Вы тут

«Удалая» рыбалка


Калі кажуць «не», хочацца ўдвайне

Для пачатку — анекдот. Пасля навагодняга карпаратыву двое супрацоўнікаў на работу прыйшлі. «Ну як ты ўчора дамоў дабраўся?» — пытае адзін. «Ды нармальна, — уздыхае другі. — Тэлефон я ўсё-роўна памяняць хацеў... І вось гэтымі двума зубамі амаль не карыстаўся».

Выходзіць, не слаба яны пагулялі?

Мая знаёмая, здаецца, таксама. Казала, што іх фірма нядрэнна спрацавала, што шэф «падмітусіўся» — загадзя сталы заказаў у адным з рэстаранаў, увесь калектыўчык сабраў: 14 мужчын, тройку жанчын. Так што ім няпроста прыйшлося: танцы як пачаліся, — не прысесці было!

— Як той казаў, адрываліся па поўнай! Не заўважылі як час праляцеў! — хвалілася танцорка. — Але ж я «спінным мозгам» адчула, што афіцыянты ўжо касавурацца, кажуць, што пара закругляцца. А як, — калі столькі бутэлек на сталах, столькі закускі?! Я думала, усё гэта зараз запакуюць. Аж, бачу — не з нашым шчасцем: не тое чакаюць, што «забудземся», не тое, што можам і самі ўзяць: невялікае ж панства?

Шэф і праўда забраў бутэлькі з каньяком, Наташа, бухгалтарка — віно, фрукты, у пакецікі нарэзку згарнула, бутэрброды з ікрой, салаты...

Столькі ежы ў запасе, столькі пітва! А галоўнае, што разгуляліся ўсе — спыніцца не можам: хочацца прадаўжэння банкету! «Дык паехалі, — кажу, — да мяне!» Усе хорам: «Ура-а-а!..»

Загрузіліся ў таксі, прыехалі (праўда, шэсць чалавек). Я — прыгожы абрус на стол, шэф — каньяк. А закуска дзе? «Мая віна, — прызнаецца Улад. — Я пакет з рэстарана забраў, да дзвярэй данёс, а на прыступках ён хрась — і „раз’ехаўся“... Бутэлькі ў друз... Шчасце, што не бачыў ніхто, а то прымусілі б прыбіраць...»

Яму — карацей — «шчасце», а вось мне...

Зазірнула ў халадзільнік, дастала ўпакоўку сыру (больш нічога не было, бо ў дзяцей маіх змалку апетыт выдатны, а ўжо цяпер...). У бары бутэлька віна знайшлася. Разлілі. Пасядзелі. Адчулі, як жа стаміліся — ад шуму, ад танцаў...

Сталі «распаўзацца», раз’язджацца па дамах. Наташа, бачу, абуцца не можа — боты не налазяць. «Гэта, — кажа, — з-за лішняй вадкасці... Бачыш, як ногі ацяклі.»

Насілу ўсцягнулі на іх абутак! Маланку зашпілілі хіба да костачак. Але ж ёй, думаю, не пехатой ісці — да пад’езда таксі давязе.

І мне, бачу, выгода: стол амаль пусты — прыбіраць не трэба... Рухнула ў зале на канапе, а толькі заснула, — шум: «Дзе мае боты?! У чым я на заняткі пайду?! Вечна ты са сваімі гасцямі...» Дачка шуміць — мяне «выхоўвае» ...

Іду на голас. Кажу: «Дык вунь жа стаяць твае боты!» Віка ў адказ: «Ага... Стаяць... Мае 37-га памеру, а гэтыя — 39-га».

Значыць, Наташа такі пераблытала?!

Але ж і я малайчына: спачувала ёй, маланку зашпільвала...

Прыйшлося павініцца перад дачкой, сказаць, што болей не буду.

Але ж — калі і праўда НЕ, — то што тады ўспамінаць?

