улічваюцца ўсе аспекты: экалагічныя, эканамічныя, сацыяльныя, арганізацыйныя, тэхнічныя.

У гэтую работу актыўна ўцягнутая Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі.

Першую чаргу сховішча плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 2030 года. Перад пачаткам будаўнічых работ будуць арганізаваны грамадскія слуханні па праекце ў Беларусі, а таксама разам з сумежнымі дзяржавамі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.