Вы тут

Хуткая педагагічная дапамога ад пісьменніцы Ліны Багданавай


Дзіцячым пісьменнікам школьная настаўніца з Гродна Галіна Богдан (Ліна Багданава — творчы псеўданім) стала не адразу. Спачатку былі жаночыя раманы з дэтэктыўным сюжэтам. Гэты старанна, з густам прыгатаваны літаратурны прадукт можна класіфікаваць як белетрыстыку або як масавую літаратуру, як жаночую літаратуру для чытання ў вольны час... «Денег много не бывает», «Водный туризм с элементами неожиданности», «Жена для курорта», «Цена счастья в у. е.», «Любовный многоугольник Оксаны Мелешко», «Пасьянс обыкновенного несчастья»... Галоўнае, што ўсё гэта — літаратура. Таленавітая, цікавая і, дзякуй Богу, запатрабаваная. «Такія творы ў маім арсенале разлічаны на простых жанчын, якія хочуць прыйсці з працы і проста нешта прачытаць не напружваючыся», — кажа Галіна Анатольеўна.


Гарадзенскі «ЛітФэст» з удзелам Ліны Багданавай.

У творчасці Ліны Багданавай я хачу адзначыць галоўнае — яе ўнікальнасць. Беларусь заўсёды славілася дзіцячымі пісьменнікамі. І багатыя традыцыі ёсць каму працягваць. У майстроў слова з розных куткоў краіны склаўся свой непаўторны стыль. І гэта заканамерна. Вострыя крытычныя разносы ў прэсе, як відаць, засталіся ў мінулым. На змену ім прыходзяць рэфлексія, аналітыка. Іх мэта — зрабіць магчымым абмен творчым вопытам. А павучыцца ў пісьменніцы з Гродна ёсць чаму.

Сур’ёзным этапам творчасці Ліны Багданавай, дасведчанага і прагрэсіўнага педагога, шчаслівай маці і бабулі, сталі творы для дзяцей. Калі быць да канца дакладным, гэта творы, адрасаваныя дзецям, а таксама іх бацькам і педагогам. Больш за тое, Галіна Анатольеўна стала ініцыятарам стварэння спецыяльнай кніжнай серыі, падобнай па назве з папулярнай сацыяльнай сеткай «ВКонтакте». Чаму менавіта «ВКонтакте»? Па-першае, толькі знаходзячыся ў пастаяннай камунікацыі з дарослымі, школьнік можа адчуваць сябе больш упэўнена і бяспечна. Гэта аксіёма. Па-другое, для таго, каб дзіця добра разумела: атрымаць неабходную падтрымку ў цяжкі момант яно можа не толькі з інтэрнэту. Як чалавек з прагрэсіўным мысленнем пісьменніца не ігнаруе магчымасці «сусветнага павуціння», а прапануе чытачам сумесны рух па яго прасторах. Там Ліна Багданава запрашае ўсіх у адкрытую супольнасць «Будзь у кантакце!», дзе можна абмеркаваць сітуацыі з кніг і свае праблемы. Можна разам з сябрамі або бацькамі. А можна і з ёй. Сама актыўны інтэрнэт-карыстальнік, літаратар выразна прадстаўлена ў сацыяльных сетках. Часта публікуецца ў электронных часопісах, на літаратурных парталах. Што спрыяе яе вядомасці ў блізкім і далёкім замежжы. І гэта далёка не адзіны бонус да вобраза пісьменніцы і яе творчай стратэгіі.

Яе стыль зносін з юным чытачом — гэта шчырая размова на роўных. Трэба прызнаць, што пісьменніцы вельмі дапамагае яе прафесія. За сорак гадоў педагагічнай дзейнасці Галіна Анатольеўна здолела дасканала вывучыць свет маленькіх суграмадзян, іх псіхалогію і, вядома, шматлікія праблемы (цяжкасці ў вучобе, неразуменне навакольных, сталенне, самасцвярджэнне і г. д.). Аўтар нездарма адносіць уласныя творы з серыі «В контакте» да жанру інтэрактыўнага апавядання. Для таго, каб дзіця адкрылася, даверылася даросламу, адной эмпатыі недастаткова. Інтэрактыў (магчымасць спраецыраваць апісаную сітуацыю на сябе) — яшчэ адзін функцыянальны плюс пісьменніцы.

