Вы тут

Раство — адно з галоўных свят праваслаўнай царквы


Нараджэнне Хрыстова — адно з найбольш важных і значных свят для хрысціян. Як тлумачаць прадстаўнікі Праваслаўнай царквы, у дні Раства перад намі прыадкрываецца таямніца нараджэння Сына Божага: Хрыстос прыняў чалавечае цела, каб даць людзям магчымасць духоўнага збаўлення.


Фота pexels.com

«Нараджэнне Хрыстова — падзея, якая змяніла ход сусветнай гісторыі і ўнутрана змяніла чалавека, — падкрэслівае старшыня Сінадальнага аддзела па культуры і царкоўным мастацтве Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Іаан Задарожын. — Традыцыі святкавання праваслаўнага Раства ў Беларусі маюць шматвяковую гісторыю. Але, выконваючы іх, важна разумець галоўнае — сутнасць свята. Новы год — гэта толькі змена ў лічбах, а Нараджэнне Хрыстова — сутнасная перамена, якая павінна з намі адбывацца. Гэта штогадовае абнаўленне: мы павінны задумацца аб тым, якімі мы сталі за год, што ў нас варта змяніць праз далучэнне да Хрыста Збавіцеля».

— Раство — адно з галоўных свят праваслаўнай царквы, — дадае рэгент і мастацкі кіраўнік Архіерэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска Віталь Сабалеўскі. — І важна прыйсці да гэтага свята светлымі і ачышчанымі.

Гасподзь і малыя дары не адмаўляе

Калядны пост папярэднічае святу. Сучасныя людзі, посцячыся, часам засяроджваюцца толькі на знешнім, абрадавым баку, падкрэсліваюць прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Між тым, кажучы аб дыеце, мы ставім сабе за мэту паправіць здароўе. Мэта посту — іншая. Гэта сродак, які вядзе да Бога. Пост не ставіць задачай паляпшэнне фізічнага стану чалавека (хоць гэта адбываецца), ён патрабуе духоўнай працы над сабой. Можна вытрымліваць пост, але пры гэтым заставацца ў стане раздражнення, негатыўных эмоцый. Толькі духоўная праца надае посту сэнс. Абмежаванні ў ежы даюць магчымасць чалавеку абмяжоўваць у сабе страсці.

— Калядны пост не такі строгі, як Вялікі або Успенскі. Ён дазваляе ўжыванне рыбы, — тлумачыць протаіерэй Іаан Задарожын. — Але трэба разумець, што ўстрыманне падчас посту — толькі сродак для трэніроўкі духу. Важна захоўваць духоўны пост, які ўключае засяроджанасць і разважанні. Чалавек выходзіць са звыклага кола, каб асэнсаваць самога сябе, сваё жыццё. Царква гаворыць аб тым, што трэба абмежаваць сябе на гэты час у забавах і іншых мітуслівых справах. У мітусні чалавек не заўважае галоўнага — сваёй душы, таго, куды рухаецца яго жыццё. Пост жа павінен быць спалучаны з павелічэннем часу для малітвы, чытання Псалтыры, дапамагае сканцэнтраваць увагу на духу. Таму напярэдадні посту важна ставіць сабе духоўныя задачы. Няхай не заўсёды яны дасягаюцца цалкам, але Гасподзь і малыя дары прымае. 

І пост — якраз той дар, які мы можам прынесці Богу, як і добрыя справы.

Каляды ў кожную хату

На Раство на Беларусі заўсёды калядавалі: дзеці — днём, моладзь — калі сцямнела. Вясёлыя гурты хадзілі па дварах, віншавалі суседзяў з Нараджэннем Хрыстовым, спявалі калядкі і збіралі дары — прысмакі.

— Мы імкнёмся адрадзіць гэтую традыцыю, — расказвае старшыня брацтва ў гонар апостала Іаана Багаслова пры Свята-Духавым саборы горада Мінска Марыя Шаплыка. — У мінулым годзе, напрыклад, праводзілі акцыю «Каляды ў кожную хату», нас запрашалі ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і нават у сем’і павіншаваць дзяцей. Цяпер праходзіць конкурс песень і калядак, які аб’ядноўвае ўсіх, хто святкуе Раство. Трэба запісаць калядку і даслаць нам, у выніку мы пакажам, як Нараджэнне Хрыстова святкуецца ў розных кутках нашай Радзімы.

Сёлета 7 студзеня будзе праходзіць Мітрапалітчая калядная ёлка: у Нацыянальную бібліятэку запрошаны шматдзетныя сем’і, сем’і святароў, а таксама ўрачоў, дадала старшыня брацтва ў гонар апостала Іаана Багаслова.

Рабіць падарункі родным і блізкім на Раство — традыцыя, якая бярэ пачатак ад тых дароў, якія прынеслі Немаўляці Ісусу валхвы. Дабрачыннасць у гэты дзень асабліва важная, бо Нараджэнне Хрыстова — выдатная нагода дапамагчы тым, хто больш за іншых мае патрэбу ў гэтым.

— У дні Раства мы па традыцыі праводзім дабрачынныя акцыі, — адзначае Марыя Шаплыка. — Напрыклад, дабрачынная акцыя «Раство прыходзіць да кожнага» па зборы падарункаў шматдзетным сем’ям, інвалідам, людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Святы вечар напярэдадні Раства мае асаблівае значэнне. У гэты дзень традыцыя загадвае строгі пост: да першай зоркі есці нельга.

— Першая зорка — не тая, якая запальваецца на небе, — распавядае Віталь Сабалеўскі. — Зоркай лічыцца свечка, якая падчас службы выносіцца і запальваецца ў храме, калі спяваецца трапар, дзе гаворыцца пра сэнс свята. Потым гэтая свечка стаіць каля цэнтральнага абраза.

У вечар перад Раством на стол выстаўляецца куцця. Першапачаткова страву гатавалі з ячменю ці пшаніцы, дадаючы мёд. Сёння ў куццю дадаюць цукаты, мак, арэхі, яе гатуюць з розных круп. Нягледзячы на тое, што трапеза посная, па традыцыі яна павінна быць багатай: на стол нашы продкі выстаўлялі 12 страў, па колькасці апосталаў. Рыбныя стравы, салёныя грыбы, агуркі і памідоры, кашы, вараная ці запечаная бульба, посныя пірагі, дранікі, вінегрэт, квас, галубцы без мяса, варэнікі з капустай... Усё гэта ставілася на стол, накрыты белым абрусам, пад якім было сена — у памяць аб першай калысцы-яслях, куды паклалі нованароджанага Хрыста, і як сімвал, што Ісус прыйшоў на Зямлю не сярод раскошы, а ў прастаце і пакоры.

Зразумела, галоўная традыцыя святкавання Раства — наведванне храма. Без богаслужэнняў, якія апісваюць гэтую евангельскую падзею, немагчыма адчуць усю яе прыгажосць, гавораць святары. І, вядома, святкаванне Раства ў коле сям’і — гэта ў першую чаргу не застолле, а духоўныя зносіны, час, якія важна прысвяціць блізкім, а таксама добрым справам і добрым думкам. 

А створаць патрэбны настрой канцэрты Архіерэйскага хору, якія ў гэтым студзені адбудуцца ў Слуцку, Брэсце, Нясвіжскім замку і Белдзяржфілармоніі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Светлае свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.