Вы тут

«Ісус, схіліўшы нябёсы, сышоў...»


Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы! Сёння нашы сэрцы напаўняюцца радасцю аб народжаным Спасіцелі свету, разам з ангеламі мы праслаўляем Бога, спяшаемся з пастухамі да Віфлеемскай пячоры, ідзём услед за мудрацамі, каб прынесці Богадзіцяці свае дары.


Нашы духоўныя вочы звернуты сёння да ясляў, у якіх ляжыць Агнец Божы, паколькі «ўсе Божыя скарбы і багацці незлічоныя, неацэнныя, якія нікуды не могуць умясціцца, усе яны ўкладзены ў цесныя яслі, усе змешчаны і пакрыты жменяй сена» (свц. Дзімітрый Растоўскі)!

У гэты дзень здзейснілася «вялікая набожнасці тайна: Бог явіў Сябе ў плоці» (1 Цім. 3, 16). Разбурана перашкода, якая пасля грэхападзення ўзнікла паміж Богам і чалавекам, паміж небам і зямлёю, бо ў Хрысце Ісусе, паводле слова свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага, «Бог зрабіўся Чалавекам, а чалавек — Богам, неба становіцца зямлёю, а зямля — небам».

Богаўцялесненне адкрывае нам ісціну, небывалую раней, якую не мог умясціць чалавечы розум. «Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін. 3, 16). І гэтая невымоўная любоў выяўляецца не толькі ў пакутах на Крыжы і смерці Спасіцеля, не толькі ў Яго дабрадзействах і ацаленнях, — само Яго прышэсце ў гэты свет сведчыць пра бязмежную любоў Бога да чалавека.

І мы ў гэты дзень з глыбокай пашанай і сардэчным трымценнем успрымаем словы святочнага богаслужэння, якія раскрываюць нам сэнс прыняцця Сынам Божым чалавечай прыроды: «Убачыўшы створанае па вобразе і падабенстве, але пашкоджанае парушэннем запаведзі, Ісус, схіліўшы нябёсы, сышоў і ўсяліўся ў дзявочае ўлонне, не змяніўшыся, каб у ім абнавіць пашкоджанага Адама...» (Мінея. Ражджаство Хрыстова. Вялікае павячэр’е. Сціхіра на ліціі).

Чалавек з гэтага часу ўжо не асуджаны на знаходжанне ў цемры і цяні смяротным, «бо перашкода, якая раздзяляла, — разбурана, палымяны меч адхілены, і Херувім адыходзіць ад дрэва жыцця, і я спажываю райскую ежу, ад якой быў адагнаны з-за непаслухмянасці» (Мінея. Ражджаство Хрыстова. Вялікая вячэрня. Вершы на «Господи, воззвах»).

Святыя айцы ўказваюць на важны вынік Богаўцялеснення: абноўлены чалавек не проста вяртаецца да спрадвечнага дабра, якім валодаў Адам, але атрымлівае непараўнальна больш, бо праз Ісуса Хрыста ён уваходзіць у яднанне з Богам, яшчэ больш глыбокае, чым да грэхападзення.

Паводле слова апостала Паўла, «Царства Божае... радасць у Духу Святым» (Рым. 14, 17). Менавіта прышэсце ў свет Цара і Госпада з’яўляецца асновай няспыннай духоўнай радасці, якая была недаступнай для старазапаветнага чалавека. Але як жа нам неабходна жыць, каб увайсці «ў радасць Госпада свайго», каб Ражджаство Хрыстова было не проста адным з многіх святаў, а асвятляла сваім ззяннем усе імгненні нашага жыцця?

На гэтае пытанне адказвае Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос: «Узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім, і ўсёй сілаю тваёю, — гэта першая запаведзь. І другая падобная да яе: узлюбі бліжняга твайго як самога сябе» (Мк. 12, 30-31).

Менавіта выкананне евангельскіх запаведзяў — залог нашага следавання за Хрыстом і яднання з Ім. Чалавечае жыццё напоўнена выпрабаваннямі і цяжкасцямі; на нашай зямлі па-ранейшаму шмат супярэчнасцяў і разладаў, але ад нас, хрысціян, залежыць — ці напоўнім мы гэты свет Хрыстовым святлом і радасцю, ці станем мы духоўнай закваскай, якая пераменіць у добры бок тое асяроддзе, у якім кожны з нас жыве і працуе.

Кожны дзень нашага жыцця дае нам магчымасць папрацаваць для Бога і бліжняга. І калі мы будзем глядзець на свой жыццёвы шлях у евангельскай перспектыве, то ўсё ў ім будзе напоўнена сэнсам і асвячона Божым благаславеннем.

Спасціжэнне асабістага сапраўднага сэнсу жыцця, гарманічнасць грамадскіх адносін — усё гэта дасягаецца праз выкананне Божых законаў. Але многія людзі не ведаюць ці проста забываюць пра іх існаванне. І нашае сапраўднае хрысціянскае жыццё, а таксама шчырая любоў да бліжняга будуць жывым напамінам і пацверджаннем добрасці і мудрасці тых запаведзяў, пра якія дабравесціў нам Гасподзь Ісус Хрыстос.

Дарагія браты і сёстры, сардэчна віншую вас з Ражджаством Хрыстовым і Навалеццем! У гэтыя святыя дні жадаю, каб светлая радасць аб народжаным Богадзіцяці стала крыніцай нашага духоўнага абнаўлення, каб кожнае імгненне нашага жыцця было адказам падзякі на любоў Божую да нас. Будзем жа прытрымлівацца евангельскіх запаведзяў, бо менавіта ў іх выкананні — залог не толькі асабістага спасення, але і добрага грамадскага парадку.

Няхай само нашае жыццё сведчыць пра веру ў Госпада Ісуса Хрыста, Які дзеля вялікай любові да людзей нарадзіўся ў Віфлееме і дагэтуль нараджаецца ў сэрцы кожнага веруючага чалавека. Няхай Гасподзь падасць шчодрыя благадатныя дары ўсёй нашай Айчыне, працоўным калектывам, сем’ям і няхай благаславіць нашы добрыя пачынанні ў новым годзе.

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.