Вы тут

Куды конь не вязе, туды ехаць не трэба


Куды конь не вязе,

туды ехаць не трэба

У залатую пару майго дзяцінства ў роднай вёсцы Радкава амаль кожны гаспадар трымаў кароўку, а то і дзве, на сталах заўжды былі свае малачко, смятанка, тваражок, сыры…

Праўда, каб усё гэта мець, людзі з вясны да глыбокай восені ездзілі на балота, дзе на кожны двор калгас адмяраў дзялянку, дзе зноў жа кожны гаспадар (ці гаспадыня) нарыхтоўваў сена не толькі для сваіх кароў, але і для калгасных (па справядлівасці (?): адзін воз сабе, два — у калгас (калі на адну сваю кароўку трэба чатыры-пяць вазоў, на дзве — адпаведна дзесяць, то ў калгас — у два разы болей! Уявілі, колькі стагоў стаяла?). Тады скажу, што забраць іх можна было толькі ўзімку, па лёдзе. Так што з надыходам маразоў нашы мужчыны запрагалі коней і…

Мне тады гадоў дзевяць было. Седзячы ў акне, я бачыла, як тата, кладзе ў сані вілы, граблі, «рубель» (жэрдку, якой уціскалі сена) — выязджае з двара і... «знікае», бо за мяцеліцай — свету не відаць!

Аднак возчыкі (тата потым расказваў) усё ж з’ехаліся да крамы (там месца збору было), параіліся і вырашылі, што з-за мяцеліцы планаў мяняць не будуць: абоз рушыў на балота.

Першым (на старым кані, які добра ведаў дарогу), ехаў самы вопытны з мужчын Павел Баркоўскі. За ім, хаваючы твары ў высокія каўняры кажухоў, тата ды іншыя.

Недзе праз паўгадзіны Павел спыніў каня, за ім спыніліся ўсе астатнія: не зразумелі, што за вёска на шляху, бо ніякай быць не павінна?.. Вырашылі каго з маладзейшых адправіць да першай хаціны — спытаць, куды яны трапілі?

Наймаладзейшым аказаўся тата. Ён забег у двор, пастукаў у шыбу. «Скажыце, якая гэта вёска?» — спытаў у гаспадыні, што выйшла на ганак. Яна зірнула на «госця» і засмяялася: «Што з табой, Віця? Ты свайго Радкава не пазнаў?» — «Вой, цётка Феня, і сапраўды!» — засмяяўся тата; рушыў назад да возчыкаў, і цяпер ужо рагаталі яны.

Адсмяяўшыся, сталі вырашаць, што рабіць далей? Большасць была за тое, каб ехаць па сена, бо скаціну ж трэба карміць, у гумнах пуставата…

Абоз зноў рушыў у бок балота, і хвілін праз сорак у яго на шляху зноў «паўсталі» будынкі. Самага маладога і на гэты раз адправілі папытацца, што тут за вёска? Але цяпер тата ў вакно ўжо не стукаў — ён проста зазірнуў: ля печы тупала ўсё тая ж цётка Феня, якая жыла ў самым канцы нашай доўгай (у два кіламетры) вуліцы.

З гэтай «навіной» тата вярнуўся да возчыкаў. І тады ўжо самы старэйшы сказаў, што конь — жывёла разумная, і калі яна сёння на балота 
іх не вязе, значыць ехаць туды не трэба.

Мужчыны згадзіліся, паселі ў сані і — з думкай, што па сена трэба ездзіць у добрае надвор’е, — пакіравалі па дамах.

...З той пары шмат часу прайшло: адышлі ў нябыт дарагія мне людзі, апусцела вёска. Але ж варта разгуляцца мяцеліцы, і я абавязкова ўспомню, як тут віравала жыццё і як... пахла сена, якое сушылі-складалі на балоце, а зімой прывозілі ў гумно.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Салігорскі раён

З мёдам і каліна — маліна!

Часам чытачы заўважаюць, што раней гісторыі ў нашым «Провадзе» былі цікавейшыя... Я нават скажу чаму: таму што людзі жылі прасцей, забавы самі сабе прыдумлялі. Можа, не зусім бяскрыўдныя, але ж не злыя: грошы з картак не здымалі, старых не абдурвалі, як гэта робіцца сёння…

У нашай моладзі прыкметай «харошага тону» лічылася «жарт састроіць»: то ноччу кветкі парваць (ці з карэннем выкапаць), то на комін шкло пакласці (гаспадыня раніцай у печы запаліць, а ўвесь дым — на хату), то на канюшні сані сцягнуць, каб усёй аравай з гары пакатацца... І няма бяды, што, з’ехаўшы, сані трэба ўверх зацягваць, гэта ж — цяжка! Затое весела!.. А па чужых садах і агародах палазіць дык сам Бог загадаў! Прычым выраблялі ўсё гэта не толькі хлапчукі, але і дзяўчаткі.

Дык вось. Неяк раз увечары кампанія такіх юных паненак задумалася, што б такое ўтварыць? «Нешта мне мядку захацелася... І каб уволю... Хоць раз!» — прамовіла адна. Другая — тут жа: 

«А давайце ў Танінага дзеда вулей скрадзем!» — «Давайце!» — тут жа падхапіла сама Таццяна (адна справа, калі дзед частуе... Зусім іншая — калі самой узяць! Гэта ж куды смачней атрымаецца! А да ўсяго — яна ў час «аперацыі» самай галоўнай будзе, бо пчальнік ахоўвае Тузік, сабака Баскервіляў (у мініяцюры)! Таню ён ведае і прапусціць, а вось іншых... Нават не падыходзь!..).

