Вы тут

Туркменістан прадставяць у «Даляглядах-24»


З 2019 года пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў узноўлены добра вядомы ў апошняй чвэрці XX стагоддзя альманах перакладной літаратуры «Далягляды». Усяго ў «новым часе» выпушчана ў свет чатыры гадавікі — у 2019, 2020, 2021 і 2023 гадах. Звычайна ў кожным з выпускаў прадстаўлены нацыянальныя літаратуры каля 20 краін. Расійская Федэрацыя заўсёды — яшчэ, акрамя рускай літаратуры, і нацыянальнымі літаратурамі: башкірскай, чачэнскай, марыйскай і іншымі.


Асобнае месца па традыцыі займае туркменская літаратура. У выпуску за 2019 год на беларускую мову былі пераўвасоблены апавяданні Атаджана Тагана («Цягнік праходзіць»), Максата («Свята», «Перакуленае неба»). У альманаху за 2020 год — апавяданні Какамурата Атаева («Сякера»), Сейрана Атузава («Bonjour!»), Камека Куліева («Танец „Карсакы“»), Максата («Зацьменне напалову»), Джумагельды Мулкіева («Доўгачаканы ордэн»), Джумы Худайгулыева («Хачу спяваць!»). У «Даляглядах’21» — апавяданні Бягуль Анабаевай («Лагода»), Мярдана Баядава («Сапбы па мянушцы Голуб»), Джумагельды Мулкіева («На цягніку», «На самалёце»). У альманаху за 2023 год — апавяданні Ахмета Курбанняпесава («Графаман»), Джумагельды Мулкіева («Гняздо ластавак», «Шаман»), вершы Махтумкулі.

Перакладчыкам 16 празаічных твораў туркменскіх аўтараў выступіў Алесь Карлюкевіч. Вершы класіка ўсходняй паэзіі (дарэчы, 2024 год ў краінах ЦЮРКСОЯ абвешчаны Годам Махтумкулі) пераклаў Віктар Шніп.

У «Даляглядах’23» змешчана гутарка з туркменскім празаікам, супрацоўнікам часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») Джумагельды Мулкіевым «Васіль Быкаў для пісьменнікаў постсавецкай прасторы застаецца настаўнікам праўды...» Ёсць у гутарцы і такія словы: «Чалавецтва на Зямлі, хаця і існуюць моўныя перашкоды, гэта адно цэлае... І перакладчык разбурае бар’еры, набліжае людзей адно да аднаго. Дакладней, перакладчык спрыяе гэтаму, а набліжаюць літаратура, творы, якія перакладаюцца. Людзі бачаць іншыя душы праз розныя мастацкія адкрыцці. І тым самым праз гэтае бачанне, усведамленне новага, раней невядомага, сыходзяцца, адкрываюцца самі іншаму свету, іншым народам...»

...Пачалася работа па збіранні, падрыхтоўцы альманаха «Далягляды’24». З просьбай пракаментаваць яго будучы змест у частцы ўвагі да туркменскай нацыянальнай літаратуры мы звярнуліся да аднаго з укладальнікаў гэтага гадавіка Віктара Шніпа. Вось што сказаў пісьменнік і перакладчык: «Туркменскі раздзел таксама будзе прадстаўлены ў новым выпуску. Знойдзецца месца творам ужо вядомых чытачу „Даляглядаў“ па ранейшых выпусках Джумагельды Мулкіева, Максата Бяшымава, Камека Куліева. Мяркуем, што больш шырока будзе прадстаўлена паэзія. У прыватнасці, збіраемся надрукаваць падборку вершаў народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава. У 2024 годзе яго юбілей — 95 гадоў з дня нараджэння. І, канешне ж, — новыя пераклады неўміручых вершаў Махтумкулі. Спрабуем разварушыць і нашых маладых перакладчыкаў і маладых туркменскіх літаратараў. У іх супрацоўніцтве — перспектывы літаратурнай дружбы ў наступныя дзесяцігоддзі».

Тыражы «Даляглядаў» у розныя гады складваліся па-рознаму — 190, 300, 360 і 500 экзэмпляраў. Альманах распаўсюджваецца ў асноўным па бібліятэках краіны. Пра выданне не так шмат пішуць нават у літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Відавочна, наспела неабходнасць (у Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе секцыя мастацкага перакладу) правесці шырокі круглы стол, прысвечаны праблемам выдання альманаха і ўвогуле сённяшняму стану мастацкага перакладу ў Беларусі. А ў выпадку з Туркменістанам, туркменскай літаратурай наспела патрэба арганізаваць ці канферэнцыю, ці круглы стол з удзелам туркменскіх пісьменнікаў (няхай сабе і анлайн) на тэму «Сучасны стан беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў». Ужо раней надрукаванае ў «Даляглядах» — аснова для такой грунтоўнай і патрэбнай размовы.

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.