Вы тут

Такога льготнага крэдыту спажыўцы яшчэ не бачылі


Літаральна ў апошнія дні мінулага года Савет Міністраў нашай краіны прыняў пастанову № 992 «Аб спажывецкім крэдытаванні», каб такім чынам прастымуляваць унутраны попыт у краіне. Банкіры з ініцыятывай урада пагадзіліся. І ўжо ў першы тыдзень новага года Беларусбанк стварыў унікальны крэдыт на спажывецкія патрэбы і назваў яго «На родныя тавары».


Як адзначыла намеснік старшыні праўлення банка Святлана Кажэкіна, падтрымка важных дзяржаўных ініцыятыў, якія скіраваныя на развіццё эканомікі, — традыцыйны складнік дзейнасці гэтага фінансавага інстытута. 

А дзякуючы новаму крэдыту адбудзецца стымуляванне попыту на айчынныя тавары, што будзе мець станоўчы ўплыў на развіццё прадпрыемстваў і дапаможа грамадзянам палепшыць свой побыт, павысіць іх якасць жыцця. Тым больш што гэты год абвешчаны Годам якасці, а якасць — сінонім тавараў айчынных брэндаў.

Крэдыт будзе выдавацца на 3 гады пад фіксаваную на ўвесь тэрмін крэдытавання стаўку 4% гадавых для набыцця тавараў беларускіх вытворцаў.

Што можна купіць і ў каго?

Падрыхтаваны дакладны пералік тавараў, для набыцця якіх грамадзянам даюцца гэтыя льготныя крэдыты. Па-першае гэта ровары, мапеды і мотаровары, матацыклы, матаролеры ад Мінскага мотавелазавода. Тэлевізары, якія выраблены на акцыянерным таварыстве «Віцязь» і на ўнітарным прадпрыемстве «Гарызонт».

Матаблокі і міні-трактары ад Мінскага трактарнага завода. За льготны крэдыт можна набыць амаль любую мэблю айчыннага вырабу (спіс досыць буйных фабрык у нас максімальна аб’ёмны). Гэта і «Маладзечнамэбля», ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», «Гомельская мэблевая фабрыка «Прагрэс», акцыянернае таварыства «Мінскпраектмэбля» і іншыя.

Халадзільнікі, маразільнікі і машыны пральныя ад фірмы «Атлант». Кухонныя машыны «Амкадор-Белвар» і мікрахвалевыя печы ўнітарнага прадпрыемства «Гарызонт». Газавыя або электрычныя пліты, посудамыйныя машыны, якія вырабляюць на прадпрыемстве «Брэстгазаапарат», а таксама плітка керамічная ад «Бярозабудматэрыялы» і ААТ «Керамін» і санітарна-тэхнічнае абсталяванне ад «Кераміна» і прадпрыемства «Белюкс ЛТД».

Унікальнасць банкаўскай прапановы

Напэўна, галоўнымі асаблівасцямі гэтага фінансавага прадукту стане малая працэнтная стаўка, афармленне дагавора без паручыцеляў і страховак, а таксама адсутнасць дадатковых камісій і плацяжоў за карыстанне крэдытам.

Немалаважным будзе той факт, што для некаторых людзей ёсць магчымасць афармлення крэдыту без даведкі аб даходах у памеры, разлічаным зыходзячы з сярэднямесячнага чыстага даходу, які не перавышае 25 базавых велічынь (1000 рублёў), а для грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту — 20 базавых велічынь (800 рублёў). Маюцца зручныя спосабы пагашэння крэдыту (у інфакіёсках банка, праз сістэму «Інтэрнэт-банкінг» і паслугу «М-банкінг», Аўтааплата).

Крэдыт выдаецца ў памеры, які не перавышае 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў), у межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, але не менш за 100 рублёў. Агульная сума крэдытаў «На родныя тавары», якія выдадзены адной фізічнай асобе ў перыяд з 01.01.2024 да 31.12.2024 (уключна), не можа перавышаць 300 базавых велічынь, устаноўленых на дату заключэння крэдытнага дагавора.

Крэдыт выдаецца шляхам безнаяўнага пералічэння на рахункі прадаўцоў айчынных тавараў на падставе дакументаў на аплату тавару (рахунак-фактура, дагавор). Падаць заяўку на крэдыт можна ва ўстановах банка, інтэрнэт-банкінгу, М-банкінгу і на сайце банка.

Парадак выплаты працэнтаў прапісаны толькі за фактычны час карыстання крэдытам, а забеспячэннем крэдыту з’яўляецца яго няўстойка.

Дадзены крэдыт выдаецца ў аддзяленнях банка і праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання дзеяздольным фізічным асобам (грамадзянам краіны, замежным грамадзянам (асобам без грамадзянства)), якія пастаянна пражываюць у нас і маюць даход у нашай краіне або ў арганізацыях Расійскай Федэрацыі (іншых дзяржаў), якія адносяцца да інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, пералічаных на вэб-сайце Міністэрства замежных спраў.

