Вы тут

Навагоднік у філармоніі, «Вонка» і казка на лёдзе


Неакласіка ў Планетарыі, навагодні баль, церам Дзеда Мароза, «Дзівосныя прыгоды», вялікі калядна-навагодні канцэрт «Happy New Year» і навагоднік у Брэсцкай філармоніі, а таксама казка на лёдзе — штотыднёвая афіша «Звязды».​


У кіно: «Вонка»

Дзе: Мінск, Galileo, Skyline Cinema (вул. Бабруйская, 6)

Калі: 23 снежня

Колькі: ад 9 рублеў

Малады і бедны Вілі Вонка марыць адкрыць у сваім горадзе краму шакаладу, але выяўляе, што гэтай індустрыяй запраўляе картэль прагных прадпрымальнікаў.

Музычны фэнтэзійны фільм рэжысёра Пола Кінга па сцэнары, напісаным ім у суаўтарстве з Сайманам Фарнэбі. Фільм з’яўляецца прыквелам фільма «Вілі Вонка і шакаладная фабрыка» (1971), першай экранізацыі рамана-казкі Роальда Даля «Чарлі і шакаладная фабрыка» (1964). Галоўную ролю ў новай карціне выконванае Цімаці Шаламэ. У фільме таксама прымуць удзел Кіган-Майкл Кей, Салі Хокінс, Роўэн Аткінсан, Алівія Колман і Джым Картэр.

Працягласць: 112 хвілін

Навагодні настрой. Неакласіка ў Планетарыі.

Дзе: Мінск, Мінскі Планетарый (Фрунзэ, 2)

Калі: 27-28 снежня

Колькі: ад 40 рублеў

27 і 28 снежня ў 19:00 мінскі планетарый запрашае гледачоў акунуцца ў таямнічы свет зорнага чараўніцтва на канцэрце «Навагодні настрой» у рамках адукацыйнай музычна-эстэтычнай праграмы «Музыка і зоркі». Асаблівую атмасферу навагодніх святаў — яркіх эмоцый, лёгкай настальгіі, светлых надзей і чакання цуду — падорыць пяшчотная і хвалюючая рамантычная музыка ў спалучэнні з сузіраннем гармоніі Сусвету.

У выкананні піяніста і кампазітара Філіпа Шпартава прагучаць папулярныя мелодыі сучасных і не толькі неакласікаў (Пятра Чайкоўскага, Людовіка Эйнаўдзі, Аляксандра Цфасмана), найбольш яркія аўтарскія творы з трох сольных альбомаў музыканта, а таксама спецыяльна напісаныя кампазіцыі на навагоднюю і зімовую тэматыку.

Аўтар праекта — піяніст і кампазітар Філіп Шпартаў, выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, намінант на музычную прэмію «ZMR-awards» як лепшы новы артыст, удзельнік розных канцэртаў і фестываляў у Беларусі і за мяжой.

«Казанова»

Дзе: Гомель, Маладзёжны тэатр (пр-т Леніна, 10)

Калі: з 22 снежня

Колькі: ад 20 рублёў

Шукальнік прыгод, пісьменнік, перакладчык «Іліяды» — Джакама Казанова ўвайшоў у гісторыю выключна, як заваёўнік жаночых сэрцаў. У рэжысёрскай трактоўцы мы ўбачым шматграннага персанажа — разумнага, адукаванага, авантурнага, здольнага на сапраўдныя пачуцці героя, які ўмее абараняць гонар і годнасць. Высакароднасць і любоў такія ж верныя спадарожнікі Джакама, як запал і авантурызм. Музычны спектакль у стылі карнавал: маскі, музыка і сучасныя спецэфекты – створаць непаўторны святочны настрой і не пакінуць сумаваць ні на хвіліну.

Навагодні баль

Дзе: Гомель, Гарадскі цэнтр культуры

Калі: 28 снежня

Колькі: 10 рублёў

Гомельскі гарадскі цэнтр культуры запрашае вас на навагодні баль!

28 снежня 2023 года ў 19.00 на ніжнім танцпляцы ГЦК удзельнікі Ансамбля бальнага і гісторыка-бытавога танца «Срэбны век» створаць неверагодна чароўную атмасферу навагодняга карнавала. Дамы і кавалеры закружацца ў танцы пад гукі чароўных мелодый вальса, полькі, кадрылі, тарантэлы...

