Вы тут

У новым нумары «Маладосці» — творы, прысвечаныя юбілярам


Запаволены канец восені, старт зімы, на носе ўжо новы каляндарны год, а маладзёжны беларускі часопіс дорыць разнастайнасць, утульнасць, імкнецца ўпрыгожыць гэты час, бы каляровыя ліхтарыкі на гарадскіх вячэрніх вуліцах. Лістападаўская «Маладосць» адметная юбілейнымі матэрыяламі, прысвечанымі Паўлу Шпілеўскаму і Яўгеніі Янішчыц. Прозу прадстаўляюць Алесь Бычкоўскі, Іван Мелаў, Сяргей Белаяр, паэзію — Валерыя Галаўко, Таццяна Каленік, Віктар Гардзей і Марыя Шкляр. Працягваецца публікацыя занатовак з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча, што бачыцца вельмі дарэчным, бо не так даўно быў дзень нараджэння класіка. Васіль Зуёнак распавядае амаль дэтэктыўную гісторыю са свайго студэнцтва. Музейнымі знаходкамі дзеліцца Мікола Трус. Архіўныя матэрыялы, якія тычацца Саюза пісьменнікаў БССР, дэманструюць і аналізуюць Вячаслаў Селяменеў і Кастусь Лешніца. Тых, хто неабыякавы да беларуска-сербскіх літаратурных узаемасувязей, будзе цікавая рэцэнзія вядомай многім беларусам сербскай пісьменніцы Даяны Лазаравіч, а таксама нізка перакладаў Івана Чароты. Ясенія Аляксеева прадстаўляе чарговую пастаноўку «Навальніцы» А. Астроўскага.


Проза: фантасмагорыя, рэшткі мінулага, эклектыка

«Легенда таму і легенда, што ніхто не ведае дакладных фактаў. Факты, вядомая справа, рэч упартая, толькі псуюць прыгажосць добрай гісторыі». Аповесць «Вясковыя легенды» Алеся Бычкоўскага заснавана на падзеях сучаснасці, як на першы погляд. Быццам знаёмая многім гісторыя пра непрынятага і незразуметага атачэннем творцу, заглыбленага ў нязбыўныя мары пра прызнанне, даўншыфтара, які стаміўся жыць нелюбімай справай. Што можна прасачыць, калі ўгледзецца пільней? Фальклорная аснова (нездарма ў тытуле прысутнічае слова «легенды»), казкавасць, калі абапірацца на тэарэтычныя наспрацоўкі, прысвечаныя казкам чарадзейным. Тут і спадчына рамантызму — адзінокі герой, які моцна адрозніваецца ад іншых у акружэнні, высокія творчыя мэты, выразная асаблівасць роўная анамальнаму «непадабенству» — выключны слых, быццам дар. Пошукі творчага натхення, музыка, няшчасная закаханасць, кпіны навакольных за быццам адсутнасць побытавага інтэлекту. Іншы шлях наканаваны Іллю — выратаваць чалавека, на доўгі час замкнёнага ў нашым часе і рэчаіснасці.

Самы малады празаік нумара, Іван Мелаў, пільны гісторык, прапанаваў два невялікія, але не па важкасці думкі, абразкі. Замалёўкі дзіцячай будзённасці ў «Дамку» адлюстроўваюць жаданне мець сваё месца адасаблення. У «Радаўніцы» выспяваюць думкі аб тым, якім незаўважным і мізэрным для гэтага свету ёсць чалавечае жыццё: «Забытыя месцы, забытыя краі, забытыя людзі атачалі нас. Гэта наводзіла тугу, асабліва калі я знайшоў крыж з надпісам: „Пахавана цела“. І ўсё, толькі нечытэльныя даты і ініцыялы чалавека. І жыў ён не сотню гадоў таму, а зусім нядаўна. А сітуацыя тая ж: што ты быў, што цябе і не было».

«Усё браць пад сумненне». Цыкл апавяданняў Сяргея Белаяра пад назвай «Трыбунальская Інстыгаторыя», які быў распачаты яшчэ ў 2022 годзе (№ 5, 10), працягваецца і ў адзінаццатым нумары «Маладосці». Гэтым разам чытача чакаюць «Слёзы Перуна», «Мёртвая вада», «Швайнфурцкая зеляніна», «Згінулая экспедыцыя». Няпростыя тэксты з дэтэктыўным, навукова-фантастычным
і гістарычным (хутчэй, псеўдагістарычным) складнікамі, пакручастымі паваротамі сюжэтаў, багата інкруставаныя дыялогамі, цытатамі-эпіграфамі, іншамоўнымі выразамі, напрыклад, з лацінскай, англійскай, польскай моў (зрэшты, патлумачанымі або яснымі з кантэксту). Можна спадзявацца на працяг.