Дакументаў няшмат

У банкаўскім аддзяленні ў вас папросяць дакумент, які сведчыць асобу заяўніка. Другім будзе афіцыйная папера, якая пацвярджае даходы кліента: даведкі аб даходах (па даручэнні грамадзяніна фарміруецца выпіска з рахунку, адкрытага ў ААТ «ААБ Беларусбанк», на які залічваецца Даход).

Потым патрэбныя розныя згоды крэдытаатрымальніка на прадстаўленне крэдытнай справаздачы з крэдытнага рэгістра, на прадстаўленне інфармацыі аб наяўнасці звестак у інфармацыйных рэсурсах, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС; на прадстаўленне інфармацыі з інфармацыйнага рэсурсу АРІП; на апрацоўку персанальных даных пры аказанні электроннай паслугі ААІС «Прадастаўленне звестак аб датах прыёму і звальнення застрахаванай асобы і сумах выплат, на якія налічаны страхавыя ўзносы». Пры фінале выдачы крэдыту патрэбны дакументы на аплату кошту тавараў (работ, паслуг) (дагавор з яго копіяй, рахунак-фактура і іншыя).

Для індывідуальных прадпрымальнікаў дадаткова неабходна прад’явіць арыгінал ліцэнзіі (пры наяўнасці) пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі з яго копіяй; звесткі аб даходах ІП за апошнія шэсць месяцаў, папярэднія месяцу звароту па крэдыт; даведка аб руху грашовых сродкаў па рахунку за апошнія шэсць месяцаў, аб наяўнасці/адсутнасці абмежаванняў па бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку.

Дарэчы, трэба памятаць, што тэрмін дзеяння дакументаў, якія пацвярджаюць даходы, — 30 каляндарных дзён пасля іх выдачы (афармлення).

На тры месяцы — амаль без працэнтаў

Яшчэ адна фінансавая структура вырашыла падтрымаць айчыннага вытворцу. Белінвестбанк пад дэвізам «Купляйце Беларускае» стварыў крэдыт пад назвай «Сваё. Роднае». Дадзены фінансавы прадукт разлічаны на беларускія тавары, работы і паслугі. Характэрна, што працэнтная стаўка гэтага крэдыту за першыя тры месяцы (уключна) складзе 0,01%, а з чацвёртага месяца — 12,52% гадавых.

Тэрмін крэдыту — 7 гадоў, калі існуе адтэрміноўка выплаты асноўнага доўгу 2 гады. Максімальная сума крэдыту — зыходзячы з крэдытаздольнасці заяўніка. Атрымліваецца, што гэты крэдыт будзе вельмі дарэчы тым кліентам, якія за тры месяцы разлічваюць цалкам пагасіць яго ці збіраюцца атрымаць на рукі значна больш, чым 12 тысяч рублёў.

Выгляд выдзялення гэтага крэдыту — неаднаўляльная крэдытная лінія тэрмінам дзеяння 1 год. Спосабам забеспячэння дадзенага прадукту з’яўляецца няўстойка пры суме да 20 тысяч рублёў. Калі крэдыт большы за гэтую суму — тады абавязковая няўстойка будзе суседнічаць з паручыцельствам іншых фізічных асоб. Для заяўнікаў, якім 60 гадоў (жанчыны), 65 гадоў (мужчыны), няўстойка і паручыцельства неабходныя незалежна ад памеру крэдыту.

Паважаць сябе трэба... рублём

Банкаўскія прадукты, якія вылучаюць тавары айчыннага вытворцы, пераарыентуюць насельніцтва на куплю сваіх родных брэндаў, якія досыць канкурэнтныя з імпартнай прадукцыяй. Для стымулявання продажаў вытворцы заўсёды актыўна ўкаранялі розныя фінансавыя інструменты. Магчымасць выдачы льготных крэдытаў на куплю нацыянальных тавараў стала дадатковым імпульсам для актывізацыі спажывецкага попыту, упэўнены міжгаліновыя прафсаюзы краіны.

Мэблевыя фабрыкі апошнім часам, нарасцілі аб’ёмы вытворчасці, але для развіцця ім патрэбны значныя абаротныя сродкі. Кіраўнікі гэтых вытворцаў лічаць, што пастанова вельмі своечасовая: ёю даюцца прывабныя ўмовы крэдытавання для насельніцтва, а гэта можа істотна павялічыць продаж мэблі ў нашай краіне.

Эканамісты-практыкі лічаць, што такім чынам мы паступова прызвычаім нашых людзей набываць айчынную прадукцыю і ганарыцца тым, што яны купілі якасныя тавары. Эксперты нават прапануюць пашырыць дадзенае рашэнне і даваць крэдыты па нізкіх стаўках на набыццё больш шырокай групы тавараў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.