Вы тут

У НАН Беларусі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу, прысвечанага Году міру і стваральнай працы


Удзел у ім прынялі больш за тысячу чалавек з усіх куткоў нашай краіны. Канкурсанты прадставілі на суд журы сур’ёзныя даследчыя праекты, праграмныя прадукты, макеты, вершы, апавяданні, казкі, нарысы, эсэ, аўтарскія кнігі, брашуры, настольныя гульні, відэапрэзентацыі і аўдыёзапісы. 


Конкурс праводзіўся па сямі намінацыях: «Фізіка, матэматыка і інфарматыка — аснова развіцця тэхнікі і тэхналогій», «Фізіка-тэхнічныя інавацыі — на карысць мірнай стваральнай працы», «Хімія і прыродакарыстанне — для ўстойлівага развіцця дзяржавы», «Біялагічная разнастайнасць і ўстойлівасць экасістэм», «Медыцынская навука — чалавеку», «Гуманітарныя навукі — Году міру і стваральнай працы», «Навуковы патэнцыял аграрнай навукі — аснова стваральнай працы на зямлі». 

У кожнай з намінацый конкурс праводзіўся па трох катэгорыях. Сярод вучоных акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, настаўнікаў, творчых людзей ва ўзросце за 35 гадоў, сярод магістрантаў, аспірантаў, маладых вучоных, а таксама сярод школьнікаў і студэнтаў. Пераможцамі сталі 218 работ. 

— Нас радуе, што аб’яўлены конкурс выклікаў шырокі грамадскі інтарэс, — падкрэсліў у сваім уступным слове старшыня прэзідыуму НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Да яго далучыліся людзі самага рознага ўзросту, узроўню адукацыі і жыццёвага вопыту, прадстаўнікі розных сфер занятасці — ад Мінска і абласных цэнтраў (Брэст, Гомель, Віцебск, Гродна, Магілёў) да аграгарадкоў і вёсак. Характэрна, што большая частка канкурсантаў — гэта моладзь: аспіранты, магістранты, студэнты і школьнікі.

Прадстаўленыя матэрыялы прайшлі прафесійны конкурсны адбор, у выніку якога былі вызначаны найлепшыя, якія сталі лаўрэатамі і фіналістамі ў сямі намінацыях.

Напрыклад, вялікую цікавасць выклікалі работы фізікаў і матэматыкаў, дзе быў прадстаўлены цэлы спектр навуковых рашэнняў — ад распрацоўкі партатыўнага прыбора для кантролю ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры да прымянення чысла «е» у фінансавых разліках.

Арыгінальным падыходам вызначаюцца работы, якія паступілі на конкурс у намінацыі «Фізіка-тэхнічныя інавацыі — на карысць мірнай стваральнай працы». Так, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Мікіта Калістратаў прапанаваў камплектную ўстаноўку па ачыстцы і абеззаражванні паветра на прадпрыемствах, якая дае магчымасць ачысціць паветра ад шкодных рэчываў на 30 працэнтаў.

Сур’ёзная ўвага хімікаў, біёлагаў і медыкаў была звернута на стварэнне складаных арганічных і неарганічных злучэнняў, ацэнку якасці водных рэсурсаў нашай краіны, на захаванне біялагічнай разнастайнасці экасістэм, а таксама на паляпшэнне здароўя чалавека.

Цікавыя, яркія і арыгінальныя творы прадстаўлены на конкурс у намінацыі «Гуманітарныя навукі». Вельмі многія работы тут не пакінулі абыякавымі ўсіх членаў журы.

Разважаючы пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вучань 11 класа ліцэя Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Цімур Сазонаў напісаў кранальны ліст свайму прадзеду: «Дзякуй за тое, што, губляючы родных, сяброў, каханых, вы працягвалі ісці да Вялікай Перамогі! Дзякуй за тое, што падарылі нам жыццё! Для нас заўсёды будзе святым імя кожнага салдата, чыя кроў пралітая за вызваленне Радзімы. Нізкі вам паклон!

І няхай успаміны аб суровых баях з фашыстамі стануць для мяне і маіх аднагодкаў суровай перасцярогай ад бяздзейнасці і абыякавасці. Сёння мы заклікаем: «Людзі, будзьце пільныя! Беражыце мір!»

Уладзімір Гусакоў з задавальненнем адзначыў, што абсалютная большасць работ прасякнутая ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, аптымізмам і любоўю да роднай Айчыны. Так вучаніца 11 класа слуцкай гімназіі № 1 Анастасія Купчэня напісала ў сваёй конкурснай рабоце: «Няважна, што ствараць — праектаваць ці будаваць дамы, вырошчваць сады ці лясы, пісаць карціны, музыку ці кнігі, вучыць ці выхоўваць дзяцей. Галоўнае — з любоўю ствараць тое, што атрымліваецца лепш за ўсё і прыносіць карысць людзям. Хутка надыдзе чарга нашчадкаў, надыдзе і мая чарга працаваць і ствараць на карысць маёй Радзімы. Я спадзяюся, што стану годным паслядоўнікам».

«Традыцыйна лічыцца, што вучоныя—аграрыі працуюць у лабараторыях або праводзяць палявыя даследаванні. Аднак наш конкурс дазволіў выявіць нямала творча-духоўных талентаў сярод прадстаўнікоў аграрнай сферы. Як, напрыклад, Ніна Уладзіміраўна Глёкава, якая з вялікім трапятаннем у вершаванай форме апявае сваю прафесію глебазнаўцы, — дадаў Уладзімір Гусакоў. — Гэта ўсяго толькі некалькі фрагментаў з вялікай колькасці твораў канкурсантаў, якія пераканаўча сведчаць аб тым, што беларусы маюць багаты інтэлектуальны патэнцыял. Упэўнены, што з такімі таленавітымі, творчымі і неабыякавымі грамадзянамі ў беларускай навукі ёсць будучыня, а ў нашага народа — надзейныя перспектывы і росквіт!» 

Па словах старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслава Юрэцкага, адной з задач конкурсу было выявіць таленавітую навучэнскую моладзь. «Мы знайшлі гэтых маладых людзей, пазнаёміліся з імі і будзем далей прыцягваць іх да сваіх мерапрыемстваў: я маю на ўвазе у першую чаргу Фестываль навукі, які традыцыйна праходзіць у пачатку верасня, і навукова-практычную канферэнцыю „Першы крок у навуку“. Для нас галоўнае — каб яны захавалі свой інтарэс да навукова-даследчай дзейнасці і ў далейшым прыйшлі да нас у Акадэмію навук у якасці магістрантаў, аспірантаў, малодшых навуковых работнікаў». 

Зусім хутка стартуе Год якасці. І ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе абвешчаны чарговы рэспубліканскі конкурс для таленавітых людзей. Таму сачыце за анонсамі…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.