Вы тут

Якая песня без баяна… а шуба — без селядца?


Якая песня без баяна…

а шуба — без селядца?

Фота: pixabay.com

Гэтую гісторыю мне расказаў знаёмец, які да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыў на Магілёўшчыне. Бажыўся, што праўда, што так і было: у іхнім гэпэ, маўляў, кожны пацвердзіць!.. Далей — з яго слоў:

На пачатку снежня Міхась Пятровіч (назавём яго так) спраўляў юбілей і чакаў гасцей: дваццаць чалавек прыйсці збіралася... Каб прыняць ды як след пачаставаць, сужэнцы загадзя купілі ўсё; хіба па селядцы жонка адправіла напярэдадні.

— Ідзі, — сказала Міхасю, — і без іх не вяртайся! Бо якое ж свята без шубы?

— Ды куплю, чаго там, — адмахнуўся муж. — Гэта ж не мандарыны пад ёлку. Зайшоў у свае «Прадукты»...

У іх, найбліжэйшых, і кілька была, і марожаны хек з «кампаніяй», і вэнджаная скумбрыя — селядцоў — ніякіх.

Такой бяды, падумаў Міхась — крутнуся ў краму на Савецкай.

Але і там яго чакала расчараванне: селядцы разабралі.

Пасля гэтага ён яшчэ тры крамы аббег і... з пустымі рукамі выйшаў. У роспачы на чацвёртым ганку стаяў, гадаючы, куды ж падацца, як раптам бачыць — міма яго мужчына ідзе, у празрыстым пакеце селядцы нясе: аж тры штукі, ды вялікія, тлустыя.

— Прабач, даражэнькі! Скажы, дзе купіў? — папытаўся Пятровіч.

— Ды вось тут, недалёчка — у аптэцы.

— А з чаго б там селядцы сталі прадаваць? — здзівіўся Міхась.

— Ды я і сам падумаў... Па таблеткі зайшоў. Аж чую — кажуць, што рыбін тлушч завезлі, і памыліўся там нехта: у трох бочачках — селядцы аказаліся. Дык не адпраўляць жа назад? Прадаюць…

Хвілін праз колькі Міхась ужо быў у аптэцы.

— Мне селядцоў, — сказаў маладзіцы ў белым халаціку.

— Чаго?! — перапытала тая, здзівіўшыся.

— Ды селядцоў. Тры кілаграмы, — удакладніў Міхась.

— А вы, прабачце, дзверы не зблыталі? Тут аптэка.

— Дык кажуць жа, што вам прывезлі…

— А вы болей слухайце! — параіла дзяўчына адступіўшы ад акенца: усё, маўляў, размова скончана.

Што было рабіць? Міхась падаўся на вуліцу і зноўку стаў разважаць: ну быць жа таго не можа, каб з трох бочачак ды ўсё разабралі! Добры прадукт — няйначай для сябе прыхавалі, для сваіх... Але ж і я не адступлюся!

З рашучым выглядам Міхась вярнуўся ў аптэку.

— Мне б хоць парачку, — дабром папрасіў у дзяўчыны. — Два сяледчыкі. Жонка сказала, што без іх дадому не пусціць.

— Вы што — хворы? на галаву? — не вытрывала аптэкарка (на голас з правізарскай выйшлі яшчэ дзве жанчыны). Няма ў нас селядцоў…

— Значыць, былі такі! — узарваўся гневам Міхась. — Дайце мне кнігу скаргаў!

Дзяўчына, цяжка ўздыхнуўшы, дастала аднекуль акуратны прашнураваны сшытак, падала. Папрасіла яшчэ:

— Толькі разборліва пішыце. І поўнасцю — прозвішча, імя, імя па бацьку, хатні адрас, нумар тэлефона…

— Гэта навошта? — насцярожыўся Міхась.

— А каб усе тут ведалі, дзе дурняў шукаць.

Міхась разгублена залыпаў вачыма, потым шпурнуў на прылавак кнігу і рушыў з аптэкі на вуліцу.

...Толькі потым ён, бедны, даведаўся, што таму шчасліўчыку селядцы прывезла сваячка з Мінска.

А пра рыбін тлушч ён так проста ляпнуў: не думаў, што жарт нехта прыме ўсур’ёз.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


У трох соснах, 

альбо Жанчына... Мужчына... Блуканне…

Цягнуўся вечар

снежаньскі паволі,

Ля цёплай печкі

кот гуляў з клубком.

Сяброўкі

аб сваёй няпростай долі

Вялі дэбаты

ў кухні 

за чайком.

— Не перадаць,

які мой лёс паганы,

Як шкода мне 

жанчынак тых,

Чый гаспадар

штодня прыходзіць п’яны,

Як мой...

Бо мой якраз з такіх!

Па вёсцы ўчора

цэлы дзень бадзяўся,

«Шарманку»

разам з Баскавым спяваў,

Дадому

на рагах прыцеляпаўся,

Замест дзяцей

сабаку цалаваў.

Вось так жыву, —

слязу пусціла Дарка.

— Ты, дарагая,

Богу не грашы:

Твой хоць і п’е,

ды пыніць гаспадарку.

