Вы тут

Кнігі са знакам якасці


Снежань — месяц знакавы для выдавецтва «Чатыры чвэрці». Менавіта з першага зімовага месяца 1993 года пачаўся адлік прымнажэння духоўнай спадчыны краіны кнігамі, якія набылі шырокае грамадскае гучанне. Дзякуючы выдавецтву з’явіліся ў літаратуры новыя імёны, трывала замацаваліся ў ёй прызнаныя аўтары. Як гэта адбываецца? Як увогуле «нараджаецца і становіцца дарослай» кніга — ведае той, хто ў выдавецтве працуе, а тым больш увесь гэты час ім кіруе. 


Фота з архіва выдавецтва «Чатыры чвэрці»

Наша святочнае інтэрв’ю з дырэктарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліянай Анцух.

— Ліліяна Фёдараўна, раскажыце, калі ласка, да чаго рыхтавацца аўтару, калі ён надумаў несці свой твор у ваша выдавецтва?

— Найперш пазнаёміцца з выдавецтвам праз яго сайт. Там размешчана форма «заяўкі для аўтара», дзе пазначаны пытанні, якія цікавяць рэдактара. Адказы на пытанні дапоўніць сінопсісам і фрагментамі твора. Вельмі аператыўна выходзім на зваротную сувязь. Будзе не лішнім аўтару пагартаць нашы кнігі ў бібліятэцы, а таксама пачытаць водгукі пра выдадзенае і пра само выдавецтва.

— У такім разе, па якіх крытэрыях ацэньваецца рукапіс і пры якіх абставінах можа прагучаць для аўтара чаканае: будзем выдаваць!

— За гады працы сфарміравалася выдавецкая палітыка. 30 гадоў таму назаўсёды былі расстаўлены прыярытэты ў выпуску выданняў, якія спрыяюць адраджэнню і развіццю нацыянальнай і духоўнай культуры. Менавіта таму ў полі зроку заўсёды знаходзяцца сучасныя выбітныя аўтары і таленавітыя маладыя. Калі супадаем па прынцыповых пазіцыях, такіх як любоў да сваёй радзімы, сям’і, адносіны да негатыўных з’яў у грамадстве і некаторых іншых, то ў астатніх момантах часцей за ўсё паразуменне знаходзіцца.

— Ці ёсць у выдавецтве бонусы для маладых? Наогул, па-вашаму, яны патрэбны?

— Любім маладых. Імкнёмся па магчымасці сачыць за іх творчасцю па розных крыніцах, бываць на сустрэчах з імі, самі запрашаем у выдавецтва. Ёсць прыклады, калі кнігі выходзілі выключна па ініцыятыве выдавецтва. Бонусы, на мой погляд, не вельмі спрыяюць творчаму росту. Але калі гэта будуць увага, падтрымка, падказкі — прафесійная дапамога, то такія, безумоўна, патрэбны. Змена пакаленняў у пісьменніцкім асяроддзі непазбежна, трэба даваць дарогу маладым, каб літаратурны фундамент быў заўсёды трывалым. Як прыклад дзейнасці ў гэтым напрамку можна згадаць перыяд, калі актыўна папаўнялася новымі імёнамі серыя «Маладыя галасы», якую выпускалі з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі па ініцыятыве і непасрэдным удзеле яго старшыні Міхася Пазнякова — знаўцы і дарадцы маладых творцаў. Усцешна, што некаторыя з тых, хто друкаваўся, сёння ўжо члены СПБ. 

— Вы, безумоўна, помніце першую выдадзеную кнігу. Чаму пабачыла свет менавіта яна? 

— 90-я гады XX стагоддзя. Той, хто працаваў у тыя часы, добра памятае, якую нізкапробную кнігу «гналі» камерсанты, каб зарабіць вялікія грошы. Кніга патрэбная, карысная амаль адсутнічала. Калі выдавецтва прайшло афіцыйную рэгістрацыю, то ў ім адразу пачалася праца па двух кірунках: падрыхтоўка цыкла нотна-музычных выданняў і прадстаўнічай кнігі-альбома пра горад Мінск — сталіцу незалежнай Беларусі (на беларускай і шасці замежных мовах) як месца нашага нараджэння. Гэта быў своеасаблівы прарыў да новых тэм у кніжнай прасторы. Выданне альбома было падтрымана Мінскім гарвыканкамам, яго старшынёй Аляксандрам Герасіменкам. І кніга «паехала», расказваючы пра Беларусь і яе сталіцу, у розныя краіны свету з беларускімі дыпламатамі, а таксама ў кабінах МАЗаў, БелАЗаў, трактароў «Беларус», стала падарункам для гасцей і турыстаў.

— Дарэчы, нярэдка пытаюцца, адкуль такая назва — «Чатыры чвэрці»? 

— З нотна-музычнай лексікі. Першапачатковая ідэя стварэння выдавецтва — працаваць у адным кірунку — выпускаць вельмі патрэбную кнігу: ноты для навучэнцаў школ, музычных устаноў, біяграфіі знакамітых дзеячаў культуры. Праўда, вельмі хутка характар нашай дзейнасці змяніўся, але назва засталася. Людзі розных прафесій тлумачаць яе па-рознаму. Напрыклад, у музыкантаў, як напісала калісьці Кацярына Дулава, цяперашні генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а ў той час — адзін з нашых аўтараў: ««Чатыры чвэрці» — назва надзвычай музычная, паколькі паказвае не толькі на самую буйную працягласць у музыцы, але і на чатыры роўныя музычныя долі, якія, падобна магутным атлантам, падтрымліваюць такт. У памеры чатыры чвэрці вельмі зручна маршыраваць, танцаваць, нават спяваць і пачынаць імправізацыю». А вось настаўнікі згадваюць пра чатыры чвэрці ў школьным навучальным годзе, матэматыкі — пра цэлую адзінку, географы — пра чатыры часткі свету і г. д.