Паэзія: гісторыя, час, шлях

Маладая паэтэса Валерыя Галаўко ў нізцы «Верас і паўжмені жыта» працягвае нітку мінулага нашай Айчыны, што раскручваецца ад старажытнасці да сучаснасці, захоўвае і пакідае нам такія мудрагелістыя і часта ненаўмысныя спалучэнні з’яў, якія фарміруюць светапогляд. Агульначалавечае ўкладаецца ў беларускі кантэкст праз блізкія вобразы, узмацняецца, праламляецца праз бачанне аўтаркі. У кожнага ёсць свае героі і прыклады, свае «месцы моцы». Што ў беларускім кантэксце можна параўнаць з пачаткам Сусвету? Вытокі Віліі. Пошук асноў, усведамленне таго, як уладкаваны свет — паэтычная метафізіка Валерыі Галаўко, пранікнёнае даследаванне хітраспляценняў розных элементаў міфалагічнага мыслення, напрыклад, традыцыйнай культуры і рэлігіі.

мне абыякава,

           колькі мне накувала зязюля

мне абыякава бо

я жывая да веку вякоў

пакуль ідзе карагоднае кола

пакуль гучыць усяночны дзікунскі спеў

які прымушае блытаць зямлю і неба

Ілюстратар, дызайнер, паэтэса Таццяна Каленік прапануе свой "Алгарытм сучасніцы«Т тут выяўляецца жанчына ў будзённасці, у асаблівых стасунках са з’явамі, якія падаюцца абсалютна звыклымі, калі агучваць іх як слоўнікавыя паняцці: адасобленасць, думкі, мары, цішыня, час... Знаёмае жаданне — навесці парадак навокал і ў думках, набыцца ў «адасобленасці» (не адзіноты, не адчужанасці, а толькі жаданне пабыць у цішыні), быццам застыць у моманце. І тут лірычную гераіню не пакідае час — самая дарагая рэч у нашым жыцці, валюта, якую кожны расходуе па-свойму: з карысцю альбо марнатраўна. І герой Таццяны Каленік, Час, прымушае перапыніць заміранне, «каб не спыніўся рух»:

цік-так,

цік-так,

цік-так —

качаюцца вядзерцы,

а ў гомане быцця,

ускінуўшы каромыслы

на рамёны,

губляецца

Час.

Мой Час...

«Год ці век — не зразумець нікому» — вершы Віктара Гардзея, вядомага паэта з Ганцавіччыны, уключаюць развагі аб хуткаплыннасці жыццёвага кругабегу. У творах лірычны герой намагаецца злавіць тыя нябачныя лейцы, засяродзіцца на падзеях і людзях, але гады — бы кароткія імгненні. У развагах — адвечныя пытанні задаюцца праз родныя паэту вобразы, родныя праз усё жыццё — вёска, хата, жанчына, абраз Божай Маці... Быццам рэквіем па пустых вёсках гучыць верш «Зайшоў — пакланіся», дзе сумленна збудаваны вясковы дом застаецца пакінутым:

Заходзь і жыві, бо нягожа пустому

Стаяць на развілцы з травой ля парога

Нядаўна гасціннаму сельскаму дому,

Стаяць без малітвы і Духа Святога.

Марыя Шкляр робіць словам сваёй падборкі «шлях»: і шлях да сябе, і шлях дамоў, шлях у каханні, шлях спасціжэння свету. Паэтка знаходзіць час на самарэфлексію, самалекаванне, паказваючы, як часта незаўважна мы трапляем у залежнасць ад патрэбы не быць самотнымі, але і не ведаем, ці менавіта гэта неабходна.

я не падобна на лекі ад адзіноты,

хоць і сама цябе нашча прымала ад суму

раніца, поўдзень, абед, надвячорак.
                                                       дадому
еду і з табой вадой запіваю пігулкі

Юбілеі. Дакументы. Сведкі. Навальніца

«Толькі нядаўна зразумеў, што мара мора мая магчымая. І вось я паступова набліжаюся да яе». У рубрыцы «Знакі эпохі» — працяг публікацыі з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча, якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Гэтым разам — нататкі ад 1970 года, прысвечаныя падарожжу на цеплаходзе «Победа» па Чорным моры (Адэса — Севастопаль — Ялта — Сочы — Сухумі — Новарасійск — Ялта — Адэса).

Тамара Аўсяннікава знаёміць чытача з адметнасцямі жыццёвага шляху і творчасці Яўгеніі Янішчыц, а таксама з яе падрабязным радаводам, які суправаджаецца грунтоўнай тлумачальнай запіскай. Матэрыял багата ілюстраваны, будзе карысны і спецыялістам-філолагам, і аматарам беларускай літаратуры. Глыбока асабістымі і кранальнымі, удзячнымі і шчырымі бачацца дарчыя надпісы, пакінутыя паэткай сваім блізкім і знаёмым, адчуваецца, што не было ў жыцці Палескай ластаўкі выпадковых людзей — для кожнага знаходзіліся словы. Напрыклад, наступнае паэтэса пакінула Нілу Гілевічу, з якім перапісвалася яшчэ са школьных гадоў: «Дарагі Ніл Сямёнавіч, сардэчнае дзякуй Вам за крылы, без якіх немагчымы ўзлёт. Хай вечна бруіцца тая светлая крынічанька, адкуль выцякае Ваша цудоўная паэзія. Заўсёды Ваша вучаніца Жэня Янішчыц. Мінск, 8.X.1974 г.»

