8 лютага адбыўся гарадскі этап рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі», які аб’яднаў навучэнцаў і працоўную моладзь у Мінскім гарадскім тэхнапарку.
Сёлета на Мінскім гарадскім туры рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» навучэнцы школ і каледжаў, маладыя спецыялісты прадпрыемстваў прэзентавалі каля 40 распрацовак, якія былі выбраны з больш як 300 заяўленых на пачатковым этапе.
— У гэтым сезоне ў адрас Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» паступілі 334 заяўкі. З іх адабралі 44 распрацоўкі, аўтары якіх сёння прадстаўляюць праекты для шырокай аўдыторыі, — адзначыў другі сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Канстанцін Андрусевіч.
— Работы пададзены ў дзесяці розных намінацыях, ад эканомікі да нанатэхналогій і нафтахіміі. Удзельнікі таксама падзяліліся на дзве групы: навучэнцы і працоўная моладзь. З кожнай узроставай катэгорыі будуць вызначаны па два пераможцы па намінацыях. Спадзяёмся, што ініцыятывы рабят будуць далей укаранёны ў розныя сферы і прынясуць карысць грамадству і дзяржаве, — сказаў Канстанцін Андрусевіч.
Усе ўдзельнікі гарадскога этапу конкурсу атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды за працу, а 20 аўтарам яшчэ прыдзецца паспаборнічаць за перамогу ў фінале.
— Дзеці вельмі парадавалі. Выдатная праграма, якая працуе не першы год, і Мінск у ёй прадстаўляе вялікую колькасць удзельнікаў. Гэта цудоўна, калі ёсць маладыя людзі, якія гараць сваімі ідэямі, ёсць выкладчыкі, якія дапамагаюць. Мы сёння былі на прэзентацыі і ўбачылі кожнага з іх. Ёсць рабяты, якія ўжо зараз гатовы займацца рэальным бізнесам і нават пралічылі сабекошт адзінкі выраба. І гэта выдатна, калі маладыя людзі імкнуцца дасягнуць большага, — адзначыла першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазарэвіч.
Дзеці з СШ № 111 на чале з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Мікалаем Курыловічам распрацавалі інтэрактыўны комплекс па фразеалогіі. Платформа прызвана замацаваць матэрыял па вывучэнні фразеалагізмаў з мэтай недапушчэння найбольш распаўсюджаных памылак, якія дапускаюць вучні пры здачы ЦТ. Характэрна, што яна даступная для рабят з аслабленым зрокам.
Стартап па гадоўлі слімакоў прадставіў навучэнец Данііл Рудазуб разам з аднадумцамі з Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа. У планах рабят — стварэнне сапраўднай слімаковай фермы.
Урбан Кацярына
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».