Вы тут

«Эпоху» Ахрэмчыка можна паглядзець у Мінску


Работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і матэрыялы, фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва дэманструюцца на выстаўцы «Эпоха. Майстар. Людзі», прысвечанай творчасці народнага мастака БССР Івана Ахрэмчыка (1903–1971). Глядач мае магчымасць убачыць творы пазнейшага перыяду творчасці аўтара знакамітых «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці» (1957–1958) — амаль усё, што было створана да Вялікай Айчыннай вайны, знішчана ў акупаваным Мінску.


«Сонечны дзень», 1967 г.

Прыхільнік рэалізму, ён вучыў гэтаму ж студэнтаў. У 1931 годзе Іван Ахрэмчык пачаў выкладчыцкую дзейнасць, якая доўжылася на працягу ўсяго жыцця. У розныя гады ён выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы (цяпер гэта Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава), Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), а пасля і ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, сённяшняй Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Заўсёды цікава паслухаць успаміны пра Івана Восіпавіча яго былых студэнтаў. Добры, таварыскі, неабыякавы, але і строгі, патрабавальны, рэзкі, бескампрамісны — такім паўстае творца, які імкнуўся навучыць маладых усяму, што ўмеў і ведаў. Гэткім, напэўна, ён быў і ў вырашэнні пытанняў Саюза мастакоў савецкай рэспублікі, які, дарэчы, пэўны час узначальваў. Іван Восіпавіч пайшоў з жыцця раптоўна, выступаючы на пасяджэнні праўлення саюза, даводзячы свае думкі... Мабыць, гэта яшчэ адно сведчанне адданасці сваёй справе, неабыякавасці да ўсяго, што робіцца побач, да таго, на што магчыма паўплываць.

«Партрэт дзяўчыны-партызанкі», 1947 г.

Сёння палатно «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» можна ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі музея. Іншыя ж творы экспануюцца нячаста. Між тым выстаўка «Эпоха. Майстар. Людзі» дэманструе ўсе зацікаўленні Івана Ахрэмчыка: пейзажы, партрэты, нацюрморты. Больш сціпла прадстаўлены палотны на гістарычную тэму. Найцікавейшая частка экспазіцыі ўяўляе сабой цыкл пейзажаў, прысвечаных прыродзе і народу Манголіі, а таксама раннія работы «Асінбуд» (1931) і «Гідраторф. Асінбуд» (1937), фатаграфіі некаторых ранніх твораў (1930-я). У апошніх, дарэчы, почырк майстра яшчэ не ўгадваецца. «Адмысловае месца ў творчай спадчыне займаюць пейзажы, многія з якіх упершыню для шырокай публікі былі адкрыты толькі пасля смерці майстра, — падкрэслівае куратар выстаўкі Паліна Гарашчэня, малодшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея. — У карцінах і эцюдах адлюстравана лірычная прыгажосць беларускай прыроды. У лясах і парках, палях і рэках можна ўбачыць чысціню колеру, вострае адчуванне нюансаў тону. Палітра мастака складаная па задуме, утрымлівае мноства градацый, з дапамогай якіх раскрываецца аўтарскае бачанне прыгажосці ў штодзённым». А што тычыцца нацюрмортаў ІванаАхрэмчыка, то большасць з іх прысвечаны бэзу. Відавочна, калі палюбіў, то назаўсёды, калі супраціўляўся, то да апошняга.

Наведаць выстаўку «Эпоха. Майстар. Людзі» можна да 21 студзеня.

Фрагмент экспазіцыі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.