Вы тут

Што можа стараста зрабіць для мясцовых жыхароў


Наталля Долбік — загадчыца ФАПа (памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай службе) вёскі Даколь, яна ж дэпутат Хваставіцкага сельсавета, стараста населенага пункта і яшчэ трох суседніх — Сяльца, Старыны і Цяснова. Усяго на яе ўчастку жыве 172 чалавекі. 

Як медык яна ім дапамагае здароўе падтрымліваць, а як стараста і дэпутат — вырашаць жыццёва важныя праблемы.


У вёсцы Даколь, што за 16 кіламетраў ад Глуска, насельніцтва ўсяго 95 чалавек. Да іх паслуг — ФАП, пошта, дзве крамы, адна з якіх прыватная з функцыямі кавярні. Актыўная частка пражывае працуе ў Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, да якога ад вёскі ўсяго некалькі кіламетраў. Летам на веласіпедзе 10 хвілін язды. Гэта тут асноўны від транспарту, бо грамадскі ходзіць строга па раскладзе і ўсяго чатыры разы на тыдзень. Аўто для вяскоўцаў не раскоша, а сродак перамяшчэння. Вось і Наталлі прыйшлося авалодаць тэхнікай язды на машыне і скутары. Перыядычна трэба выязджаць на вёскі для медыцынскага агляду жыхароў. 

І ў дапамогу хворым.

У вёсцы Даколь усяго тры вуліцы. На адной з іх, Маладзёжнай, жыве большасць жыхароў — 46 з 95. Суразмоўніца ўспамінае, што ў 1986 годзе, калі яна прыехала сюды працаваць, на вясковых вуліцах быў асфальт. З тых часоў ён прыйшоў у непрыдатнасць.

Працягласць вуліцы Маладзёжнай менш за кіламетр, але яе стараюцца аб’язджаць, бо шкада машыну. Нават малаказборшчыкі просяць людзей, каб выносілі свае бітоны з малаком бліжэй да цэнтра. Пяць гадоў таму жыхары сталі звяртацца ў розныя інстанцыі, каб дарогу «падлячылі», а летась пайшлі па дапамогу да дэпутата па іх выбарчай акрузе Святланы Шутавай. На прыём адправілася сама стараста з аднавяскоўцам.

— Расказалі, што і як, фота паказалі, каб пацвердзіць, што праблема не надуманая, — расказвае суразмоўніца. — Дэпутат уважліва выслухала, здымкі паглядзела і паабяцала вывучыць сітуацыю. Хутка мы атрымалі адказ: нам паабяцалі заняцца праблемай ужо сёлета.

Стараста кажа, што ўсе ў вёсцы з нецярпеннем чакаюць гэтай падзеі. Вераць, што іх не падвядуць.

— У нас людзі вельмі добрыя і сардэчныя, — характарызуе землякоў Наталля Мікалаеўна. — Яны не патрабуюць чагосьці звышнатуральнага. Так, па дробязях звяртаюцца: зімой лямпачкі ў вулічных ліхтарах памяняць, летам з тэхнікай сельскагаспадарчай для апрацоўкі агародаў дапамагчы. Тэлефаную старшыні сельсавета Галіне Лясун — і пытанні хутка закрываюцца.

Астатнія праблемы вырашаюцца на месцы. Напрыклад, з чысткай дарог у зімовы перыяд выручаюць мясцовыя жыхары, браты Аляксандр і Іван Сокалы, якія займаюцца фермерствам. А каля дома Наталлі Долбік ёсць невялічкая дзіцячая пляцоўка, якую зрабілі яе зяць разам з суседам. Вясковыя дзеці там з задавальненнем гуляюць.

Што датычыцца медыцынскіх паслуг, то тут, на думку Наталлі, жыхарам вельмі пашчасціла.

— Можам і кардыяграму зняць, і ўнутрывочны ціск памераць, і пра цукар у крыві даведацца, і вагу-рост удакладніць, — пералічвае загадчыца ФАПа. — Раней шматразовы медыцынскі інструмент быў, а цяпер усё аднаразовае. Будынак адрамантавалі, уцяплілі. Адным словам — умовы вельмі добрыя.

ФАП адчынены кожны дзень, акрамя нядзелі. Працоўны дзень з 9.00 да 16.30. Да абеду абслугоўваюцца ўсе ахвотныя па жывой чарзе, пасля — выезд на дом. Да вёсак загадчыца ФАПа дабіраецца самастойна. Перажывае, што вясковага насельніцтва становіцца менш. У тым жа Цяснове засталося ўсяго 10 чалавек. Зімой стараста туды на скутары дабіраецца, а летам у задавальненне і на ровары праехацца. На лясных сцяжынках прыходзілася і ласёў назіраць, і казуль. Што казаць, віды тут маляўнічыя. Вёска Сялец наогул сярод лясоў знаходзіцца.

— У нас па вёсцы і зайцы скачуць, — смяецца суразмоўніца. — Мы жывём у сяброўстве і цесным узаемадзеянні з прыродай. Але, што вельмі важна, амаль з гарадскім камфортам. Вось толькі б яшчэ дарогу адрамантавалі.

Намеснік старшыні Глускага райсавета дэпутатаў Анатоль Ласоцкі заўважае:

— Ад стараст на вёсцы сёння шмат што залежыць, яны своечасова рэагуюць на патрэбы жыхароў. Гэта датычыцца і работы той жа аўтакрамы, і замены лямпачак у вулічных ліхтарах, і іншых, здавалася б, дробных, але важных праблем. Гэтыя людзі жывуць на сваёй тэрыторыі і клапоцяцца пра яе. Што датычыцца Наталлі Долбік, то дзякуючы яе актыўнасці і неабыякавасці быў праведзены дасканалы рамонт ФАПа, зроблена цепларэнавацыя будынка, закуплена новае абсталяванне. Якасць жыцця насельніцтва залежыць ад якасці той работы, якую праводзяць вось такія сумленныя людзі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Хваставіцкага сельсавета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.