Вы тут

Творы пра сям'ю, род, радзіму ў новым нумары часопіса «Нёман»


«Не ведаючы мінулага, не пабудаваць будучыні», «Якая сям’я — такі і я», «Без сям’і і свайго роду — няма нацыі, народа»... Калі чытала лістападаўскі нумар часопіса «Нёман», на памяць прыйшлі прыказкі аб сям’і і родзе. Важнасць роду, на мой погляд, лепш за ўсё выказаў у сваім выслоўі філосаф і настаўнік XVIII стагоддзя Рыгор Скаварада: «Пазнай свой край, сябе, свой род, свой народ, сваю зямлю — і ты ўбачыш шлях у жыцці. Шлях, на якім найбольш дакладна раскрыюцца твае здольнасці. Ты дасі яму працяг, праклаўшы сцяжынку, з той сцяжынкі ўжо рушылі ў жыццё твае нашчадкі. І будзеш ты».


Сапраўды, шлях да сябе пачынаецца з першых крокаў на роднай зямлі. І ўсё роўна, куды б у далейшым не закідваў чалавека лёс, на нейкім этапе ён вяртаецца думкамі, малітвамі, эмоцыямі да бацькоўскай хаты, радзімы, блізкіх людзей, да самога сябе.

У тэкстах адзінаццатага нумара часопіса так ці інакш рэалізуецца матыў сям’і, роду, радзімы. Найбольш відавочна гэта прадэманстравана ў жанры мастацкай аўтабіяграфіі, у традыцыях паэтыкі якога вытрымана эсэ Змітрака Марозава «Мая Беларусь... Рабіна мая». Дарэчы, у эпілогу да сваіх успамінаў аб родных аўтар звяртаецца да цытаты яшчэ аднаго знакамітага філосафа, ужо XX стагоддзя, святара Паўла Фларэнскага: «Здольнасць да самавызначэння чалавек атрымлівае праз веды аб продках». Пакутнік 1930-х гг. святар Павел як ніхто ведаў, што такое каштоўнасць сям’і. «Я думаю пра вас», — пісаў ён са ссылкі сваёй жонцы і пяцярым дзецям, гэта значыла — «Я малюся за вас». «Усе думы пра вас» — так называецца яго кніга пісем да родных, якая змяшчае сотні лістоў-малітваў і настаўленняў, кожны з якіх прасякнуты адзінай думкай: не забывайце сваіх каранёў.

Такія эсэ, як «Мая Беларусь...» Змітрака Марозава, акрамя эстэтычнай і пазнавальнай, выконваюць важную духоўна-маральную функцыю, паколькі прымушаюць чытача задумацца: а хто былі мае бабка і дзед, адкуль пайшоў наш род, як пазнаёміліся мае бацькі. Сучасны чалавек не ведае часам, адкуль родам яго бацька ці маці, не кажучы ўжо пра асабістыя гісторыі больш далёкіх продкаў.

Апавяданне ў З. Марозава вядзецца ад першай асобы і ахоплівае час ад першых успамінаў-эпізодаў з 3-гадовага ўзросту пісьменніка. У тканіну ўплятаюцца маналогі-споведзі бабулі Аніссі, родных аўтара, лісты маці да яго і ўнукаў, а таксама лірычныя адступленні. Так, знікламу без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны дзеду Васілю прысвечаны наступныя пранізлівыя радкі:

...Те суровых три слова,

                                           как возгласы чести,

Вызывают во мне неуемную дрожь...

Ожидаю от деда погибшего вести:

«Я живой, мой внучок.

                                            Ну а ты как живешь?»

Камусьці можа здацца нясціплым пісаць пра сябе, маўляў, у многіх людзей так усё і было: вёсачка, пах сырадою, дзед-салдат, маміны клопаты, юнацкія мары... Але эсэ атрымалася і не пра аўтара быццам, а аб тым, што яго сфарміравала і хто яму даў пуцёўку ў жыццё. Таму перад намі не аўтабіяграфія, а гімн роду, удзячныя радкі аб чырвонай рабіне беларускай зямлі, шматпакутнай і шчодрай на любоў.

Эсэ-успамін «Мой дзед, дзед Чэсік» Ядвігі Адамчык, унучкі беларускага пісьменніка Вячаслава Адамчыка, адносіцца да мемуарнай літаратуры. Успаміны дзяцінства, калі жыла ў знакамітым пісьменніцкім доме па вул. К. Маркса, куды ў госці да дзеда заходзіў, напрыклад, У. Караткевіч, які называў маленькую ўнучку пісьменніка «бліном у смятане» за яе белую скуру. Прыпамінаецца Ядвізе і пісьмовы стол з ідэальна завостранымі алоўкамі і мноствам ручак, якія пісьменнік перыядычна дарыў любай унучцы, — імі яна пісала дыктоўкі, увесь час прапускаючы літары.

Вобраз дзеда ў дачным садзе — «А ён быў душой гэтага саду: вечна нешта саджаў, вывучаў, прывіваў, апырскваў, збіраў ураджай...» — становіцца вобразам творцы ў эдэмскай прасторы. Бо хто, як не аўтар, з’яўляецца прадаўжальнікам Божай задумы аб свеце і закліканы ўпрыгожваць яго!

