Вы тут

Век жыві — век вучыся таму, як належала б жыць


Што было — было: у Аўцюках каля крамы аднаму чалавеку нядобра стала — прытомнасць страціў. Людзі, вядома ж, да яго, абступілі:

— Вады! — нехта крычыць.

— Таблетку пад язык!

— Выклікайце «хуткую»...

— Дайце яму віна, — сказала бабка Маня.

Хворы, пачуўшы гэта, варухнуў брывом, расплюшчыў вока, ледзь чутна прашаптаў: «Эй вы... Усе... Заткніцеся... Паслухайце, што бабця кажа».

І сапраўды: яно ж грэх не паслухаць, бо чараўніца — не іначай: з таго свету чалавека вярнула — адным толькі словам!

Во якім дужым яно бывае!


Спадарожнік

Сталіца. Нядзеля. Метро. Справа ад увахода лаўка — тры месцы і ўсе незанятыя. Значыць, можна сесці, пачытаць, краем вока заўважыць, што паводдаль прымасцілася танклявае дзяўчо, а паміж намі — праз станцыю — «плюхнуўся» дзяцюк ды такі здаравенны... Не тое, што чытаць, — дыхаць нельга...

Не без цяжкасцяў выбралася са свайго кутка, дзяўчо — таксама: сталі побач... Мужчына, што называецца, вокам не міргнуў: разваліўся, заняў усю лаву! Што здзівіла — аніякіх комплексаў у чалавека наконт пуза і шырыні сваёй пятай кропкі, наконт таго, што выціснуў іншых — двух, слабейшага полу...

А галоўнае, каб хоць ехаў далёка, — праз станцыю выйшаў. Памяць пакінуў — спадарожнік.

Вось такое кіно...

Маеш дачку — май гарэлку ў глячку. Прымаўку гэту бацькі ведалі і з кожнай зарплаты, хай пакрысе, адкладвалі грошы — на шлюбную сукенку і добры падарунак, на само вяселле... Хацелася тады — адна ж дачушка — зладзіць маладым прыгожае свята, сабраць радню, пагуляць, зняць на памяць кіно...

Да яго, як здавалася, рукою падаць: з’явіўся жаніх, што-нішто пра яго бацькі ўжо чулі, а тут...

Дачка прынесла білеты ў тэатр, папрасіла прыйсці на паўгадзінкі раней, каля ўвахода сустрэла — правяла да століка з шампанскім.

Там жа праз хвіліну-дугую з’явіўся малады чалавек.

— Пазнаёмцеся, гэта Саша, мой муж, — аб’явіла дачка. — Сёння мы распісаліся.

— ?!

...Бацькі, здаецца, павіншавалі? Напэўна ж, выпілі... Пра нешта гаварылі... Потым глядзелі на сцэну...

Што там паказвалі, ні бацька, ні маці, ні ў той вечар, ні назаўтра — успомніць не змаглі.

Пытанне

З размовы мужчын: «Цяпер у модзе жаночая эмансіпацыя». — «А гэта што такое?» — «Сяло... Гэта калі жанчыны змагаюцца за свае правы». — «Калі жанчыны змагаюцца за свае правы, — гэта экзамены ў ДАІ».

З тэлефоннай размовы на прыпынку вечарам: «Не, мама, ваджэнне я не здала... Чаму-чаму? Дык жа цёмна: дзе там газ, дзе тормаз, — ні халеры не відаць!»

Надпіс на школьным сшытку: «Ведаў у мяне — не адабраць! Чаго няма — таго няма!»

Пра сябе ці не, але шчыра.

Стымул?

Горад, базар — стары... А вось прадаўцы дзе-нідзе ўжо новыя. Адзін досыць цікава сала прадае: злева ад вагаў тавар, справа — талерка з добрым дзясяткам маленькіх бутэрбродаў на шпажках. Падыходзь, маўляў, пакаштуй! Не спадабаецца — ідзі далей, 
альбо...

Іншага тут, мусіць, не дадзена: ці не кожны, хто каштуе, адразу ж займае чаргу. Значыць, і нам грэх не пастаяць крыху і ўжо на подступах грэх не пазваніць сябрам, не спытаць, ці не ўзяць з кілаграмчык ім?

— Калі добрае, чаму ж не! — чуем у адказ (і не толькі мы).

— Тады нам — два, — кажам прадаўцу.

У тога рука, відаць, набітая: спрытна адразае кіло (нібы ў аптэцы — грам у грам), потым яшчэ адно, спрытна кладзе ў два пакеты, бярэ нашы 44 рублі, 4 — тут жа вяртае.

— Навошта? — не разумеем. — Вунь жа цэннік — 22 за кілаграм.

— А я беларускамоўным зніжку раблю.

...Дробязь, як той казаў, а прыемная! Мы дзякуем чалавеку, ён — нам, разыходзімся амаль сябрамі!

Чарга застаецца: як выглядае, трохі разгубленай і заклапочанай — у прыватнасці, пошукам беларускіх слоў, што былі б дарэчы.

Як ёсць

Жылі-былі...

