Вы тут

Вечар памяці Міколы Шабовіча прайшоў у залах публічнай бібліятэкі № 1 імя Льва Талстога


4 студзеня 2024 года паэту, перакладчыку Міколу Шабовічу споўнілася б 65 гадоў.


Кажуць, Каляды — свята сямейнае. Тады й зразумела, чаму атмасфера светлай радасці і крыху шчымлівай журботы панавала ў мінулую суботу ў залах публічнай бібліятэкі № 1 імя Льва Талстога. Яшчэ зусім нядаўна ў яе цішы гартаў старонкі любімых часопісаў, марыў, збіраў сваіх таленавітых сяброў пастаянны наведвальнік Мікола Шабовіч. А да яго і сапраўды, нібы да яскравай дружалюбнай планеты, заўсёды прыцягвалася плеяда роднасных па духу асоб самых розных узростаў. Чыталі вершы, спявалі, жартавалі, будавалі планы — усё, як у адзінай творчай вялікай сям’і.

Прыкладна так было і ў гэты дзень: у пярэдадзень Ражджаства сабраліся вядомыя пісьменнікі, кампазітары, былыя калегі і вучні Міколы Шабовіча, аматары яго творчасці. Вось толькі ён сам не гутарыў як бывала, не жартаваў, а ціхутка ўглядаўся з фотаслайдаў з уласцівым яму прышчурам у даверлівыя твары сяброў, а яны чыталі... чыталі...

І кожны радок, кожнае слова выпраменьвалі душэўнае святло, якое не заўжды хочацца выстаўляць напаказ у наш супярэчлівы час. Як захапляльныя кароткаметражкі, бруіліся ўспаміны... Паэт Анатоль Аўруцін распавёў пра той час, калі так складана было трапіць у Саюз пісьменнікаў, якое сузор’е слынных майстроў прыгожага слова адкрыла шлях да прафесійнай літаратурнай дзейнасці маладому тады паэту Мікалаю Шабовічу. І не дзіва, што столькі кранальных вершаў прысвяцілі яму ў гэты дзень Лізавета Палеес, Вольга Шпакевіч, зямляк Аляксандр Быкаў з Мядзела, Ганна Міклашэвіч са Слуцка, Таццяна Цвірко, Вольга Любашына, Кацярына Роўда, Алена Басікірская, Настасся Каротчыкава. Лірычныя і гумарыстычныя творы Мікалая Віктаравіча дэкламавалі Таццяна Каленік і Святлана

Яфрэмава, а вялікая прыхільніца яго паэтычнага таленту Таццяна Плашчынская прачытала «Баладу Міколы Шабовіча», якую напісаў Віктар Шніп.

Узнялі настрой жартаўліва-цёплыя ўспаміны былой загадчыцы «Талстоўкі» Надзеі Корзюк і Лолы Іназемцавай, якая ўзначальвае бібліятэку цяпер.

Пранікліва гучала гітара Таццяны Жылінскай, нібыта выказвала ўсё, што не паспела праспяваць дарагому сябру пры яго жыцці. Неяк па-іншаму ўспрымаліся і даўно знаёмыя відэакліпы на песні «Бацькоўская зямля» (сл. М. Шабовіча, муз. А. Міхальчанкава) у выкананні Віктара Мяцельскага, «Рэквіем» (пераклад на беларускую мову М. Шабовіча) у выкананні аўтара Таццяны Дашкевіч.

Завяршыў жа мерапрыемства, арганізаванае бібліятэкай № 1 імя Л. Талстога і філіялам бібліятэкі № 3 імя У. Маякоўскага сумесна
з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтычны рэквіем ад вядучага імпрэзы Міхася Пазнякова:

Не чутна Дзімкавай гітары,

Шабовіч з ім замоўк да па́ры...

Мятліцкі ўслед і Чарказян

Да райскіх выбылі палян.

Яна ЖУРАВЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.