Вы тут

Аляксей Якімовіч — лаўрэат абласной Прэміі імя Аляксандра Дубко


15 студзеня ў Гродне чарговы раз ушанавалі прадстаўнікоў творчых прафесій. 13 жыхароў Прынёмання сталі лаўрэатамі абласной Прэміі імя Аляксандра Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Уладальнікам высокай узнагароды ў намінацыі «Пісьменнік года» стаў член Аляксей Якімовіч са Слоніма.


Лаўрэат Прэміі імя А. Дубко Аляксей Якімовіч

Урачыстая цырымонія і святочны канцэрт у абласным драмтэатры па традыцыі былі прымеркаваны да дня нараджэння героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко, якому 14 студзеня споўнілася б 86 гадоў. Павіншаваць пераможцаў творчага спаборніцтва прыйшлі ўдава Аляксандра Эма Нікіфараўна Дубко, прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці. 

Падчас мерапрыемства гучалі цытаты з прамоў славутага беларуса, таленавітага кіраўніка, выбітнага палітычнага дзеяча. Іх лейтматывам стала прызнанне ў любові роднаму краю, адораным, працавітым людзям, якія тут жывуць і сваёй працай прымнажаюць багатыя культурныя традыцыі. А імі, як вядома, славіцца кожны куток Беларусі. Падчас урачыстасці неаднаразова гучалі словы «прагрэс», «якасць», «самабытны», «унікальны». Вельмі радасна ўсведамляць, што ўсё гэта — пра нашу культуру, пра тое, без чаго складана ўявіць жыццё чалавека, як і без мірнага неба, згоды, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Невыпадкова вобразам Аляксандра Дубко (1938-2001), чалавека рашучага і мэтанакіраванага, у Прынёманні натхняюцца на заваяванне творчых вяршынь. Запомніліся словы губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, якія прагучалі на цырымоніі: «Маўклівы Нёман бачыць, як змянялася і змяняецца цяпер жыццё ў нашым краі. І як нельга спыніць Нёман, так нельга спыніць працэс развіцця Гродзеншчыны». 

* * *

Аляксей Якімовіч — педагог, празаік, публіцыст, драматург. Дэбютаваў у друку ў 1967 годзе. Гэта сапраўдны майстар беларускага мастацкага слова, аўтар больш за 6 дзясяткаў кніг. Плённа супрацоўнічае з цэлым шэрагам дзяржаўных кніжных выдавецтваў, сярод якіх «Пачатковая школа», «Мастацкая літаратура», «Звязда», «Беларусь», «Народная асвета» і іншыя. Піша дзя дзяцей, падлеткаў і дарослых. Прайшоў шлях ад настаўніка пачатковых класаў да дырэктара школы. Яго творы для самых маленькіх чытачоў з’яўляюцца карыснымі сродкамі выхавання моладзі, фарміравання сістэмы маральных каштоўнасцей і духоўна-інтэлектуальнага патэнцыялу юных беларусаў. Пісьменнікам створана некалькі дзясяткаў п’ес («Чарадзейныя суніцы» (пастаўлена ў 1993 г.), «Хітрыкі Бабы Ягі» (пастаўлена ў 1994 г.), «Апошні дыназаўрык» (пастаўлена ў 1995 г.), «Маўглі» і інш.) на беларускай і рускай мовах. Творам Аляксея Якімовіча ўласцівы так званы рэгіянальны фактар — культурны код Прынёманскага рэгіёна, рознабакова ўвасоблены ў творчасці мясцовы матэрыял. Пісьменнік-лаўрэат актыўны ў культурна-інфармацыйнай прасторы, — вядзе ўласны блог. Часты госць ва ўстановах адукацыі. Адукацыйна-выхаваўчы напрамак з’яўляецца асобнай змястоўнай старонкай у творчым багажы літаратара. Гэта шматлікія навучальныя дапаможнікі для школьнікаў, унікальныя метадычныя распрацоўкі, дыдактычныя матэрыялы, якія ўжо знайшлі прымяненне ў беларускіх школах. Літаратар як сапраўдны энтузіяст, асветнік шмат увагі надае духоўнай тэматыцы, народнаму фальклору, краязнаўству; з дапамогай сваіх дасціпных творчых задум знаёміць чытача з гісторыяй і культурай Беларусі ў сусветным кантэксце, з малых гадоў прывівае цікавасць і любоў да такіх паняццяў, як «радзіма», «род», «радзіна». Такім чынам, акрамя таго, што Аляксей Якімовіч сваёй працай узбагачае культурную спадчыну нашага краю, яго творчасць эфектыўна садзейнічае выхаванню моладзі ў рэчышчы народна-хрысціянскіх, патрыятычных, гуманістычных традыцый. У творчым спаборніцтве прымала ўдзел кніга Аляксея Якімовіча «Эльдарада просіць дапамогі» (выдавецтва «Беларусь»). Дзякуючы свайму багатаму творчаму і прафесійнаму вопыту пісьменнік-педагог здолеў узвесці айчыннае літаратурнае мастацтва на якасна новы ўзровень. 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.