Вы тут

Нацыянальная зборная па хакеі рыхтуецца да Кубка Першага канала


Хакейны сезон у самым разгары, а гэта значыць, што графік у гульцоў досыць насычаны: рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі, беларуская Экстраліга, матч зорак КХЛ і мноства іншых цікавых хакейных падзей. Адна з іх — Кубак Першага канала, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу з 14 па 17 снежня. Да ўдзелу ў турніры плённа рыхтуецца і нацыянальная зборная Беларусі. У чым маглі ўпэўніцца і журналісты падчас адкрытай трэніроўкі каманды.


У склад зборнай выкліканы хакеісты, чые імёны добра вядомыя аматарам, і перспектыўная моладзь. Склад каманды выглядае наступным чынам: Варатары: Аляксей Коласаў («Дынама Мн», КХЛ), Канстанцін Шастак («Поўначсталь», КХЛ), Павел Майсевіч (СКА, КХЛ). Абаронцы: Крысціян Хенкель («Барыс», КХЛ), Уладзіслаў Яроменка, Даніла Паліўка (абодва — «Металург Мг», КХЛ), Сяргей Сапега, Сцяпан Фалькоўскі (абодва — СКА, КХЛ), Павел Дзянісаў («Поўначсталь», КХЛ), Дзмітрый Дзярабін, Мікіта Жыхараў (абодва — «Дынама Мн», КХЛ), Яўген Лісавец («Адмірал», КХЛ), Данііл Бокун («Тарпеда», КХЛ). Нападаючыя: Уладзімір Алістраў (СКА, КХЛ), Віталь Пінчук, Мікіта Пышкайла, Раман Гарбуноў, Андрэй Стась, Вадзім Мароз, Данііл Сацішвілі, Данііл Ліпскі, Сяргей Кузняцоў, Ягор Барыкаў, Сцяпан Звягін (усе — «Дынама Мн», КХЛ), Аляксандр Скарэнаў («Поўначсталь», КХЛ), Ігар Мартынаў («Авангард», КХЛ), Іван Драздоў («Салават Юлаеў», КХЛ), Максім Сушко («Сібір», КХЛ), Васіль Філяеў («Аўтамабіліст», КХЛ).

Узначаліць каманду некалі капітан нацыянальнай зборнай, а сёння трэнер уфімскай каманды «Салават Юлаеў» Канстанцін Кальцоў. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Дзмітрый Квартальнаў у міжнароднай паўзе засяродзіцца на справах мінскага «Дынама». Канстанцін Кальцоў у размове з журналістамі прызнаўся, што запрашэнне ў зборную прыняў з радасцю, паколькі кожны турнір з нацыянальнай камандай — гэта вялікі гонар як для спартсмена, так і для трэнера. Тым больш, што для спецыяліста не ўпершыню адказваць за нацыянальную зборную. У 2021-м годзе ён замяняў Крэйга Вудкрафта, калі той захварэў і быў вымушаны прапусціць чатырох нацый у Славеніі. Дарэчы, тады беларусы сталі трыўмфаратамі турніру. «У Славеніі я атрымаў велізарнае задавальненне. Ад працы з тымі хлопцамі, якія былі ў зборнай, бо самааддача, жаданне перамагчы былі на вышэйшым узроўні. Для мяне, вядома, гэта вялікі гонар — прыязджаць у зборную. Усё роўна, у якой якасці: як гулец, як памочнік трэнера, тым больш, як галоўны трэнер. Адказнасць ёсць, але, ізноў жа, будзем імкнуцца паказваць добры, прыгожы хакей», — сказаў Канстанцін Кальцоў.

У мінулым годзе зборная Беларусі ўпершыню за 11 гадоў выйграла Кубак Першага канала. У вырашальным матчы супраць каманды Расіі беларусы вялі, мацнейшымі ны аказаліся і ў дадатковы час. Сёлета стаіць задача — абараніць тытул. «Для нашай зборнай Кубак Першага канала вельмі важны, задача на турнір — паказаць прыгожы хакей і канешне ж, хацелася б зноў перамагчы. Будзем старацца гуляць актыўна і прэсінгаваць. Хочацца ўбачыць крэатыўнасць у зоне атакі», — падкрэсліў Канстанцін Кальцоў. Самым моцным супернікам трэнер назваў зборную Расіі, але і матч супраць Казахстана, па яго словах, будзе няпростым. Гэта каманда нядрэнна выступіла на нядаўнім чэмпіянаце свету. «Аднак, з нашай моладдзю, на не варта кагосьці баяцца. Было б нядрэнна ўбачыць яшчэ некалькіх хлопцаў, але хтосьці не змог прыехаць з-за траўм. Там не менш, сабраліся наймацнейшыя хакеісты нашай краіны. Некаторых узроставых хакеістаў „Дынама“ мы вырашылі не выклікаць, бо сезон працягваецца», — адзначыў Канстанцін Кальцоў.

Пра свае чаканні ад Кубка Першага канала падчас адкрытай трэніроўкі падзяліліся і самі хакеісты. «Хочацца перамагаць. У мінулым годзе выйгралі турнір, хочацца і ў гэтым даказаць, што гэта было не выпадкова. Едзем толькі перамагаць. Там нічога страшнага няма, можна ўсіх спакойна абыгрываць. Так, сапернікі сур’ёзныя, але ўсё роўна, які апанент. Калі мы гуляем зладжана, выконваем трэнерскае заданне — усё магчыма. Акцэнт робіцца на тое, каб атрымліваць прыемнасць ад працэсу, ад трэніровак і гульняў. Каб пабольш усмешак, ніякага негатыву», — адзначыў Уладзіслаў Яроменка.

Крысціян Хенкель заўважыў, што ў складзе зборнай Расіі ўсе гульцы выступаюць у КХЛ. Але і беларуская каманда доычыць моцная. Таму ў Санкт-Пецярбургу павінна быць цікава і спартсменам, і аматарам.

«На трэніроўках спрабуем новую сістэму гульні, паглядзім, як гэта будзе выглядаць у матчах. Трэнеры прапануюць больш атакуючы стыль, з падключэннем абаронцаў наперад, гэта значыць усе пяць чалавек нацэлены на вароты. Абараніць тытул заўсёды цяжэй, чым яго заваяваць, але мы будзем старацца. Упэўнены, каманда Расіі настроена на рэванш вельмі сур’ёзна, паражэнне ад нас у мінулым годзе толькі дадало ім матывацыі», — падкрэсліў Віталь Пінчук.

Першым супернікам зборнай Беларусі на Кубку Першага канала стане зборная Казахстана, сустрэча пройдзе 14 снежня. У суботу беларускія хакеісты будуць гуляць супраць хакеістаў каманды «Расія-25». А ў нядзелю правядуць паядынак з камандай «Зоркі і ВХЛ».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.