— Якія праекты лічыце найбольш знакавымі для выдавецтва? Хто спрыяў іх ажыццяўленню?

— Цяжка вызначыцца, як у сям’і, дзе немагчыма вылучыць сярод дзяцей лепшага і больш любімага — усе дарагія, за ўсіх баліць, лёс усіх непакоіць. Можна сярод праектаў назваць кнігі, якія атрымалі ўзнагароды на конкурсах і заслужылі ўвагу чытачоў. Вельмі строгі наш рэспубліканскі конкурс «Мастацтва кнігі» кожны год ушаноўвае некаторыя нашы работы. Ёсць адзнакі міжнародных конкурсаў, у тым ліку конкурсу «Мастацтва кнігі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў», а таксама шматлікіх міжнародных літаратурных прэмій. Прыносіць вялікае задавальненне, калі аўтары нашых кніг атрымліваюць нацыянальныя і міжнародныя прэміі. Такіх у нас нямала, і найперш за кнігі з серыі «Культурная спадчына Беларусі», а таксама альбомы, прысвечаныя нацыянальнаму мастацтву, і асобныя кнігі вядомых пісьменнікаў.

— Як ацэньваеце 30-гадовы ўзрост выдавецтва «Чатыры чвэрці» ў электронную эпоху?

— Лічу, што, прыклаўшы прафесійныя намаганні, мы дасягнулі ўзроўню, калі можам паважаць сябе за зробленае для краіны і свайго народа. А электронная эпоха — толькі новы віток у развіцці. Выкарыстоўваючы створанае аўтарамі, рыхтуем іх электронныя кнігі, запусцілі інтэрнэт-краму і шмат чаго плануем зрабіць далей у гэтым кірунку. Выдавецкі метраном адлічыў 30, і гэта таксама абавязвае ісці ў нагу з часам.

— У прыватнасці, гісторыя вашага выдавецтва — гэта гісторыя незалежнай Беларусі. Як праз кнігу адчуваеце рух, подых, настрой краіны? 

— Пульс часу не можа не адбівацца на кнігавыдавецкай справе. У нечым мы былі першапраходцамі, як, напрыклад, тады, калі на хвалі адраджэння духоўнасці ў нас узнікла ідэя праекта «Нашы духоўныя каштоўнасці», які меў на мэце папулярызацыю хрысціянскіх ісцін. Грамадства шукала арыенціры далейшага развіцця, а без іх разумення і веры гэта было б недасягальна. Людзі страцілі жыццёвую апору і моц сваіх продкаў, паўплывала атэістычнае выхаванне. Кожны чалавек ішоў па жыцці сваёй дарогай. А новая для многіх пачалася ад храма. Як, дарэчы, і для мяне асабіста. Сёння мы ўважліва сочым за падзеямі ў свеце, таму адчуць настрой краіны не складае вялікіх цяжкасцей. Да таго ж гэтаму спрыяюць і абраныя намі аўтары — іх пазіцыя, ацэнка здзейсненага ў краіне яскрава праяўляюцца на старонках твораў.

— Якія выдавецтва робіць захады, каб наблізіцца да чытача? 

— О, гэта вялікі клопат! Трэба, па-першае, пры планаванні выпуску ўлічваць усе неабходныя фактары для прасоўвання кнігі ў далейшым; па-другое, выкарыстоўваць шырокі спектр маркетынгавых інструментаў — праз рассыл інфармацыі па канкрэтных адрасах патэнцыяльных спажыўцоў, у сацсетках, на ўласным сайце; пасля выхаду кнігі па магчымасці арганізаваць сустрэчы аўтара з чытачамі, як у сталіцы, дзе знаходзіцца выдавецтва, так і там, дзе жыве аўтар, а таксама на міжнародных выставах.

— Ці дазволіце зазірнуць у выдавецкі партфель? Цікава ведаць, чаго чакаць чытачу далей.

— Назаву асноўныя вехі, намечаныя на 2024 год, які цалкам пройдзе пад знакам 30-годдзя выдавецтва.

Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ўласным арыгінальным творчым праектам. Але не сумнявайцеся, што, адкрыўшы любую кнігу, вы абавязкова знойдзеце на яе старонках цытаты з твораў беларускіх пісьменнікаў пра Радзіму, прыроду... Мастацкія творы беларускіх і расійскіх сучасных пісьменнікаў застаюцца ў нашым полі зроку.

Калектыў працягне работу над праектам па народнай культуры, завершыць духоўна-асветніцкую кнігу-альбом, будуць папаўняцца нашы папулярныя серыі «Дзеці вайны», «Асоба і час», «Малая радзіма», «Жаночыя лёсы», «Фантастыка і фэнтэзі», лінейка паўнаколерных кніжак для дзяцей, пачнецца напаўненне новай серыі «Мужчынская размова пра...». Праўда ў тым, што выдавецкі партфель заўсёды поўны, сумаваць на працы не даводзіцца.

Гутарыла Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.