Ганна Ровіна састаіць ў сталічным клубе ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Фузілеры-грэнадзёры Імператарскай Гвардыі». У гэтай сферы дзяўчына каля пяці гадоў. Яна падзялілася, што сабой уяўляе такая дзейнасць як рэканструкцыя гістарычных падзей, і расказала, чаму ёй варта ўдзяліць увагу. Па словах суразмоўніцы, усё пачалося з таго, што яе малады чалавек, які таксама займаецца рэканструкцыяй, прапанаваў дзяўчыне разам пайсці на адно з такіх мерапрыемстваў.
— Гэта быў грамадскі баль у Барысаве. Больш за ўсё мяне ўразіў той факт, што, наведваючы падобныя мерапрыемствы, я магу перамяшчацца ў зусім іншыя эпохі. Здзівіла таксама маштабнасць таго, што адбываецца. На балі былі як людзі, што маюць дачыненне да рэканструкцыі, так і проста гледачы. Так я ў свой першы раз патрапіла ў асяроддзе тых, хто ўзнаўляе падзеі мінулага — было вельмі прыемна адчуваць сябе разам з імі.
Як расказала дзяўчына, ёсць клубы, якія спецыялізуюцца на Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме, Сярэднявеччы, на Другой сусветнай вайне. Любы гістарычны перыяд, які табе цікавы, можна рэканструяваць.
Цяпер Ганна займаецца эпохай пачатку ХІХ стагоддзя. Яна прызнаецца: гісторыя і літаратура таго часу выклікае ў яе вялікую цікавасць. Суразмоўніца таксама адзначыла, што па ваеннай рэканструкцыі гэты перыяд у Беларусі адзін з найбольш развітых.
Пры рэканструкцыях Ганна выконвае ролю маркітанткі, працуе з правіянтам.
— У французскай арміі ў маркітантак было шмат абавязкаў: яны адказвалі за падрыхтоўку і забеспячэнне неабходнымі таварамі, маглі аказваць першую медыцынскую дапамогу, падчас баталій часткова выконваць работу санітарак, сачылі за абозам, займаліся рамонтам адзення, пры неабходнасці нават удзельнічалі ў ваенных дзеяннях.
Акрамя ваеннай рэканструкцыі дзяўчына таксама займаецца і свецкай. Па словах суразмоўніцы, над узнаўленнем мінулага працуюць людзі розных узростаў і прафесій, ніякіх абмежаванняў няма. Члены клуба могуць прайграць гістарычныя падзеі альбо на закрытых мерапрыемствах, для сябе, альбо арганізуюць паказальныя выступленні. Пры рэканструкцыі яны абапіраюцца на кнігі пра тую эпоху, архіўныя матэрыялы, у тым ліку, на замежныя. У клубе састаяць людзі, якія з цікавасцю займаюцца сваёй справай. Па словах Ганны, некаторыя ўдзельнікі маюць гістарычную адукацыю, а іх кіраўніком з’яўляецца аспірант гістарычнага факультэта.
Члены клуба праводзяць балі, арганізуюць пікнікі, танцуюць і весела бавяць час — гэта праходзіць пад адпаведную музыку і ў гістарычных касцюмах, якія вырабляюцца самастойна або заказваюцца ў атэлье. Для сваіх выступленняў Ганна шые касцюмы сама.
— У атэлье пашыў сукенкі «нашай» эпохі будзе каштаваць каля 200 рублёў. Гэта атрымаецца просты ўбор, без празмернасцяў. Калі жадаеш дадаць ручную вышыўку, кошт павялічыцца. Сёння ў маёй калекцыі ёсць бальныя ўборы, прагулачныя сукенкі для пікнікоў і вобразы для ролі маркітанткі.
Лакацый для правядзення рэканструкцый шмат. Балі, напрыклад, праходзяць у розных месцах — ад палацаў да асабнякоў. Яны арганізоўваюцца ў Мірскім і Нясвіжскім замках, у сядзібе І. Х. Каладзеева, у Доме Ваньковічаў, нейкі час праводзіліся і ў «Лошыцкай сядзібе». Ваенныя рэканструкцыі адбываюцца на месцах бітваў або ў мясцовасці з полем, лесам і ракой паблізу.
Пры ваенных рэканструкцыях удзельнікі арганізуюць гульнявыя баталіі.
— Пытанне аб тым, як будуць праходзіць баталіі — па сцэнары або па пэўных правілах, — вырашаецца калегіяльна. Камандзіры клубаў, якія плануюць прыняць удзел, папярэдне збіраюцца і абмяркоўваюць правілы. Напрыклад, пры дэманстрацыі стрэлаў мы выкарыстоўваем петарды, якія даюць шмат шуму. І калі ў баталіі ўдзельнічаюць вершнікі, то такі гучны гук можа спалохаць коней. Таму ёсць правіла наконт таго, што нельга шумець і страляць побач з кавалерыяй.
Падчас баталій выкарыстоўваецца муляжная зброя. Яна вырабляецца майстрамі з улікам асаблівасцей той эпохі. Ганна адзначыла, што можа быць нават нешта з археалагічных раскопак, але такое бывае рэдка. На фестывалях удзельнікі знаходзяць вольны ад выступленняў час, каб пакантактаваць з гледачамі: яны фатаграфуюцца, дзеляцца фактамі з гісторыі, расказваюць пра элементы абмундзіравання.
Пры выездзе на вайсковыя мерапрыемствы клуб разбівае лагер. Спецыяльныя палаткі ўстанаўліваюцца, як у часы той эпохі. Па словах Ганны, удзельнікі імкнуцца выключаць на тэрыторыі лагера ўсе сучасныя прадметы.
Пакупную ежу яны кудысьці прыбіраюць, каб тая не была бачная на фатаграфіях, або перакладаюць усё ў драўляны посуд, гліняныя збаны, заварочваюць у тонкую паперу або кладуць у палатняныя мяшкі.
— Посуд мы выкарыстоўваем гліняны, драўляны ці металічны — той, які быў ці мог быць у гэтую эпоху. Дапускаецца і алюмініевы посуд, хоць гэты метал у той час не быў шырока распаўсюджаны. З простых прадуктаў імкнемся гатаваць стравы, якія падаваліся ў пэўны гістарычны перыяд. Інфармацыю аб іх можна атрымаць з даведнікаў.
Па словах Ганны, патрапіць у клуб можна ў любы момант. Для гэтага неабходна звязацца з кімсьці з яго членаў і паведаміць, што ты таксама жадаеш стаць удзельнікам.
— Мусіць, адзінае патрабаванне — гатоўнасць наведваць мерапрыемствы, актыўна ўдзельнічаць у рэканструкцыях.
Суразмоўніца адзначыла, што каштоўнасць іх дзейнасці ў першую чаргу заключаецца ў асвеце, вывучэнні падзей мінулага.
— На мой погляд, гісторыя — адна з самых важных і неабходных навук для кожнага чалавека незалежна ад яго прафесіі. Я лічу, рэканструкцыя настолькі шматгранная сфера дзейнасці, што любы, нават не асабліва зацікаўлены гісторыяй, можа знайсці ў ёй нешта цікавае для сябе. Гэта хобі дае мне магчымасць мець стасункі з людзьмі, якія разбіраюцца ў гісторыі, весела праводзіць час, дазваляе адпачыць і расслабіцца.
Лізавета МАЛЬЧУК
Фота дадзены гераіняй
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.