Вы тут

«Слова сталася целам» — з паслання на Урачыстасць Нараджэння Пана 2023 года


Абвяшчэнне таямніцы Божага Нараджэння — заўсёды новае і актуальнае, заўсёды дзіўнае і радаснае, таму што яно пераўзыходзіць усе нашыя самыя смелыя спадзяванні. Перш за ўсё таму, што гэта не проста чутка, а сапраўдны факт, гэта падзея, аб якой распавялі нам вартыя даверу сведкі, якія на свае вочы ўбачылі Езуса з Назарэта. Знаходзячыся побач з Ім, назіраючы за Яго сталеннем, Яго дзеяннямі і слухаючы Яго словы, сведкі Евангелля прызналі Езуса Хрыста Месіяй. Убачыўшы Яго ўваскрослым пасля ўкрыжавання, яны цалкам пераканаліся, што Хрыстус, сапраўдны Чалавек, які паходзіць ад Айца, поўны ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14).


«Слова сталася целам»! Слова і цела — гэта дзве супрацьлеглыя рэальнасці, таму слушна ў свой час папа Бэнэдыкт XVІ задаў пытанне: «Як можа вечнае і ўсемагутнае Слова стаць слабым і смяротным чалавекам?» Адказ ёсць толькі адзін: так учыніла Любоў. Той, хто любіць, хоча ўсім дзяліцца са сваім любым, хоча быць у еднасці з ім. Таму ў Святым Пісанні паказваецца доўгая гісторыя любові Бога да свайго народа, любові, якая, па словах святога Яна Паўла ІІ, «дасягнула сваёй вяршыні ў Езусе Хрысце».

Уцелаўленне Сына Божага — гэта падзея, якая адбылася ў канкрэтны момант гісторыі, але ў той жа час выходзіць па-за яе межы. І гэта не проста факт, які адбываецца сам па сабе, незалежна ад нас: прыняцце гэтай Праўды патрабуе нашай веры — нашага «так», выказанага сэрцам.

Чаго сапраўды шукае нашае сэрца, як не Праўды? Яе шукае кожнае дзіця, задаючы бацькам і выхавацелям шматлікія пытанні; яе шукае малады чалавек, які жадае знайсці глыбокі сэнс жыцця; яе шукаюць усе мужчыны і жанчыны, імкнучыся спраўляцца са сваімі абавязкамі ў сям’і і на працы; яе шукае кожны пажылы чалавек, каб мець адчуванне паўнаты зямнога існавання.

«Слова сталася целам...» Штогадовае святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння — гэта святло для народаў, для супольнага чалавецтва. Няхай святло Божага Нараджэння зноў заяснее і натхніць нас на пошукі справядлівага і мірнага суіснавання. Няхай абнадзейлівае пасланне прыйсця Эмануэля супакоіць усялякі боль і суцешыць кожнага з нас у цяжкіх выпрабаваннях, даючы сілы і надзею на будучыню ўсім людзям добрай волі.

Святы Божага Нараджэння і наш актыўны ўдзел у іх, перыяд Калядаў можа стаць своеасаблівым «пятым Евангеллем», якое мы пішам жыццём веры ў сённяшнім свеце. Давайце рабіць гэта мужна, нават калі здараюцца памылкі! Давайце абвяшчаць свету Евангелле праз нашыя працягнутыя далоні ва ўчынках міласэрнасці, згодна з наказам Хрыста: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Божае Нараджэнне — гэта ўнікальная ўрачыстасць для сям’і. Гэта не свята прыбранай ялінкі ці зімовага сонцастаяння. Бог стаў Чалавекам, каб размаўляць з намі як Чалавек. Божае Нараджэнне — гэта найвялікшая падзея ў гісторыі чалавецтва, якой мы, вернікі, павінны быць заўсёды адданымі вестунамі. Падзеі ў Бэтлееме ў святую ноч з’яўляюцца жывым і яскравым сведчаннем таго, што Пан Бог, якога людзі заўсёды ўспрымалі як «далёкага, пагружанага ў вечнасць на вышынях», увайшоў у гісторыю чалавецтва абсалютна незаўважаным. Месцам свайго нараджэння Ён выбраў убогі хлеў на ўскраіне чалавечага жыцця і паўсядзённых спраў. Таму Ён і сёння выбірае месцы далей ад людскога шуму, ад крыкаў і спрэчак аб тым, хто важнейшы і ў каго больш правоў. Бог выбраў месца, дзе пануе цішыня, дзе ніхто нікога не прыгнятае, дзе выразна чуваць Яго ціхі голас.

Мае дарагія вернікі, у жыцці кожнага з нас ёсць нешта ад таго бэтлеемскага «заезду». Каб зразумець і адчуць Бога, які прыходзіць да нас, мы павінны перажыць навяртанне, у нас павінна адбыцца духоўная перамена. Нам патрэбны новы погляд на ўласнае жыццё, неабходна адбудаваць і ўмацаваць асновы нашага жыцця, каб не разбурыўся дом нашага чалавечага існавання. Час абвяшчэння Добрай Навіны не можа скончыцца з завяршэннем нашага святкавання Божага Нараджэння. Несці ў свет Евангелле і практыкаваць яго неабходна кожны дзень: бацькі павінны рабіць гэта сваім адказным клопатам аб каталіцкім выхаванні дзяцей; моладзь і дзеці — вернасцю ў сяброўстве з Езусам і сумленным выкананнем сваіх абавязкаў; хворыя і церпячыя — ахвяраваннем сваіх цяжкасцяў Богу і яднаннем з Ім; урэшце, усе мы павінны старацца жыць згодна са сваім сумленнем і пакліканнем. Давайце пісаць нашае «пятае Евангелле» з мужнасцю, нават калі здараюцца памылкі. Бог і сёння прыходзіць да чалавека, хоць многія яшчэ не ведаюць пра гэта, як і ў Бэтлееме. Давайце прынясем гэты дар туды, дзе яго ніхто не чакае, на перыферыю чалавечага існавання, бо дзе б ні жыў чалавек, туды хоча прыйсці Бог, і Ён робіць гэта праз шлях нашага чалавечага сведчання веры.

Арцыбіскуп Юзаф СТАНЕЎСКІ, Мітрапаліт Мінска — Магілеўскі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.