Л. МІХАЛЕВІЧ

г. Мінск


«Удалая» рыбалка

Я не рыбак, не паляўнічы і, напэўна, імі ўжо не стану, хаця...

Васіль, мой знаёмы, на зімовую рыбалку выпадкова «падсеў». Сябрук прапанаваў далучыцца да кампаніі — у выхадны парыбачыць на Нешчардзе. Той падумаў, ну чаму б і не, калі надвор’е добрае, возера — найбольшае ў раёне, а вудаў ды ўсяго іншага яму абяцалі пазычыць?.. Самаму ўсяго і заставалася, што цёпла апрануцца.

Прыехаўшы на месца, рыбакі разбрыліся па беразе. Навічок паводдаль ад берага аблюбаваў сабе куст чароту. «Якая там рыба?» — хмыкнуў адзін з бывалых.

Аднак і ў яго самога, і ў іншых рыбакоў улову той раз амаль не было: па некалькі ёршыкаў — ад ката адбіцца. А вось навічок — той наадварот — нацягаў ляшчоў усёй кампаніі на зайздрасць! Ды і дома сям’ю парадаваў...

Карацей — рыбалка яму спадабалася! Таму назаўтра Васіль падаўся ў магазін — купіў там усё патрэбнае, а звыш таго — яшчэ і адмысловы цёплы касцюм.

...Нагода абнавіць яго з’явілася ў першы ж выхадны: Васіля зноў паклікалі на возера, там ён зноў наўздагад выбраў месца і сеў, што называецца, каменем...

Іншыя рыбакі (як бачыў спачатку) сюды-туды сноўдалі па лёдзе, «мітусіліся», бурылі новыя лункі, прычым — усё бліжэй і бліжэй да Васіля (думалі: калі той ні з месца, значыцца, у яго клюе?). А ў іх — ну ні разу!..

Не дзіва, што цярпенне ў хлопцаў нарэшце лопнула. «Схаджу — пагляджу, што ён там ловіць», — падрадзіўся адзін. І потым са смехам вярнуўся назад. «Хлопцы, — сказаў, — вы не паверыце! Ён... спіць!»

...Назаўтра шмат хто са знаёмых пытаў у Васіля, як рыбалка, ці ўдалая?

«Ды так сабе, — уздыхаў Васіль. — А вось касцюм — што трэба!»

..Мусіць і сапраўды, калі ў ім на лёдзе заснеш?

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён


Трус — не заяц...

Дзед Ціхон сваё адпрацаваў, а пайшоў на заслужаны адпачынак і займеў ажно дзве пастаянныя забаўкі. Першая — бясконцая перапалка з любай палавінай Палінай (у вёсцы яе звалі Палютай), другая — паляванне з ружжа. Дзед досыць хвацка з яго пуляў і прыносіў дамоў сякую-такую здабычу. Прынамсі, яго Палюта фарсіла ў паліто з лісіным каўняром, а цэлы табун унукаў — у заечых шапках-аблавушках, на жаль, старых, бо з гадамі ў паляўнічага стаў моцна псавацца зрок...

Неяк пад стары Новы год у аднавяскоўцаў Ціхона сканаў вялікі шэры трус (з гэтымі жывёлкамі такое здараецца). «Занясі — дзе-небудзь закапай», — загадала гаспадыня ўнуку-падшыванцу, які разам з хлопцамі, па традыцыі, якраз збіраўся розную шкоду людзям чыніць: здымаць ды пераносіць брамкі, сцежкі попелам пасыпаць паміж дварамі закаханых, пужаць дзяўчат...

Трус на многае мог спатрэбіцца, таму хлопец заціснуў яго пад пахай і подбегам рушыў да сяброў.

«А ці не шанс гэта разыграць паляўнічага?» — падумалі тыя. І потым аж душыліся ад смеху, але прымяралі, ставілі акалелую жывёлку да Ціхонавай грушы, малога, шапялявага Кольку адпраўлялі да старога ў хату.