Пачынаючы з 2017 года ў серыі «В контакте» выдавецтва «Народная асвета» выйшла з паўтара дзясятка кніг Ліны Багданавай. Кожная з іх — унікальная падзея адразу ў некалькіх сферах нашага жыцця — адукацыі, сацыялогіі, псіхалогіі, ідэалогіі, культуры... Пісьменніца імкнецца максімальна аператыўна рэагаваць на тое, што адбываецца ў такім неспакойным навакольным свеце, і проста, амаль на пальцах, зразумелай мовай прапанаваць чытачу магчымыя шляхі выхаду са складаных сітуацый, ненадакучліва, у гульнявой форме выбіраючы аптымальныя рашэнні. Каб апеляваць да дзяцей і падлеткаў, аўтару неабходна трымаць нос па ветры і самой добра разбірацца ў прадмеце размовы. Напрыклад, кніга «Будь здоров, Вася!» — рэакцыя на пандэмію каранавіруса. «Даёшь биоразнообразие!» — прысвячаецца экалагічнай праблематыцы. «Атас!!! Все дома!!!» — пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. «Наш ответ мимишной няшности» — кніга аб сталенні дзяўчынак. «Дорогие будущие женщины! Разрешите признаться вам в любви. И подарить эту книгу. Я написала её для вас. И очень хотела, чтобы она оказалась полезной и интересной», — гаворыцца ў прадмове да гэтай кнігі, зборніка гісторый з жыцця сучасных школьніц. Незалежна ад таго, да каго са шчырай цеплынёй звяртаецца аўтар кнігі — да будучых жанчын або, скажам, да адзінокіх мужчын, ёй хочацца верыць, хочацца расхінуць душу ў чаканні цуду ацалення. А ствараюцца гэтыя гісторыі на аснове жыццёвых уражанняў і прафесійнага вопыту педагога. Таму творчасць пісьменніцы Ліны Багданавай вельмі цесна звязана з працай настаўніцы Галіны Богдан. Дарэчы, псеўданім узяты Галінай Анатольеўнай з мэтай этычнага размежавання двух вельмі розных вобразаў у фармаце адной асобы: «Мне было зручна так, таму што тое, што я рабіла ў літаратуры, у школе нікога не тычылася. Я публікуюся і пад імем Галіна Богдан — у навукова-метадычных часопісах, газетах. Адзіная праблема паўстала перада мной, калі я пачала працаваць у дзіцячай літаратуры. Гэта яшчэ і маё прафесійнае. Гэта не зусім Ліна Багданава. Але выдаўцы параілі захаваць імя, вядомае ў літаратурным свеце». Такая яскравая рыса да вобраза жанчыны-літаратара, як бачым, апраўдвае сябе ўдвая, — яшчэ і надае загадкавага шарму, нагадвае элемент нейкай гульні, кантэкстуальна змяшчае Галіну Анатольеўну ў даўжэзны шэраг уладальнікаў псеўданімаў.

Не змяняючы свайму амплуа раманіста, пісьменніца працягвае з зайздроснай рэгулярнасцю выдаваць дэтэктывы, вострасюжэтныя блокбастары. Не магу не адзначыць яе іранічны погляд на свет, ідэальнае пачуццё гумару, памножаныя на тонкі густ, а таксама іншую традыцыйную для яе асаблівасць — рэгіянальны фактар (прысутнасць мясцовага каларыту), напрыклад, апавяданне «Спагетти под неманским соусом», аповесць «Шесть звёзд в ста километрах от дома». Як і героям твораў, чытачам з дзяцінства знаёмыя намаляваныя аўтарам куткі ў горадзе і ваколіцах, маршруты грамадскага транспарту, тапонімы, традыцыі, дух народнай культуры. Чытаецца ўсё гэта на адным дыханні. А значыць, і раскупляецца ў крамах.

Чарговы этап у творчасці пісьменніцы-педагога — удзел у іншых кніжных серыях. На сёння гэта серыі «Взрослые дети» і «Тусовка.by». Напэўна, спіс будзе працягнуты. Учарашнія дзеці паступова пераходзяць у разрад іншых узроставых катэгорый чытачоў. Галіна Анатольеўна не забываецца пра гэта, працягвае радаваць дарослую і падлеткавую чытацкую аўдыторыю, актыўна супрацоўнічаць і з выдавецтвам «Беларусь». Дарэчы, там выпусціла кнігу на беларускай мове «Як маленькія сябры найвялікшы скарб шукалі». Ліна Багданава — надзейны саюзнік. У абласной пісьменніцкай арганізацыі мы часта накіроўваем да яе на рэцэнзаванне творы празаікаў-пачаткоўцаў. Велізарны творчы вопыт дазваляе стажыраваць, кансультаваць пішучую моладзь. Па характары Галіна Анатольеўна чалавек вельмі сціплы. Напрыклад, яе, у адрозненні ад нас, калег, ніколькі не засмуціла адсутнасць на вокладцы новай уласнай кнігі імя аўтара... За праект, які не мае аналагаў у краіне, серыю інтэрактыўных апавяданняў для дзяцей і падлеткаў «У кантакце» Ліна Багданава ўзнагароджана абласной прэміяй імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Пісьменнік Гродзеншчыны 2020 года». Кніга Ліны Багданавай «Кругосветное путешествие двух заклятых врагов и одной мелкой вредины» была намінавана на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі-2023.

Сучасная літаратура для дзяцей — свайго роду хуткая педагагічная, псіхалагічная дапамога, якой па сілах роля выратавальнай саломкі, магчыма, адзінага сродку захавання святла і міру ў душы, цяпла ў сэрцы чалавека. Так, сёння, ва ўмовах маштабнага развіцця інфармацыйных тэхналогій, кніжныя выдавецтвы, газеты, часопісы перажываюць цяжкасці. Адзіна правільным адказам на гэтыя выклікі часу могуць быць толькі прагрэсіўнасць, арыгінальнасць, універсальнасць. Аўтар абавязаны ўмець манеўрыраваць у патоку выпрабаванняў, выкарыстоўваючы цяжкасці сабе на карысць, кемліва вынаходзячы новыя формы рэалізацыі Богам дадзенага патэнцыялу. Выдавец павінен умець знаходзіць і ўсяляк падтрымліваць менавіта такіх аўтараў. Каб заставацца цікавымі так званаму новаму чалавеку, мастацтва павінна быць большым, чым проста мастацтвам, літаратура — больш, чым проста літаратурай. І вядома ж, пісьменнік ХХІ стагоддзя — значна больш, чым толькі пісьменнік. Прыклад Ліны Багданавай паказальны ў гэтым сэнсе.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.