Вы тут

Як вырасціць мікразяленіва


Адносна новы павеў нашага жыцця — мікразяленіва. Гэта цудоўны прадукт, які зараджае арганізм карыснымі рэчывамі, асаблівы дэфіцыт якіх адчуваецца ў перыяд зімовых кароткіх пахмурных дзён і сакавіцкага авітамінозу. У супермаркетах і гандлёвых цэнтрах з’явіліся паліцы пышных латочкаў з далікатным зяленівам. Аднак кошты кусаюцца... Добрая навіна заключаецца ў тым, што мікразяленіва можна вырошчваць самастойна. Давайце разбірацца, як гэта можна зрабіць.


Якое браць насенне

Тут няма ніякіх абмежаванняў, усё залежыць толькі ад вашага густу. Выключэнне — фасоля: яе парасткі ўтрымліваюць таксічныя рэчывы, якімі можна атруціцца. Многія выбіраюць хуткарослыя культуры. Адны валодаюць далікатнымі тонкімі парасткамі (рукала, салаты, радыска), а іншыя, такія як гарох і сланечнік, цешаць моцненькай зелянінай. Часам культура, якую вы і не падумалі б вырасціць у сваім звычайным агародзе, заваёўвае сэрца ў выглядзе мікразяленіва. Таму трэба спрабаваць і адкрываць для сябе новыя смакі.

У глебе ці іншым субстраце

Гэта самы папулярны спосаб вырошчвання. Неабходна шырокая ёмістасць. Дрэнажныя адтуліны ў ёй рабіць патрэбы няма. Замочваем насенне, тэрмін залежыць ад культуры. Напрыклад, для крэс-салаты дастаткова 15–20 хвілін. Гарох замочваюць на 12–18 гадзін. Мангольд, сланечнік, бурак — на 8–12 гадзін. Насыпаем трохі вільготнай садовай зямлі ці грунту для расады (той грунт, што прадаецца для хатняга кветкаводства, лепш не браць), досыць пласта таўшчынёй тры-чатыры см. Густа раскладваем насенне, багата змочваем яго з пульверызатара, трохі прысыпаем зямлёй і накрываем ёмістасць з пасевамі празрыстай хованкай — гэта можа быць шкло, пластыкавае вечка, харчовая плеўка, пакет, слоік.

Выстаўляем кантэйнеры на светлы падваконнік. Пасля з`яўлення парасткаў хованку можна зняць. Догляд заключаецца ў апырскванні зяленіва два-тры разы на дзень. Далей паступаем адпаведна культуры, якая гадуецца: даем адрасці толькі семядольным лісткам і зразаем іх, альбо чакаем з’яўлення аднаго-двух сапраўдных лісцікаў і ўжываем у ежу. Гатовае мікразяленіва можа захоўвацца ў халадзільніку 6-7 дзён. Трэба заўважыць, што ў якасці глебы для пасеву насення можа выступаць і іншы матэрыял, падобны да прапанаванага вышэй, — вермікуліт, перліт, какосавы субстрат і т. п.

На паперы

Тэрмін вырошчвання мікразяленіва нядоўгі, усе пажыўныя рэчывы мініяцюрная расліна атрымлівае з запасаў семачка. Таму асновай могуць стаць мяккая гіграскапічная папера (напрыклад, туалетная) або папяровыя кухонныя ручнікі. Існуюць і іншыя варыянты:

Варыянт 1

Бярэм неглыбокі латок, кладзем на дно паперу, багата змочваем. Раскладваем падрыхтаванае насенне, робім празрыстую хованку і выстаўляем на падваконнік. Нельга наліваць занадта шмат вады: насенне не павінна плаваць у ёй. Пасля з’яўлення ўсходаў хованку прыбіраем і падтрымліваем паперу заўсёды вільготнай. Для гэтага два-тры разы на дзень неабходна апырскваць сеянцы.

Варыянт 2

Бярэм туалетную паперу, дадаткова да яе наразаем палоскі поліэтылену такой жа шырыні. Кладзём поліэтылен, зверху — паласу туалетнай паперы. Добра змочваем з ручнога апырсквальніка. Па краі, крыху адступіўшы, раскладваем насенне. Затым акуратна скручваем у рулончык папяровую аснову разам з плеўкай, ставім у слоік ці шклянку і наліваем трохі воды. На ёмістасць надзяваем пакет або накрываем яе празрыстай пластыкавай шклянкай. У такіх рулончыках мікразяленіва выдатна расце, і нават паліў-апырскванне не патрэбныя. Галоўнае — сачыць, каб у ёмістасці заўсёды была вада.

А яшчэ ў якасці асновы для пасеву насення можна ўзяць вату ці ватныя дыскі. Падыдуць таксама марля, нятканыя сурвэткі і г. д.

У слоіку

Выгадаваць порцыю мікразяленіва можна ў звычайным слоіку. Для гэтага трэба ўзяць чыстую ёмістасць, насыпаць у яе насенне і заліць вадой на суткі для набухання.

Далей бярэм кавалак марлі ці іншага падыходзячага сеткаватага матэрыялу, зацягваем рыльца слоіка і замацоўваем гумкай ці чымсьці падобным. Пасля набухання насення зліваем ваду і прамываем насенне, не здымаючы сеткі. Затым пераварочваем слоік уверх дном і ўсталёўваем на паддон пад вуглом каля 30 градусаў, каб сцякала вада. Догляд заключаецца ў прамыванні насення, якое прарастае, і парасткаў чыстай вадой два-тры разы на дзень. У стане спакою слоік павінен быць заўсёды ў зыходным становішчы — уверх дном і пад нахілам.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.