Наведвальнікаў чакае два аддзяленні танцавальнай праграмы.

Церам Дзеда Мароза

Дзе: Гродна, Савецкая плошча

Калі: па  7 студзеня

Як паведамляе гарвыканкам, з 15 снежня па 7 студзеня на Савецкай плошчы працуе вялікі навагодні праект — Церам Дзеда Мароза. Такое ў Гродне ўпершыню!

На плошчы ўсталяваны драўляны домік, у якім гасцей прымае навагодні чараўнік. А з ім — конкурсы, канцэрты і забавы для дзяцей. Дарэчы, уваход вольны.

Казачны сусвет Дзеда Мароза

Дзе: Гродна, Палац творчасці дзяцей і моладзі

Калі: па 5 студзеня

Колькі: 10 рублёў 

Музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Казачны сусвет Дзеда Мароза», дзе вы не толькі пабываеце ў сапраўднай чароўнай казцы, але і станеце ўдзельнікам неверагоднага шоў. Вас чакаюць арыгінальныя фотазоны, займальная гульнявая праграма ля навагодняй елкі і незабыўная сустрэча з Дзедам Марозам і Снягуркай.

Прадстаўленне будзе праводзіцца па 5 студзеня 2024.

«Дыямент ведаў»

Дзе: Віцебск, Канцэртная зала (парк Фрунзэ, 1)

Калі: 24 снежня

Колькі: ад 11 рублёў 

Што можа здарыцца ў самым ціхім месцы на зямлі? Яшчэ і напярэдадні Новага года! Вядома, мы гаворым пра бібліятэку. Гэтай зімой вас чакае сапраўднае кніжнае прыгода разам з героямі нашай неверагоднай гісторыі «Дыямент ведаў».

Уявіце сабе карціну: кампанія аднакласнікаў накіроўваецца на экскурсію і... натуральна спазняецца да прызначанага часу. Пакуль забеглі ў кавярню, пакуль «забілі» памяць тэлефона шматлікімі сэлфі ў снезе — увогуле, займаліся сапраўды важнымі падлеткавымі рэчамі.

І вось за пяць хвілін да закрыцця сябры, нарэшце, трапляюць у чытальную залу, у якой зусім незвычайным чынам, не без дапамогі хлопцаў, ламаецца галоўны сервер. Звыклы свет бурыцца, час застывае. Праз пралом у сістэме з’яўляюцца персанажы любімых твораў. Толькі не памятаюць яны шлях назад у свае кніжкі.

Усім вядома, што ў снежны калядны і пераднавагодні час здараюцца самыя чароўныя цуды і спраўджваюцца самыя запаветныя жаданні. Вось і нашым героям трэба будзе праверыць сваё сяброўства на трываласць, а любоў на шчырасць.

Лялечныя «Дзівосныя прыгоды» і забаўляльная праграма

Дзе: Віцебск, Беларускі тэатр Лялька (вул. Пушкіна, 2)

Калі: па 14 студзеня

Колькі: 15 рублёў 

А які ж Новы год без прыгод? Ужо чаго-чаго, а небяспечных і разам з тым захапляльных і вясёлых сітуацый, у якія трапляюць галоўныя героі, мілыя зайчаняты Вушасцік і Снежка, у гэтым спектаклі хапае. І ўсё з-за інтрыг хітрай Лісіцы, якая ўсімі сіламі імкнецца сапсаваць свята і нарабіць шкоды жыхарам лесу. Праўда, пад Новы год здараюцца цуды, і нават Лісіца мяняе свае паводзіны...

Пасля спектакля нашых гледачоў чакае забаўляльная інтэрактыўная гульня «Па слядах Дзеда Мароза», падчас якой дзеці трапяць у кампанію з высакародным джэнтэльменам містэрам Крэкерам Морсам і разважлівай мудрай місіс Пудынгсан. Гледачы стануць актыўнымі ўдзельнікамі падзей, разблытаюць вострыя сітуацыі і, як сапраўдныя дэтэктывы, дапамогуць Дзеду Марозу і Снягурцы.

