Вы тут

Якое адкрыцце можна зрабіць, прачытаўшы кнігу Мікалая Кавалевіча?


Разважаючы пра задуму кнігі Мікалая Кавалевіча «Перад іконаю зямлі: вершы водгукі, артыкулы, урокі», прыходзіш да двух значных адкрыццяў: у кожным паэце жыве вялікі настаўнік, а сучасны чытач вельмі трапятліва ставіцца да крыніцы затоенай энергіі і прыгожай сілы — Паэзіі. Творчасць абуджае, ратуе ад абыякавасці, выхоўвае і адкрывае для нас новыя старонкі пазнання свету.


У кнізе, рэкамендаванай да выдання навукова-метадычным саветам Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, сабраны паэтычныя творы Мікалая Кавалевіча, літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Сваім педагагічным досведам падзяліліся і педагогі Брэстчыны, якія разгледзелі творчасць паэта ў кантэксце сучаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.

У раздзеле «Біяграфія і бібліяграфія» адзначаны галоўныя вехі працоўнага і творчага жыцця Мікалая Кавалевіча: кандыдат навук, аўтар навуковых прац па праблемах методыкі выкладання матэматыкі, псіхалогіі навучання, арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай работы, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка.

Рэцэнзент кнігі, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Марыя Жыгалава лічыць, што чытаць і аналізаваць вершы Мікалая Кавалевіча — значыць спрабаваць зразумець сваю стужку жыцця.
«У сваёй творчасці аўтар паднімаецца да філасофскага асэнсавання чалавечых адносін, сутнасці і сэнсу быцця. Тэмай шматлікіх яго вершаў з’яўляюцца філасофскія разважанні пра жыццё ў Сусвеце, пра сэнс чалавечага існавання, пра тое, што застаецца нашчадкам пасля нашай смерці», — падкрэслівае ў сваёй даследчай працы М. Жыгалава.

На старонках кнігі змешчана навукова-даследчая работа навучэнцаў Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Маргарыты Сіняк і Аляксандры Канановіч, напісаная пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Чайчыц, а таксама навучальны трэнажор па творчасці паэта «Храм душы». Натхнёны цудоўнымі радкамі свайго сучасніка-паэта, настаўнік рускай мовы і літаратуры Крошынскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Сяргей Севераў распрацаваў два ўрокі для шасцікласнікаў.

У шматлікіх водгуках літаратуразнаўцы і чытачы падкрэсліваюць высокае пачуццё патрыятызму, уласцівае паэзіі Мікалая Кавалевіча.

Паглыбляючыся ў падрабязны аналіз твораў, захоплены чытач можа назіраць, як раскрываюцца думкі пісьменніка ў прасторы тэксту, абвяшчаючы адзінства макракосмасу і мікракосмасу асобы.

«Нечаканыя россыпы эпітэтаў, параўнанняў, метафар яркімі жамчужынкамі зіхацяць ва ўсіх паэтычных зборніках Мікалая Кавалевіча. А яго чатырохрадкоўі часам аб’ёмней за паўнаважкія паэмы», — дзеліцца ўражаннямі настаўнік рускай мовы і літаратуры Хрыстоўскай базавай школы Бярозаўскага раёна Ніна Кузьбар.

Як бачым, дэталёвае вывучэнне творчасці паэта-земляка абуджае ў моладзі цікавасць да літаратуры ў цэлым, дае добры старт да самапазнання, магутны стымул да духоўнага росту, выхоўвае эстэтычны густ.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.