Вы тут

Што такое дыятаміт і як яго ўжываюць у садоўніцтве


Дасведчаныя агароднікі ведаюць, што аснова здаровых і моцных раслін — добрая глеба. Каб скласці ідэальную глебасумесь, садоўнікі выкарыстоўваюць розныя складнікі. Дыятаміт у садоўніцтве адносна новы прадукт — экалагічны, даступны і карысны.


Дыятаміт (дыятамітавая зямля, горная мука, кізельгур) — гэта асадачная горная парода, якая складаецца з закамянелых астанкаў дыятомавага багавіння. Здабываюць яго як карысны выкапень.

Састаў дыятаміту вар’іруецца ў залежнасці ад месца яго ўтварэння, аднак звычайна ён змяшчае 75–85% крэменязёму (дыяксіду крэмнію).

Дыятаміт хімічна практычна інертны. Не раствараецца ў вадзе і арганічных растваральніках. Яго адрозніваюць гіграскапічнасць (лёгка ўбірае вільгаць у 20-40 разоў больш сваёй вагі), здольнасць адсарбоўваць і ўтрымліваць пахі, нізкая цеплаправоднасць, абразіўныя ўласцівасці.

Шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што ўжыванне дыятаміту дабратворна адбіваецца на глебе — яна становіцца порыстай і водапранікальнай. Часцінкі кізельгуру ўбіраюць ваду і раствораныя ў ёй рэчывы, а пасля паступова аддаюць раслінам. Гэта дазваляе паліваць радзей, пры гэтым лягчэй пазбегнуць рэзкіх перападаў вільготнасці. Валодаючы цеплаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, дыятаміт абараняе каранёвую сістэму раслін ад рэзкіх перападаў тэмпературы.

Дыятаміт можна разглядаць у якасці бездакорнай крыніцы крэмнію. Расліны, якія атрымлівалі крэмній у неабходных колькасцях, станавіліся больш стрэсаўстойлівымі. Яны актыўна супраціўляліся хваробам, нападам шкоднікаў, неспрыяльным кліматычным умовам і нават прысутнасці цяжкіх металаў у паветры і глебе.

Па меркаванні некаторых навукоўцаў, дыятамітам можна часткова ці цалкам замяніць пестыцыды, бо ён натуральным чынам будзе стымуляваць прыродныя ахоўныя рэакцыі раслін на любы стрэс.

Для вырошчвання расады

Дыятаміт выкарыстоўваюць для паляпшэння ўласцівасцяў глебы, а таксама з мэтай прадухіліць з’яўленне цвілі ў міні-парнічках або на паверхні глебы ў чыгунах. Глеба, узбагачаная дыятамітам, перашкаджае развіццю патагенаў грыбной прыроды, напрыклад тых, што выклікаюць чорную ножку. Пры падрыхтоўцы глебасумесі для расады на 4-5 частак грунту бяруць 1 частку дыятаміту.

У пакаёвым кветкаводстве

Дыятаміт ужываюць у якасці глебапаляпшальніка і для вырошчвання пакаёвых раслін. Пры складанні глебасумесяў дадаюць 15-20% гэтага матэрыялу.

Для паляпшэння глебы на градках

Вядома, што форма і ўласцівасці дыятаміту захоўваюцца нават праз мноства цыклаў замарожвання-размарожвання. Таму яго можна выкарыстоўваць у адкрытым грунце, разлічваючы на шматгадовую эфектыўнасць. Дапускаецца ўносіць яго ў глебу на працягу ўсяго перыяду вегетацыі, для гэтага бяруць сярэднюю і буйную фракцыі.

Увесну, да пасадкі раслін, ці пасля ўборкі ўраджаю падчас восеньскай апрацоўкі глебы дыятаміт раўнамерна рассыпаюць па паверхні глебы з разліку 150–250 г/м2 і перакопваюць на штык рыдлёўкі. Падчас вегетацыі раслін яго раўнамерна рассыпаюць па паверхні глебы з разліку 150-200 г/м2 і неглыбока рыхляць.

Для барацьбы з насякомымі-шкоднікамі

Ужыванне парашку (з памерам часціц не больш за 50 мкм) дыятаміту ў якасці інсектыцыду заснавана на яго абразіўных і сарбцыйных уласцівасцях. З дапамогай парашковага дыятаміту (яго яшчэ называюць харчовым) у хаце можна змагацца з блохамі і прусамі, у садзе — з мурашкамі, каларадскімі жукамі і г. д., прычым як з дарослымі асобінамі, так і з лічынкамі. У продажы існуюць спецыялізаваныя і ўніверсальныя сродкі на базе гэтага рэчыва.

Найбольшы эфект мае апудрыванне парашковым дыятамітам надземнай часткі раслін. Такім чынам змагаюцца, напрыклад, з крыжакветнымі блошкамі і каларадскімі жукамі. Другі варыянт прымянення — апудрыванне глебы міжраддзяў: так пазбаўляюцца ад мурашак і смаўжоў. У сярэднім норма прымянення складае 150 мл на 10 м2.

У пакаёвым кветкаводстве з дапамогай дыятаміту дробнай і сярэдняй фракцый можна паспяхова змагацца са шкоднікамі, у прыватнасці, з глебавымі мошкамі і камарыкамі. Для гэтага здымаюць верхнюю частку грунту (3–5 см) і змешваюць яе з дыятамітам, не шкадуючы апошняга (дадаючы да 80–90%). Затым грунт вяртаюць у чыгун і засыпаюць паверхню чыстым дыятамітам. Эфект будзе заўважны не адразу: прысутнасць дыятаміту ў верхнім пласце глебы парушыць жыццёвы цыкл насякомых, і паступова яны сыдуць на нішто. Гэты спосаб можна лічыць экалагічнай альтэрнатывай барацьбы са шкоднікамі без ужывання хімікатаў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.