Бацькі, якія пажадаюць, каб гэты дзень для іх дзяцей стаў сапраўдным цудам, могуць прынесці з сабой падарункі (загадзя падпісаць, перадаць адміністратару). Дзед Мароз і Снягурка ў сваёй рэзідэнцыі ўважліва выслухаюць вершык ці песеньку вашага дзіцяці і ўручаць доўгачаканы прыз.

«Happy New Year»: вялікі калядна-навагодні канцэрт камернага аркестра Брэсцкай філармоніі

Дзе: Брэст, Цэнтр моладзевай творчасці (вул. Маскоўская, 123)

Калі: 24 снежня

Колькі: 25 рублёў 

Навагодні настрой, дух Каляд, атмасфера любові і цяпло сямейнага асяроддзя ахутаюць вас пад святочныя кампазіцыі ў выкананні камернага аркестра філармоніі.

У выкананні музыкантаў аркестра прагучаць не толькі вядомыя калядныя кампазіцыі, але і класічная музыка ў рок-апрацоўцы. Вы пачуеце хіты такіх музыкаў, як Frank Sinatra, ABBA, Michael Jackson, Лерой Андэрсан. А таксама ўзгадаеце папулярныя саундтрэкі з фільмаў:

  • «Іронія лёсу»
  • «Адзін дома»
  • «Халоднае сэрца»
  • «Шчаўкунчык»
  • «Прыгажуня і Пачвара»
  • «Harry Potter»

Галоўны дырыжор — Вячаслаў Прылепін

Фрагменты кіно і музычных кліпаў будуць транслявацца на вялікім экране!

Напярэдадні любімага свята: Навагоднік у Брэсцкай філармоніі

Дзе: Брэст, Брэсцкая абласная філармонія (вул. Арджанікідзэ, 14)

Калі: 27 снежня

Колькі: 70 рублёў 

Напярэдадні свята артысты філармоніі падораць «хвойны» настрой, новыя надзеі і чараўніцтва!

Адкрыйце сваё сэрца насустрач радасным падзеям, а ў гэтым вам дапамогуць:

  • запальны вядучы
  • ансамбль Music Time
  • група «K. A. V. A.»
  • дуэт Ігар Пашэчка і Мікалай Сурмач

Маляўнічыя нумары, любімыя песні, падарункі і сюрпрызы чакаюць вас!

Музычнае папуры з навагодніх і калядных трэкаў задасць патрэбны настрой, а акрамя іх у рэпертуары гуртоў папулярныя хіты з арыгінальнымі аранжыроўкамі.

Вам застанецца толькі загадаць Навагодняе жаданне і павіншаваць адно аднаго з надыходзячым Новым годам!

Казка на лёдзе «Дванаццаць месяцаў»

Дзе: Магілёў, Лядовы палац

Калі: 25 снежня

Колькі: ад 15 рублёў

Ірына Слуцкая і яе праект «Лёд гэта...» прадстаўляюць казку на лёдзе для дзяцей і бацькоў «Дванаццаць месяцаў».

Глядач убачыць прыгажосць і грацыю фігурнага катання, відовішчную і музычную пастаноўку, унікальны відэа кантэнт, дзіўную атмасферу і чароўны свет цудаў…

«Прыйшоў мужчына да жанчыны»

Дзе: Магілёў, Магілёўскі драмтэатр (малая сцэна)

Калі: 27 снежня

Колькі: ад 11 рублёў

 Гісторыя прыхільнасці ў адной дзеі.

Сюжэт вельмі просты, і ён увесь у назве: прыйшоў мужчына знаёміцца з жанчынай... досыць хутка паміж імі здараецца ўсё, ці амаль усё, што наогул можа здарыцца паміж мужчынам і жанчынай. Але далей...

Ён, дасягнуўшы фізічнай блізкасці, жадае адкрыць ёй цалкам душу і адкрывае. Але яна, падарыўшы сябе, не можа зразумець, чаго яму яшчэ трэба? Пра што п’еса? Пра адзіноту...

  • Аўтар – Сямён Злотнікаў
  • Рэжысёр — Віктар Куржалаў
  • Кампазітар — Аляксандр Баль
  • Акцёры — Марыя Рудакова, Дзмітрый Дудкевіч

Прэв’ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.