«Сёння мы жывём ужоў 2023 году, я жыву ў Іспаніі. У мяне да гэтага часу цяга да якасных пісьмовых прылад, і я па ранейшаму прапускаю літары. Час ад часу бачу адзін і той сон... Я на лецішчы ў дзеда ў садзе, лета, спёка, паспелі чорныя парэчкі, а дзед адчыніў акно свайго кабінета і крычыць мне ўніз:

— Ядзя, не чапай гэтага чмяля!»

Пра свайго сябра і настаўніка, паэта і дакументаліста Анатоля Вялюгіна, які благаславіў і вывеў на паэтычную дарогу, цёпла ўспамінае ў эсэ «Адрас кахання» Казімір Камейша. «Адрасы людзей змяняюцца, як змяняецца і само наша жыццё, але вось адрас кахання паэта застаецца нязменным. У паэта Анатоля Вялюгіна ён той самы, якім і быў пры жыцці. Гэта — Радзіма, родныя беларускія прасторы, зямля яго продкаў», — адзначае К. Камейша.

Разам з ім чытач пройдзе па маршрутах сяброў, даведаецца пра сустрэчы А. Вялюгіна з І. Шамякіным, М. Лыньковым, Я. Брылём, В. Катаевым; аб вучобе ў Інстытуце кінематаграфіі на курсах у Аляксандра Даўжэнкі, аб яго шляху ў вялікую літаратуру, працы ў рэдакцыі часопіса «Полымя». Сам Казімір Камейша гаворыць пра школу Анатоля Велюгіна ў беларускай паэзіі, называючы паэта «беларускім Літінстытутам». Творчасць аўтара эсэ можна аднесці да гэтай жа школы.

Аб следзе, які чалавек пакідае на зямлі, раман «Электрычная неўміручасць» Анатоля Матвіенкі. Займальны сюжэт пра вучонага-дзівака, юродзівага, незразуметага многімі, непрызнанага і пасля смерці Якава Наркевіча-Ёдку ўвесь час трымае цікавасць чытача. Гэта гісторыя аб тым, што сапраўдная навука, як і сапраўднае мастацтва, не павінна закрывацца ў нацыянальнае, геаграфічнае, палітычнае гета. Гэта гісторыя аб тым, што ўзнагароды знаходзяць сваіх герояў, няхай не на зямлі, але на нябёсах дакладна, і невядома яшчэ, якая з іх даражэйшая. У цэлым галоўны герой настолькі шматгранны, а гістарычны кантэкст твора такі цікавы (канец XIX — пач. XX стагоддзяў), што, падаецца, аўтар паскупіўся на аб’ём, і атрымалася хутчэй аповесць ці нават сцэнарый да фільма, а не раман. Хочацца працягу гісторыі або цыкла падобных расповедаў.

Гісторыка-фантастычная проза, прадстаўленая апавяданнямі з кітайскай цывілізацыі Міхаіла Шэлехава «Шаўковыя ніткі» ўяуляе сабой сінтэз культурна-гістарычнага зрэзу з «эпохі бліскучай дынастыі Тан» і прарыў у сюррэалістычны свет душы галоўнага героя. Прыгоды, стражнікі, шаманы, манахі — у калейдаскопе сюжэтаў і вобразаў ёсць месца цудам: як фіктыўным («ператварэнне» вады ў віно як вынік самаўнушэння, нечаканае «ўзбагачэнне» няўдачлівага Фана і інш.), так і сапраўдным, якім з’яуляецца ачышчэнне героя праз метафару выгнання ўсяго злога з сябе (квазірытуал знешняга экзарцызму ў фінале цыкла). Так, шаўковыя ніткі становяцца прытчай аб нітках лёсу, якія плятуць мойры, і не важна, якой яны нацыянальнасці.

Мова душы — лірыка. І самае патаемнае выкладаецца ў вершах. Паэзія ў 11 нумары часопіса прадстаўлена лірычнымі падборкамі Навума Гальпяровіча, Наталлі Кучмель і Зінаіды Багамолавай. Пейзажная, філасофская, любоўная — яна заўсёды вядзе да пазнання асобы, свету і чалавека ў гэтым свеце.

И в горечи звенящей немоты

Никто и не заметит в целом свете,

Как этот бой жестокий примешь ты,

Как будто ты один за все в ответе.

(Н. Гальпяровіч «Заціхне горад...»)

Таксама на старонках часопіса чытач знойдзе найцікавейшае інтэрв’ю з грамадскім дзеячам, педагогам і пісьменнікам Аляксандрам Радзьковым. Дыяпазон гутаркі шырокі: пытанні інтэлекту, мастацкага пазнання, сакрэты творчасці, дасягненні і планы на будучыню.

Аб мерапрыемствах, якія прайшлі у Мінску ў рамках Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі, расказвае ў рубрыцы «Літаратурная садружнасць» першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Што аб’ядноўвае людзей розных краін і кантынентаў? Што вяртае іх да дому, да роду і нарэшце да самога сябе? Адказ відавочны:
памяць. А памяць запісаная, як вядома, застаецца ў вяках.

Таццяна СІДАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.