З гэтых слоў пачынаюцца не толькі казкі, але і... тосты.

Значыць, жылі-былі тры дзяўчынкі-равесніцы. Разам хадзілі ў дзіцячы садок, потым у школу, разам здавалі экзамены, бегалі на танцы, адзначалі святы. І вось — Новы год, дваццаць першы ў іх жыцці. «Дзесяць мінулых мы пражылі цяжкавата, — кажа самая гаваркая. — Заканчвалі школу, выбіралі прафесіі, здавалі выпускныя і ўступныя экзамены, прайшлі праз першыя каханні... Затое цяпер... Жывём, сябровачкі! Наступныя дзесяць гадоў павінны быць лягчэйшымі!»

І вось яны прайшлі (ці праляцелі?), дзяўчаты зноў сабраліся за сталом, і зноў самая гаваркая цяжка ўздыхнула-сказала: «Божухна, якія ж няпростыя гэтыя дзесяць... Мы вучыліся (яшчэ і працаваць), выходзілі замуж, туліліся ў здымных кватэрах, сыходзілі ў дэкрэты, нараджалі, улазілі ў крэдыты, будавалі жыллё, грошай катастрафічна не хапала, малыя хварэлі... Затое цяпер...

Праз наступныя дзесяць (вы здагадаліся?) жанчыны зноў сустрэліся і зноў прызналі прыкладна тое ж, бо пастарэлі іхнія бацькі, бо з падрослымі дзецьмі праблем было яшчэ больш, чым з малымі, бо з’явіліся хваробы ў саміх, бо мужы... У адной папіваў, у другой пагульваў, у трэцяй не было зусім... Бо грошай па-ранейшаму не хапала... Затое ў наступныя дзесяць...

Сяброўкі былі аптымісткамі, спадзяваліся на лепшае: на тое, што некалі ж пачнецца тая светлая паласа, калі ўсё ў іх стане... Ну як у адной Аліны.

...А ў той не жыццё, а сто дваццаць «але»: у школе вучылася добра, але ў інстытут не паступіла. Замуж выйшла рана, але праз два гады муж сышоў. Аліментаў не плаціў, але пакінуў кватэру — адзін невялічкі пакой (затое кухня — аж дзевяць метраў!).

Хацелася ў ёй нешта гатаваць (пажадана смачнае) — і сабе, і дзіцяці, але грошай часцяком не было, таму Аля (ад паўгода малой) пайшла працаваць — прыбіральшчыцай, але там плацілі... Ды і графік — тое, што трэба: пару гадзін рана ранічкай, пару — увечары, а ўвесь дзень свабодны, і яны з малой чаго ні рабілі, чым ні займаліся: маляваннем, плаваннем, музыкай, гімнастыкай, танцамі... А паралельна Аля скончыла курсы кройкі і шыцця, сабе, дачцэ і на продаж шыла-вязала прыгожыя рэчы, сачыла за сабой, шмат чытала...

Быў час — сустрэла мужчыну, пакахала і ведала, што гэта ўзаемна, але...

Ён быў жанаты. Як чалавек прыстойны, хацеў, збіраўся развесціся, пакінуць жонку... Сына — не мог: увесь час адкладваў, жыў, можна сказаць, «на два дамы», нерваваўся і першы інфаркт яшчэ перанёс, а вось другі...

Пасля гэтага ніякіх раманаў у Алі не было, а яшчэ і таму, што свае пачыналіся ў дачкі: у 17 яна закахалася, у 18 выйшла замуж (дакладней, ён, муж, пераехаў да іх), канапку для Аліны паставілі ў кухні: дзевяць метраў, можна! І нават добра, бо зяць аказаўся чалавекам справы: шмат працаваў і зарабляў, у прыгарадзе, у адным з так званых царскіх сёлаў, узяўся дом будаваць (участак атрымаў у спадчыну)... Да таго ж у сям’і хутка з’явіўся першынец...

Жыць у ранейшай аднапакаёвай кватэры ім, ну вядома ж, цяжкавата было, але сыходзіць на прыватную, аддаваць камусьці (прычым штомесяц!) такія патрэбныя грошы яны не хацелі: стараліся адзін аднаму дапамагаць, ужывацца, ладзіць... Нават тады, калі ў сям’і з’явіўся яшчэ адзін хлопчык і яшчэ адна дзяўчынка.

...Летась шматдзетная сям’я пераехала ў асобную прасторную кватэру — абсталяваную па апошнім слове тэхнікі.

Але гэта — не ўсё: грошай, якія яны разам стараліся зарабляць ды эканоміць, хапіла яшчэ і на тое, каб за гэтыя гады падагнаць работы на будаўніцтве дома. Ён ужо з дахам, з вокнамі-дзвярыма, з асобнымі пакоямі для кожнага з сямейнікаў і найлепшым (сама выбірала!) — для цёшчы.