Кароткі агляд кнігі Івана Чароты «Далягляды беларуса-беласерба» прапануе пісьменніца і перакладчыца Даяна Лазаравіч (уласна, у яе перастварэнні кніга пабачыла свет на сербскай мове). Аўтарка вызначае «галоўнае жаданне акадэміка Чароты — каб сваяцтва беларускага і сербскага народаў не заставалася на ўзроўні дзяжурных дэкламацый, а ўсведамлялася пасродкам гістарычных ведаў і замацоўвалася рэальнай сучаснай практыкай». У працяг тэмы літаратурнага пабрацімства Беларусі і Сербіі — вершы Адама Пуслаіча, Радавана Караджыча, Томіслава Ёванавіча і іншых сербскіх пісьменнікаў у перакладзе Івана Чароты.

Адзін з пастаянных аўтараў «Музейнай гасцёўні» «Маладосці» Мікола Трус распавядае аб буднях Акадэміі навук 1920–1930 гг. (тады яшчэ БАН), абапіраючыся на музейныя матэрыялы. У прыватнасці, будзе цікава пазнаёміцца з дакументамі, звязанымі з асобамі Рыгора Мурашкі, Міколы Аляхновіча, Петруся Броўкі, Ілары Барашкі, Івана Замоціна і Міхася Лынькова.

Два лісты сталі асновай артыкула «За працу ўзяўся камсамольскі маладняк...», два лісты, пра якія распавядае цяпер паэт-класік Васіль Васільевіч Зуёнак. Першы ў 1959 годзе накіраваў у рэдакцыю «Маладога аратага» тады «студэнт 5 курса аддзялення журналістыкі БДУ» Зуёнак В., у якім была просьба да рэдактара Андрэя Александровіча распавесці аб працы газеты, якая была аб’ектам даследавання ў дыпломнай рабоце будучага выпускніка (адзначым, што ў час перапіскі газета ўжо была пераўтворана ў часопіс). Другі ліст, падрабязны і ветлівы — праз 9 дзён студэнт-дыпломнік атрымаў у адказ. Надзвычай кранальная гісторыя на дакументальнай аснове з дэтэктыўным элементам і з першых рук, як кажуць.

Кандыдат філалагічных навук, даследчык гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ст. Ігар Запрудскі прысвяціў артыкул двухсотаму юбілею Паўла Шпілеўскага, прызнанага пісьменніка, этнографа, фалькларыста, журналіста, тэатральнага крытыка. Навуковец разважае аб ступені засваення спадчыны П. Шпілеўскага, рэцэпцыі яго творчага набытку ў ХІХ — пачатку ХХІ стст., а таксама асобна аб літаратурным дэбюце чалавека, які да нашага часу выклікае мноства супярэчлівых меркаванняў аб сабе ў чытацкай аўдыторыі, апавяданні «Знаёмая незнаёмка» (1851 г.).

Вячаслаў Селяменеў і Кастусь Лешніца прапануюць матэрыял «Пісьменніцкая арганізацыя прадэманстравала ідэйную... трываласць», які на аснове дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь асвятляе падзеі сярэдзіны ХХ ст. Прадстаўлена дакладная запіска К. Т. Мазураву (на той час — сакратару ЦК КП Беларусі), датаваная 23 лютага 1963 г., дзе можна знайсці звесткі з творчых лёсаў членаў Саюза пісьменнікаў БССР, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанкі
і многіх іншых, інфармацыю аб якасным і колькасным складзе арганізацыі, аб дынаміцы развіцця, асновах.

«...атрымліваецца не драма жанчыны свайго часу, няздольнай на асабісты выбар, а калейдаскоп вобразаў, якія не вельмі вяжуцца адзін з адным, але пакідаюць у душы адчуванне надмернай тугі...» У рубрыцы «Мастацтва» — рэцэнзія Ясеніі Аляксеевай «„Навальніца“ — маладым, ці Як утапіцца ў жабніку», прысвечаная пастаноўцы па матывах аднаго з класічных драматычных твораў А. М. Астроўскага, гэтым разам увасобленага на сцэне Тэатра юнага гледача.

У адзінаццатым нумары па-за зместам на другой старонцы аўтары «Маладосці» дзеляцца меркаваннем аб супрацьстаянні друкаваных і электронных выданняў, а таксама аб ролі кнігі ў сучасным свеце.

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.