Вы тут

Выстаўка «Чысты звон» мастачкі Марыі Богдан


Выстаўка «Чысты звон» маладой мастачкі Марыі Богдан працуе ў галерэі «Арт-Фабрыка» да 15 студзеня. Партрэты, пейзажы, нацюрморты, бытавыя сюжэты — жывапіс аўтара адлюстроўвае свет, дзе пануе шчасце і дабрабыт. Ідэалізаванае з гадамі вясковае дзяцінства можна лічыць галоўнай тэмай персанальнага праекта, у які ўвашлі асобныя работы і аднайменная серыя.


З серыі «Чысты звон», 2023 г.

Марыя Богдан нарадзілася ў 1998 годзе ў Мінску. Маляваннем займаецца з ранняга дзяцінства. Талент разглядзела яе бабуля — яна адвяла дзяўчынку ў студыю выяўленчага мастацтва ў Смалявічах. Першым настаўнікам стала Наталля Камінская, якая і сёння выкладае ў дзяцей. У 2016 годзе Марыя Богдан скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Дызайн графічны». Асаблівую ўдзячнасць мастачка выказвае некаторым педагогам, сярод якіх — Генадзь Сухамлінаў, Наталля Разуменка і Святлана Данская. У 2022 годзе скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт: вучылася на архітэктурным факультэце па спе­цыяльнасці «Архітэктурны дызайн».

З серыі «Чысты звон», 2023 г.

З 2007 года творца ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і пленэрах у Беларусі і за яе межамі. Работы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Азер­байджана, Францыі і Вялікабрытаніі. Удзельніца калектыўных праектаў, Марыя пры тым паспела арганізаваць і 9 персанальных. Размяшчаліся яны на сціплых выставачных пляцоўках, напрыклад, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Новым драматычным тэатры, кавярні «Месца»… Выстаўка ў галерэі «Арт-Фабрыка» паўстае болей значнай прыступкай да папулярызацыі творчасці.

«Браслаўскія азёры. Месца сілы», 2023 г.

Цікавасць жывапісца выклікае найперш навакольны свет, праз які, натуральна, выяўляецца ўнутраны. Між тым выстаўка «Чысты звон» сведчыць пра тое, што мастачку амаль не хвалююць гарадскі пейзаж і выразная пастараль, найбольш істотныя для яе вясковыя матывы — усё тое, што звязана ўласнымі цёплымі пачуццямі, светлымі ўспамінамі. Схапіць момант і адлюстраваць дэталі той ці іншай падзеі — галоўная творчая задача Марыі Богдан. Патрэбны ў гэтым рэчышчы настрой ствараюць святло і цеплыня,  якім надаецца асаблівая ўвага.

«Гэтым разам абабкаў не было...», 2023 г.

Некаторыя работы кампазіцыйна падобныя да фотаздымкаў: мастачка імкнулася дакладна перадаць успаміны дзяцінства, нешта, напэўна, мог падказаць і сямейны фотаальбом. Уласна карціны серыі «Чысты звон» крышачку нагадваюць выцвілыя фотакарткі: пазіруюць басаногія дзеці, іншы маленькі герой крэйдай малюе на асфальце, не заўважаючы нікога побач, зусім маленькая дзяўчынка абдымае котку, радая такому сяброўству… І ўсе персанажы выглядаюць такім чынам, баццам іх сфатаграфаваў нехта з родных на доўгую памяць. Месцамі гэта зроблена менавіта такім чынам, як раней, шмат дзесяцігоддзяў таму, не ў тую пару, калі мастачка была маленькай. Нават вопратка, у якую Марыя Богдан апранула сваіх герояў, не адпавядае пачатку 2000-х.

Напэўна, такая супярэчнасць — адна з прыкмет ідэалізацыі аўтарам вясковага дзяцінства… Ды і наша мінулае паўстае перад намі несапраўднае, ці не так?

Яўгенія ШЫЦЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.