...У сваёй аднапакаёвай (зяць пасля высялення «ўклаўся» ў вельмі прыстойны рамонт) яна цяпер адна, але, вядома ж, не адзінокая: у яе вялікая дружная сям’я, верныя сяброўкі, швейная машынка і наперадзе — як усе спадзяюцца — яшчэ многа часу. Без розных там «але».
Што датычыцца мінулага, дык усё, вядома, магло быць лепш! А магло і горш.

Кароткае слова...

«ПРОДАЕТСЯ!» — на вокнах, балконах, лоджыях кватэр...

Упершыню такія абвесткі (па-руску, з нумарамі тэлефонаў, літары-лічбы з аршын) некалі даўно бачылі ў Балгарыі. Цяпер іх нямала ў нас: прадаецца, напрыклад, кватэра ў цэнтры сталіцы. І, напэўна ж, нятанна, бо побач — плошча Перамогі, метро, бо... з вокнамі на «Мір».

Насупраць — кінатэатр, толькі і ўсяго... Ці не толькі?

Пошук

Студзень. Снег. Ён жа — шанц (паводле анекдота) для мужчын зляпіць сабе бабу. На ўласны густ.

Не лепяць, што толку — са снежнай? Да таго ж — гэта ўжо было. Бог (па новай версіі) стварыў не аднаго Адама, а цэлых... дзесяць! Потым, каб не сумавалі, прынёс ім гліны і цукру, сказаў, што з іх кожны можа зляпіць жонку.

Мужчыны згадзіліся і вельмі стараліся: кожны ляпіў сваю, для сябе, з дабаўленнем слодычы... Бог, «прымаючы работу», гэта ацаніў. А ўголас яшчэ і заўважыў, што цукру было адзінаццаць кавалачкаў, а не дзесяць. Значыць, нехта з мужоў паклаў у свой «выраб» два?

Высвятляць, каторы (і ў каторую з жанчын), часу не было і, як быццам, патрэбы? Але ж пытанне «павісла». І з той самай пары дзевяць мужоў з дзесяці перабіраюць жанок — шукаюць тую, самую салодкую.

І толькі адзін з іх гэтага не робіць. Ён дакладна ведае, што на слодыч усе жанчыны роўныя, бо той, дадатковы драбочак цукру, ён проста з’еў.

Грош такі...

«Наш зяць — як лётчык: на зямлі ад яго ніякай карысці», — казала суседкам цешча, бо ў сям’ю, якая ўсё жыццё штось будавала, рамантавала, абнаўляла, прыйшоў акулярык, які ўмеў хіба нож трымаць у правай руцэ, а відэлец — у левай... Усё астатняе (малаток, рыдлёўка, сякера, нажоўка) валіліся — то ў самым нечаканым месцы, то ў самы недарэчны момант!

Спачатку гэтыя «прыгоды» не маглі не смяшыць. Потым, як і варта было чакаць, сталі раздражняць. Цешча ўсё часцей называла зяця хадзячым непаразуменнем, цесць намякаў, што ён «халяўшчык», жонка ўсё радзей і радзей пярэчыла. І, магчыма, сапраўды падала б на развод, калі б...
Калі б гэты «акулярык» раптам не змяніў работу і не стаў зарабляць, як той самы лётчык!

...І нідзе ж не дзелася — запаважала чалавека цешча. І не фанабэрыцца болей цесць. І цяжарнаю ходзіць жонка.

Век жыві...

Ранак, трамвай, на чарговым прыпынку ў салон падымаюцца дзеці — падобна, другакласнікі, чалавек мо з дваццаць... 
Кіроўца чакае, пакуль яны зойдуць (усе ў адны дзверы), пакуль размесцяцца на задняй пляцоўцы, пакуль, па загадзе настаўніц, за нешта ўчэпяцца... Далей — вольніца: дзяўчынкі аб нечым шэпчуцца паміж сабой, хлопчыкі папрыліпалі насамі да задняга шкла — сочаць за рухам машын, уголас (і гучна!) «варожаць», якая з іх дагоніць трамвай, а якая не?

— Міліцэйская? Зараз!

— «Хуткая»? Лёгка!..

— Вунь той грузавік? Не! Ён стары...

— Вунь той трамвай? Ды ніколі!

— Чаму?

— Бо ён — не ў наш бок.

...Гэта была ілюстрацыя да сумнай жаночай высновы: чакаць мужчыну, які вас не кахае, — тое ж, што карабель — у аэрапорце.

На чужых памылках

Маладосць — дурносць: знаёмы падлетак нават у моцныя маразы хадзіў без шапкі. Маці ўгаворвала, бацька сварыўся — усё без толку: сын хварэў, лячыўся і зноў хварэў.

— У гэтым месяцы шмат грошай на лекі пайшло, — выпраўляючы ў школу пасля чарговай прастуды, сказала матуля. — Так што на кішэнныя расходы — прабач — ні капейкі не дам ні сёння, ні заўтра... Ды і наогул выбірай: альбо галава ў холадзе і вецер у кішэнях, альбо...

Да холаду сын неяк прыцярпеўся, да ветру — не.

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж: калі вас палохае ваш узрост, паспрабуйце перавесці яго ў долары, і вы зразумееце, што гэта зусім няшмат.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.