— Дзеду, — загукаў там з парога малы, — вашу глушу такі вялі-іжны жаяч аб’ядае!

Ціхон куляй, можна сказаць, матнуўся да акна, падслепавата прыжмурыўся: так і ёсць, жывіцца паганец!

— Сядзець! — скамандаваў Кольку, які збіраўся ўцячы. — Спужаеш яшчэ... Палюта, дай стрэльбу!

Жонка з вопыту доўгіх сумесных гадоў па голасе адчула, што пярэчыць сэнсу не мае: шаснула ў кладоўку — прынесла праславутую трохлінейку. Дзед зарадзіў яе, спрытна выняў падвойную раму і на секунду завагаўся: у той, што звонку, форткі ніколі не было...

А вось рашучасці ў Ціхона — хоць адбаўляй! Грымнуў стрэл, пасыпалася бітае шкло, у пакой паплыў сіняваты дымок. Колька з перапуду папярхнуўся дзедавым пернікам і гучна заплакаў. Ад рогату за суседскім хлявом пападалі ў снег падшыванцы, што чакалі вынікаў «аперацыі»...

Калі паднялі галовы, убачылі, што ў грушу дзед пацэліў: вобзем грымнула старая шпакоўня, з дрэва сыпалася нейкая труха і «жаяч» таксама паваліўся.

— Папаў, Колька, папаў! — затанцаваў па хаце Ціхон і раптам застыў, наткнуўшыся на суровы позірк сваёй Палюты...

Пакуль суцяшалі Кольку, затыкалі падушкай дзірку, выразалі патрэбную шыбу, устаўлялі падвойнае акно, часу прайшло багата. На вуліцы быў нежартоўны мароз, і таму Ціхон, забіраючы труса, ані не здзівіўся, што ён ужо цвёрды, як тое палена.

Уразіла дзеда іншае: на целе вушасціка не знайшлося ранення! Але ж п’янаваты сусед, што прыйшоў да Ціхона гуляць у карты, развеяў усе сумненні: што ж тут такога, маўляў? Ты бабахнуў — заяц ад страху таго... сканаў.

Гаспадыня гэтую размову чула, але важдацца, нешта гатаваць з таго труса, нават не падумала: мутны ён нейкі.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж ужо відавочнае: конкурс на найлепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю...» працягваецца, журы — невялічкае, рэдакцыйнае — працуе і цяпер якраз падводзіць вынікі: спрабуе вызначыць аўтараў найлепшых бываліц, змешчаных у 2023-м. На шчасце — з дапамогай чытачоў. «З усяго надрукаванага ў мінулым годзе, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, — я адзначыла б гісторыі «Сапёры памыляюцца аднойчы», «Шчаслівая сукенка», «Спачатку быў адзін піянер...»

І вось так — цэлы спіс з дзесяці гісторый. Што важна — з датамі іх публікацыі, з прозвішчамі аўтараў. Журы ўсяго і застаецца, што паставіць птушачкі ў адмысловай табліцы.

Дзе — канкрэтна — іх будзе найбольш, пажывём — пабачым. А пакуль нагадаем, што вызначыць сваю дзясятку найлепшых яшчэ не позна. Надвор’е і святы спрыяюць, а значыць, можна пагартаць пятнічныя нумары газеты альбо зайсці на сайт «Звязды» і... «ЧытВО!» — як прызнала Л. Кавалевіч з Брэста.

Створанае — дададзім — агульным клопатам! Таму ўсім, хто пісаў летась, усім, хто чытаў, усім, хто будзе чытаць і пісаць у Новым 2024-м, ДЗЯКУЙ!

Вялікімі літарамі, — таму, што вялікі, хоць па-беларуску лепей казаць шчыры.

Пішыце! Шчасце, як заўважана, больш ахвотна заходзіць туды, дзе заўсёды пануе добры настрой.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.