Вы тут

Мерапрыемства, прысвечанае памяі Алеся Савіцкага, прайшло ў Полацку


З 8 снежня 2023 года і да 30 студзеня 2024 года на тэрыторыі Полацкага раёна праводзіцца шэраг тэматычных праектаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка, Ганаровага грамадзяніна горада Полацка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.


9 студзеня 2024 года ў Полацкім гарадскім Палацы культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае памяці патрыёта, пісьменніка, героя Алеся Савіцкага.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях С. Валюшкіна, начальнік аддзела культуры Полацкага райвыканкама А. Астапава, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Гусачэнка, члены СПБ А. Сухараў, Л. Піскун, Н. Хахлоў, Г. Загурская, І. Саламаха і іншыя запрошаныя госці.

Т. Гусачэнка зачытала прывітальны адрас да ўдзельнікаў і арганізатараў мерапрыемства ад Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі за подпісам старшыні грамадскага аб’яднання А. Карлюкевіча. Мерапрыемства прайшло пры поўнай зале: навучэнцы, студэнты, педагогі, удзельнікі літаратурных аб’яднанняў Полацка... Кульмінацыяй стаў святочны канцэрт, кранальнымі момантамі якога былі відэазапісы з выступленняў Алеся Савіцкага.

Алесь Ануфрыевіч нарадзіўся 8 студзеня 1924 года ў Полацку. У гэтым горадзе прайшлі першыя гады яго жыцця, тут ён пайшоў у школу. У 1939-м сям’я пераехала ў Гродна, дзе Алесь працягнуў вучобу ў сярэдняй школе.

У гады нашэсця нямецка-фашысцкіх захопнікаў юнак са зброяй у руках абараняў незалежнасць Радзімы: спачатку ў партызанскіх атрадах на Віцебшчыне, а пасля вызвалення Беларусі — у Савецкай арміі. На яго баявым рахунку больш за дзесяць падарваных эшалонаў, мноства спаленых і ўзарваных мастоў у тыле ворага, удзел у баях за вызваленне Літвы, Польшчы, ва ўзяцці Берліна. Алесь Савіцкі быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай абласной газеты «Бальшавіцкі сцяг», на старонках якой у 1948 годзе быў надрукаваны яго першы твор — апавяданне «Рыбацкае шчасце». У гэтыя ж гады ўзначальваў полацкае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне».

Пасля заканчэння ў 1958 годзе Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве працаваў загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Ураджай», затым — вучоным сакратаром Літаратурнага музея Я. Коласа і неўзабаве ўзначаліў сектар мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ.

З 1973 г. Алесь Савіцкі поўнасцю прысвяціў сябе творчасці. Да гэтага часу ўжо выйшлі ў свет яго аповесці «Кедры ля мора», «Пасля паводкі», раман «Жанчына», аповесць аб будаўніках — «Самы высокі паверх» (удастоена прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, 1972).

Пазней былі напісаны раманы «Верай і праўдай», «Літасці не чакай», «Памерці заўсёды паспееш», якія склалі свайго роду трылогію. У выніку атрымалася шырокае мастацкае палатно, якое глыбока і пераканаўча паказвае гістарычную панараму партызанскай барацьбы з фашысцкімі акупантамі на беларускай зямлі з першых дзён вайны да вызвалення. Блізкія па тэматыцы да трылогіі раманы «Зямля не раскажа», «Верасы», аповесць «Белая знічка».

Яшчэ адну старонку гераічнай барацьбы беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі А.Савіцкі адкрыў у рамане «Обаль». Дзякуючы гэтаму твору чыгуначная станцыя Обаль, што пад Полацкам, увайшла ў гісторыю як месца барацьбы беларускіх маладагвардзейцаў, аб’яднаных у камсамольскую падпольную арганізацыю «Юныя мсціўцы».

Кола творчых інтарэсаў пісьменніка даволі шырокае: праблемы вясковага жыцця (раман «Полынь — трава горькая», апавяданні «Вёска была за лесам», «Мітуліца»), духоўны свет сучасніка (аповесць «І нічога ўзамен», раман «Толькі аднойчы», апавяданні «Сезоннікі», «Вольга прыехала» і інш.), тэма дзяцінства («Чудеса на Лысой Горе», «Радости и невзгоды золотистого карасика Бублика», «Женя, Линда и Рик», «Приключения Мурки» і інш.). Алесь Савіцкі — аўтар шэрагу публіцыстычных артыкулаў. Многія яго творы перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую і іншыя мовы.

Аб прызнанні баявых і творчых заслуг Алеся Ануфрыевіча Савіцкага сведчаць шматлікія ўзнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», Францыска Скарыны і шматлікія медалі. Пісьменніку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Полацка» (1987). Яго творы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі розных прэмій.

Захаваць памяць свайго пакалення, данесці праўду новым пакаленням беларусаў — такі патрыятычны і чалавечы абавязак пранёс праз усё жыццё пісьменнік-грамадзянін Алесь Савіцкі.

Прэс-служба Віцебскага абласнога аддзялення СПБ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.