А мой жа, труцень,

дзень пры дні

ляжыць!

Адзін занятак —

будзень, выхадныя:

У разетку целік —

і пад шум заснуў.

Заплыўшы тлушчам

і жывот, і шыя,

А я ж

дык, гляньце,

ногі ледзь цягну!

І не падняць яго —

ну колькі ні сварыся!

Я, мусіць, хутка

на развод падам, —

Расчырванелая, 

кіпіць Марыся.

— А я, сяброўкі,

мо і зайздрошчу вам?

Якія ёсць,

мужы пры вас заўсёды, —

З душы Таццяны

рвецца яе боль.

— Майму ж —

хоць трошкі —

нейкай дай свабоды —

Папрэцца за спадніцаю 

любой!

Такі залётнік,

бабнік, валацуга,

Не зломак, праўда,

лішняга не п’е,

Але штодня:

«Дзе быў?» —

«Зайшоў да друга»

Ці пра начальства

нешта мне вярзе...

— Ты тройчы

замужам была, Ірына!

Каб мы тут

не спрачаліся дарма,

Скажы:

які найгорш мужчына?

— Найгорш?

Калі ніякага няма.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Прасцей трэба быць, 

альбо Не спяшайся лезці «ў бутырку»

Не ведаю, як у іншых лазнях, а ў нашай — на вуліцы Савецкай — шмат аматараў не толькі адхвастаць сябе дубовым ці бярозавым венічкам, але і пасядзець затым у асобным памяшканні — аддыхацца, пагаварыць. Тэмы –  палітыка, спорт, машыны, дарогі, дактары і хваробы, жонкі ды цешчы, палюбоўнікі і палюбоўніцы…

— Браткі мае, — мовіў неяк шчуплы мужчынка, абкладаючы лысіну кляновым лісцем, — паслухайце, што нам раіў паэт Кірэенка:

Цалуйцеся, людзі, часцей,

Не адкладайце галyбіцца,

Будзьце прасцей, 

будзьце прасцей...

Пакуль любіцца.

— Дык ён жа праўду сказаў: трэба!.. Як там — гуляць-галубіцца? — зарагатаў аж сіні ад татуіровак здыхляк, што сядзеў паблізу.

— Не, ты пачакай, — перапыніў яго малады вусач. — У мяне тут пытанне: ну вось мы, мужчыны, можам кінуцца ў любошчы — нам пофіг... Лафа... А калі і жонкі за намі ўслед? Што тады?

— А нічога, — азваўся «кляновік». — Паэт жа сказаў: будзьце прасцей! Значыць, не трэба раўнаваць ды рваць сабе нервы.

— Лёгка сказаць, — хмыкнуў вусач. — Можна падумаць, што ты спрабаваў?

— А як жа! — смела кінуў бывалы. — Ну вось паслухайце: нядаўна зусім прыходжу я вечарам з работы, ціхенька адмыкаю дзверы, бачу — туфлі ў вітальні стаяць 45 памеру... Чую — музыка ў зале грае, усоўваю нос і... Што я бачу?!

— Карацей, Скліфасоўскі!

— ...Бачу нейкага бамбізу ў ручніку, якому жонка працягвае порткі.

— А ты што? — занерваваўся здыхляк з татуіроўкамі.

— Я?.. Прывітаўся…

— Дык жа цюфяк! Мяшок з саломай!

— А яны? — дапытвала публіка.

— Адказалі…

— Ды стопудовы цюфяк!.. Я б за нож — адразу!

— Сціхні, Атэла недароблены! — спыніў яго вусач. — Не гані крымінальную хвалю. Што далей было?

— А што далей? — з алімпійскім спакоем працягваў той. — Жонка спытала, як справы ў мяне, ці не галодны? Бамбіза паклаў ёй грошы на стол…

— А ты?! Спусціў на тармазах? Няўжо?! — не разумела публіка.

— Ну не ў бойку ж мне лезці, калі ў яго кулак, як мая галава!.. Да таго ж я згодзен з паэтам: «Будзьце прасцей».

— Ага... Можа, пляшку пастаўце хахалю?

— Дык я ж і паставіў, — усміхнуўся расказчык. — Бо гэта мой таварыш быў. Праходзіў каля нашага дома — нейкі дварняк прывязаўся: порткі знізу парваў. А мая ж Ніначка — швачка, якіх пашукаць! Да яе паўгорада ходзіць: маладыя, каб джынсы «парваць», а старыя — каб неяк залатаць. Вось і таварыш…

Ну што казаць: разыграў «кляновік» кампанію — насмяшыў!

А камусьці, можа, і падказаў: калі хочаш жыць на свабодзе, не трэба спяшацца — хапацца за нож ды лезці «ў бутырку».

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж.

Напрыканцы года (і не толькі гэтага) чытачы звычайна цікавяцца, ці не парвецца «звяздоўскі провад» — ці будзе выходзіць «Народ»? 

І як? Штотыдзень па пятніцах?

Сустрэчнае пытанне: а як бы спадарству хацелася?

Каб выходзіў?.. А радзей ці часцей?

Калі так — пішыце! Іншых спосабаў захаваць любімую рубрыку проста няма.

З надыходзячым!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.