Пчальнік у дзеда быў вялікі: на дрэвах і цяпер калод колькі вісіць (праўда, рэдкая пчала залятае... хіба падзівіцца...). А тады ўсё дагледжана было. І пад аховай Тузіка: дзед у старым вуллі лаз зрабіў, якраз па яго памерах — атрымалася будка... Ад яе — ланцуг метраў з дзесяць: сабака любіў паводдаль і пабегаць, і паляжаць, і выскачыць, адкуль не чакалі... Ведама, вартаўнік: ён сваю службу сумленна нёс.

А тут дзяўчаты — утрох (астатнія на шухеры, у чаканні мядку).

Дзедаву ўнучку Тузік здалёку пазнаў і нават не гаўкнуў — пачакаў, пакуль пагладзіць... «Падзельніцы» ў гэты час адзін з вулляў за «ручкі» і ходу. З усіх ног бягуць, уцякаюць, але ж чуюць, што ззаду ў іх нешта шамаціць. Азірнуліся — ланцуг цягнецца, на тым канцы — сам Тузік (бо што яму яшчэ застаецца: ён жа да будкі прывязаны, а будку панеслі)…

У дзяўчат жа душа ў пяткі: думалі, што сабака за імі гоніцца. Кінулі вулей…

І тут жа Тузік адстаў: не зразумеў ён, што гэта было?

І дзед раніцою «рэпу часаў»: прыйшоў на пчальнік — вуллі ў парадку, пчолкі гудуць. Сабака пры будцы, а вось будка ўжо не на месцы — у іншым баку пчальніка. «От жа, быдлы, — стаў сварыцца на некага дзед. — Мусіць, мёду хацелі? І не, каб папрасіць!»

...Як ні дзіўна, ні ў той дзень, ні потым, ні ў дзедавай сям’і, ні ў вёсцы гутаркі пра гэтую прыгоду не было. Толькі праз гады, апынуўшыся ў адной кампаніі, даўно дарослыя дзяўчаты ва ўсіх падрабязнасцях сталі ўзгадваць свой «подзвіг» і гэтак рагатаць…

Унукі зразумець не маглі, няўжо іх бабулі гэткім глупствам займаліся? Гэта ж так не цікава…

Сённяшнім маладым і сапраўды лепш у інтэрнэце пасядзець.

І што пасля ўспамінаць? Ніякіх жа прыгод, ніякай рамантыкі: ну, каб глупства — але ж каб весела!

Маладосць — дурносць.

Соф’я КУСЯНКОВА

Рагачоўскі раён

Хацела як лепей…

Жыла ў нашай вёсцы сям’я, на першы погляд — самая звычайная: жонка, муж, двое дзяцей... Ён, Іван, спакойны, пакладзісты, працаваў механізатарам, яна, Ірына, хадзіла ў калгас на так званыя палявыя работы. Дзяцей глядзела — ніхто не папракне, гаспадарку сваю таксама... Але ж пры гэтым не ведала, як нос задзіраць: быццам свет не бачыў ні прыгажэйшых за яе, ні разумнейшых!.. Вёска, праўда, так не лічыла... І, як той казаў, мела рацыю.

...У тую вясну, як, зрэшты, у любую іншую, жанчыны штодня хадзілі да буртоў — перабіралі бульбу, рыхтавалі насенне. Дамоў вярталіся міма сажалкі. 

А там неяк раз — дзіва-дзіўнае — лебедзь... Адзінокі... «Адкуль? — гадаюць жанчыны. — Можа, знемаглася яго сябровачка — пералёту не вынесла? Можа, сабака які напаў. Лебедзь вельмі самотны быў! Аднаго месца ўвесь час трымаўся — каля астраўка…

Падзівіліся на яго жанчыны, пашкадавалі беднага ды пайшлі па дамах.

А ў Ірыны дзве гускі на дварэ (гусака на зіму яна не пакідала: яек ён не нясе, гусянят не выводзіць — дык навошта корм марнаваць? Хай гэта іншыя людзі робяць. А вясной — нідзе ж не дзенуцца — выпусцяць гусей да сажалкі, глядзіш — яе гускі таксама пагуляюць. Раней — з чужымі гусакамі, а тут раптам — лебедзь... Прыгажун...).

Карацей, злавіла гаспадыня сваю самую большую гуску і бегма да сажалкі. Па гаці, з тылу, ціхенька зайшла на астравок і спусціла птушку на ваду — бліжэй да лебедзя. Думала, той падплыве, пагуляе... Нават уяўляла ўжо, якія вялікія і прыгожыя ў яе потым гусі будуць! Вёска «абзайздросціцца»!

Ага, зараз!.. Убачыў лебедзь, што да яго нейкая няўклюда плыве, і як зашуміць, як загагокае штось, як дасць ёй дзюбай па галаве, а потым і крылом яшчэ — ад сябе, ад сябе.

Гаспадыня ў крык, у ваду... Ледзьве злаўчылася — падхапіла гуску, панесла дамоў: не ўдаўся эксперымент.

...Думала, што гэтага ніхто не ўбачыў... Ды дзе там — назаўтра ўся вёска ведала! І, што цікава, ніхто не спачуваў. Цяпер сказалі б: 
хацела як лепей, атрымалася — як заўсёды.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж: усім мужчынам, з кім сустракаліся-не сустракаліся, хто пісаў і дасылаў свае гісторыі, хто яшчэ збіраецца, — кароткае:

Усіх абаронцаў Айчыны

Ў свята 

цалуюць жанчыны.

А вам пажаданне 

з нагоды —

Каб вас цалавалі 

заўсёды!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.